Падкрэсліваючы супярэчнасці, што растуць у грамадстве, «Шапаголікі» расказваюць пра двух заўзятых транжыраў, Альберта і Бруна, якія па вушы ў даўгах. Каб вярнуць жыццё ў нармальнае рэчышча, героі далучаюцца да групы маладых экаактывістаў — але, вядома, не праз тое, што падзяляюць экакаштоўнасці, а таму, што хочуць атрымаць з гэтага карысць.
Арыгінальная назва фільма перакладаецца як «Цяжкі год» і менавіта яна ёсць стопрацэнтным трапляннем у ідэі фільма. Тут і жарт пра французскіх палітыкаў, для якіх кожны год, пачынаючы з 1970-га, быў цяжкім: фільм адкрываецца мантажом прамоў розных прэзідэнтаў рэспублікі ў канцы года, і кожны палітык ужывае гэтыя словы. «Цяжкі год» — гэта і адсылка да галоўных герояў, у якіх увесь час — адзінае апраўданне: «Трапіў у такую нявыкрутку, бо год быў цяжкі».
Пачатковая сітуацыя ідэальная для камедыі — двое мужчын становяцца сябрамі, бо ў іх ёсць нешта агульнае, а менавіта — процьма даўгоў. Адзін — Альберт — працуе ў аэрапорце, дзе і начуе, таму што ў яго больш няма кватэры. Маленькі заробак, які атрымлівае ад апрацоўкі багажу, ён дапаўняе незаконнымі здзелкамі па продажы канфіскаванага тавару. Другі — Бруна — раптам аказваецца адзін: жонка сышла ад яго і забрала з сабой сына. Усё з-за даўгоў. Калі Альберт яшчэ мае трохі імпэту, каб змагацца з абставінамі, то Бруна ўжо здаўся настолькі, што гатовы скончыць жыццё самагубствам.
Разам мужчыны трапляюць на кансультацыю па даўгах і ў сацыяльнае кафэ, дзе сустракаюцца з групай экаактывістаў, да якіх далучаюцца. Не таму, што апантаныя іх ідэямі, а таму, што спадзяюцца атрымаць нешта бясплатна, нават калі гэта будзе ўсяго толькі куфаль піва. Але хутка ў герояў з’явяцца і больш маштабныя задумы, як можна выкарыстоўваць наіўных абаронцаў навакольнага асяроддзя ў сваіх мэтах. Той факт, што Альберт закахаецца ў галоўную актывістку руху Валянціну, стане прыемным пабочным эфектам.
Рэжысёры фільма Аліўе Накаш і Эрыка Таледана разам здымаюць фільмы яшчэ з сярэдзіны 1990-х. У «Шапаголіках» яны вырашылі звярнуцца да актуальных тэм свайго часу: надзвычайнай кліматычнай сітуацыі, росту спажывецтва і адначасова — галечы ды, вядома, «цяжкага года».
Як адзначыў Эрыка Таледана ў дачыненні да выбару персанажаў, ягоныя героі — цалкам самотныя ў грамадстве,
бо «любая пазыка мае ў сабе нейкую трагедыю і спараджае гвалт, маўчанне, сорам і адзіноту».
Гэта прычына, чаму героям няма чаго губляць і яны гатовыя на розныя эксперыменты. Але па вялікім рахунку яны — цынікі, якія імкнуцца зарабіць грошы, і камедыя сілкуецца гэтымі сітуацыямі. Са слоў рэжысёраў, у якасці эстэтычных узораў яны кіраваліся такімі італьянскімі камедыямі 70-х, як I soliti ignoti і I mostri — менавіта гэтыя стужкі іх надзвычай натхнілі.
Галоўных герояў Альберта і Бруна грае акцёрскі дуэт Піё Мармай і Джонатан Коэн — два ветэраны сучаснай французскай камедыі (Мармай — гэта яшчэ і Партос у нядаўна знятых «Трох мушкецёрах»). Паміж гэтымі персанажамі ёсць даволі трывалае паразуменне, да якога далучаецца менш адкрыта камічная, але ўсё ж пераканаўчая ігра актрысы Ноэмі Мерлан.
Галоўная праблема «Шапаголікаў» — у няўпэўненым балансаванні рэжысёраў паміж іранічнай лёгкасцю герояў і сур'ёзнасцю праблем — кіно як быццам само не ведае, у якім кірунку хоча ісці. Актывісты ў цэлым паказаныя наіўнымі і шаблоннымі, а галоўным персанажам не хапае адчайнасці, рэзкасці і з'едлівасці, каб яны сталі больш моцнымі і кранальнымі ды прэтэндавалі на тое, каб раўняцца з героямі італьянскіх камедый 1970-х.
У астатнім стужка мае ўсе рысы прыемнай камедыі — досціп, нязмушанасць і адсутнасць якой бы там ні было вульгарнасці. А вось ці захочацца гледачу пасля прагляду паразважаць на складаныя тэмы кшталту празмернага спажывецтва і глабальнага пацяплення — гэта адкрытае пытанне.
Каментары