Грамадства11

«Уражваюць сваёй рэалістычнасцю». Жанчына з-пад Баранавіч стварае дзівосныя інтэр'ерныя лялькі

47-гадовая Марына Лебедзева з вёскі Янава 21 год прапрацавала слесаркай на заводзе. Але звольнілася, каб рабіць лялек. Ці варта было яно таго, майстрыха расказала Bar24.

Патрапіўшы ў кватэру да Марыны, адразу разумееш, што чалавек з творчасцю на «ты». У доме поўна самых розных цацак і лялек. І дзіўных прыстасаванняў для іх вырабу.

«З творчасцю я знаёмая з самага дзяцінства. Пастаянна нешта малявала, хадзіла на гурток макрамэ. Думаю, «вінаватая» ў маёй любові да творчасці — бабуля. Яна захаплялася шыццём і вышыўкай. А я любіла назіраць, як яна рукадзельнічае», — расказвае Марына.

«Уражвалі сваёй рэалістычнасцю»

Калі зрабіла свой першы выраб, жанчына цяпер ужо і не ўспомніць. Але кажа, што цацкі любіць, як дзіця. І доўгі час вязала іх у вольны ад асноўнай працы час.

Усё змянілася ў 2011 годзе, калі жанчына чарговы раз у пошуках натхнення штудзіравала інтэрнэт.

«Праглядаючы сотні малюнкаў у сацсетках, я наткнулася на фота лялек-немаўлят, якія літаральна дзівілі сваёй рэалістычнасцю!» — успамінае Марына.

Лялькі выглядалі, нібы жывыя. Іх было складана адрозніць ад сапраўднага дзіцяці. Жанчына ніколі не бачыла нічога падобнага. Была ўражаная і заінтрыгаваная. Яна стала шукаць інфармацыю пра «жывых» лялек. І захацела сама вырабіць нешта падобнае. Хоць на той момант зрабіць настолькі рэалістычную ляльку ёй здавалася чымсьці нерэальным.

«Даводзілася некалькі разоў перарабляць»

Жанчына стала вывучаць прынцыпы стварэння такіх лялек. Замовіла праз інтэрнэт гатовыя формы для стварэння рук, ног і галоў.

«Вядома, атрымалася не адразу. Многія лялькі выходзілі «каравенькімі», даводзілася некалькі разоў усё перарабляць. Але мяне гэта не спыняла. Я выразна разумела, якім павінен быць вынік. І працягвала працу», — успамінае жанчына.

Без перадаплаты

Калі лялькі пачалі атрымлівацца такімі, якімі іх бачыла майстрыха, яна вырашыла выйсці за рамкі тэматыкі з немаўлятамі. Ёй захацелася ствараць больш зграбныя і ўніверсальныя вырабы. Прыдатныя не толькі для дзяцей, але і для ўпрыгожвання інтэр'еру.

Акрамя таго, яна вырашыла адмовіцца ад пакупных гатовых формаў. І ляпіць фігуркі самастойна. Каб зрабіць іх максімальна аўтэнтычнымі. І вось ужо цягам пяці гадоў Марына стварае сваіх рэалістычных лялек.

«Пакуль усіх сваіх лялек я раблю дома. Але ў планах зрабіць паўнавартасную майстэрню. Работы ўжо пачаліся», — адзначае жанчына.

Кожнай ляльцы дае імя

У сярэднім на стварэнне адной лялькі ў Марыны ідзе каля двух-трох тыдняў. Спачатку з палімернай гліны майстрыха стварае цела і галаву лялькі, старанна прапрацоўваючы рысы асобы. Гэты этап яна называе самым складаным, бо ён патрабуе цярпення і ўседлівасці. Затым лялька ўручную распісваецца фарбамі.

Далей Марына шые мініятурны ўбор, робіць абутак і галаўны ўбор. А калі лялька цалкам гатовая, дае ёй імя.

За пяць гадоў майстрыха зрабіла больш за 20 вырабаў. Самай складанай працай стаў вобраз хлопчыка-блазна, які сядзіць на троне. Гэтую ляльку Марына рабіла каля месяца.

Цэны на вырабы ручной працы ў Беларусі могуць многіх адпудзіць

Пра тое, што калісьці наважылася пакінуць стабільную працу на заводзе дзеля творчасці, Марына ніколькі не шкадуе. Наадварот, адзначае, што цяпер яна не проста займаецца любімай справай, але і паўнавартасна на ёй зарабляе.

Выраб падобных лялек — цяжкая праца, і ацэньваецца яна адпаведна. Продаж некалькіх лялек цалкам можа параўнацца з сярэднім заробкам у Баранавічах.

Свае вырабы Марына рэалізуе як у Беларусі, так і за мяжой. Пры гэтым падкрэслівае, што прадае іх значна танней, чым замежныя майстры. Таму што больш высокія цэннікі на іх могуць адпудзіць пакупнікоў у нашай краіне.

«Думаю, гэта звязана з тым, што за мяжой лепш ведаюць цану творчасці. Вырабы ручной працы там купляюць больш ахвотна. Ды і майстроў там нашмат больш, ёсць з чаго выбраць», — разважае Марына.

У жанчыны мноства планаў. Напрыклад, у найбліжэйшы час яна хоча стварыць серыю лялек у выглядзе персанажаў казкі «Чыпаліна».

«Я радая, што мае вырабы знаходзяць свайго пакупніка. Удвая прыемна, калі людзі пакідаюць хвалебныя водгукі і адзначаюць, наколькі дзіўна дэталёва вырабленыя мае лялькі. Значыць, усё было не дарма!» — лічыць Марына.

Чытайце таксама:

Жанчына з Баранавічаў кінула працу ў школе і стала зарабляць на тыльдах

«Па начах кошкі не спяць». Маладзечанка стварае ўнікальныя лялькі, якія купляюць у Амерыцы і Кувейце

«Мае монстрыкі». Жанчына з Браслава збірае незвычайных лялек

Каментары1

  • Жвір
    28.01.2024
    Усе лялькі з выразамі суму, разгубленасьці і плаксівыя. Мастак падае свой уласны унутраны стан, як прынята лічыць ? Адпаведна клясыкі жанру ? Ці гэта цяперашняя дзіцячая рэальнасьць такая ў Беларусі ? Я дык каго й бачыў у Беларусі ўсьмешлівымі ды вясёлымі, дык гэта дзяцей, а гэтыя лялькі, падобна, проста хворыя...

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай8

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Усе навіны →
Усе навіны

Ці можна выстаўляць у сацсеткі фота і відэа ранішнікаў сваіх дзяцей, калі не спытаеш дазволу ў іншых бацькоў?6

Жываглод расказала, колькі падпісчыкаў засталося ў чат-бота «Сумленныя людзі»5

Як украінскія інжынеры ператварылі лёгкі самалёт ва ўдарны беспілотнік, што можа далятаць да Масквы2

У выбарчай праграме Канапацкая патрабуе вызваліць палітвязняў18

Мужчына стаў своеасабліва прыбіраць кватэру — яго забралі ў міліцыю ВІДЭА

У Гомелі 20-гадовая дзяўчына на «ягуары» цудам выжыла ў аварыі2

«Пуцін свядома абраў Каляды для нападу». Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па энергетыцы Украіны4

Беларусаў, якія раней заплацілі за данаты, пачалі выклікаць у пракуратуру13

Стаў вядомы прысуд Паўлу Іванову з Віцебска, якога судзілі за «абразу Лукашэнкі»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай8

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Галоўнае
Усе навіны →