Фабрыка зорак. Названы футбольны клуб з самай прыбытковай акадэміяй у свеце
Міжнародны цэнтр спартыўных даследаванняў у футболе (CIES Football Observatory) склаў рэйтынг са ста самых прыбытковых клубных футбольных акадэмій свету з пункта гледжання даходаў, атрыманых за апошнія дзесяць гадоў за кошт трансфераў гульцоў.
Самай прыбытковай названая акадэмія (тая, дзе атрымліваюць азы футбола будучыя зоркі) партугальскай «Бенфікі», якая за справаздачны перыяд прадала 30 футбалістаў сумарным коштам €516 млн.
Другой у рэйтынгу стала акадэмія амстэрдамскага «Аякса», якая выпусціла 36 футбалістаў на суму €376 млн. Трэцяя пазіцыя засталася за французскім «Ліёнам», які прадаў 32 выпускнікоў на суму €370 млн.
Чацвёртае месца ў мадрыдскага «Рэала», які прадаў 28 гульцоў на €364 млн. Пятае месца трымае «Чэлсі», які прадаў 28 гульцоў на €347 млн.
У дзясятку таксама ўваходзяць «Манака», «Спортынг», «Тотэнхем», «Манчэстэр Сіці», «Аталанта».
Варта таксама адзначыць краіны па-за Еўропай. 13-е месца ў бразільскага «Фламенга», а 14-е ў аргенцінскага «Рывер Плэйта».
«Барселона» на 22-е месцы, «Арсенал» на 23-м, данецкі «Шахцёр» — 43-і, кіеўскае «Дынама» — 70-е, познаньскі «Лех» — 83-і.
Беларускіх клубаў у рэйтынгу няма.
Каментары