Эканоміка11

У Беларусі знікае малдаўскае віно. Імаверна, праз палітыку

У рэдакцыю «Еўрарадыё» са скаргамі, што ў мінскіх супермаркетах напярэдадні навагодніх святаў прыкметна знізіўся выбар малдаўскага віна, звярнуліся чытачы. У даволі буйных гандлёвых сетках на выбар усяго 2-3 пазіцыі. А ў вядомай сетцы, што займаецца продажам алкаголю, віна з Малдовы наогул няма.

Фота: Andrei Pungovschi / Bloomberg via Getty Images

Паводле звестак Нацыянальнага бюро статыстыкі Малдовы, у 2022 годзе Беларусь была галоўным імпарцёрам іх віна. У нашу краіну адправілі 3,2 мільёна дэкалітраў высакароднага напою. А цяпер, здаецца, распрадаюць рэшткі.

Журналісты паспрабавалі высветліць, куды падзелася любімае многімі беларусамі віно, і ў чым прычына яго магчымага знікнення.

Пасля таго як Малдова ўзяла курс на еўраінтэграцыю, адносіны Мінска і Кішынёва прыкметна пагоршыліся. І гэта нядзіўна: прэзідэнтка Малдовы Мая Санду запрашае да сябе Святлану Ціханоўскую, з беларускай апазіцыяй падпісваюцца дакументы пра супрацоўніцтва, малдаўскія дэпутаты выказваюцца ў падтрымку палітвязняў, а краіна да канца гэтага года плануе выйсці з СНД.

Акрамя таго, Санду — адзіная з кіраўнікоў дзяржаў СНД, каго Лукашэнка не павіншаваў з Новым годам.

Відавочны канфлікт інтарэсаў, і, вядома, гэта наводзіць на думку, што рэжым помсціць дэмакратычнай Малдове, націснуўшы на асноўны прадукт імпарту — віно.

У адной з буйных гандлёвых сетак, дзе, паводле нашай чытачкі, выбар малдаўскага напою істотна скараціўся, журналісту «Еўрарадыё» паведамілі, што віно знікла з прычыны навагодніх святаў.

— Я думаю, што праз некалькі дзён віно мусіць з'явіцца зноў. А калі знікла нейкая ваша любімая марка, то вы можаце звярнуцца ў інфацэнтр, які ёсць у кожнай нашай краме. Мы звяжамся з пастаўшчыком, і, магчыма, віно зноў з'явіцца на паліцах, — расказалі на гарачай лініі гандлёвай сеткі Green.

У гандлёвай сетцы «Карона» паведамілі, што некаторыя віды віна перасталі прадавацца яшчэ з ліпеня 2023 года.

— Калі няма ў нашай краме — значыць, віна няма ў пастаўшчыка. А пастаўшчыкі даюць толькі тыя, што ёсць у іх на складзе. Магчыма, сёлета нешта зменіцца, пакуль інфармацыі канкрэтнай няма. Паспрабуйце патэлефанаваць у іншую нашу краму, можа, дзесьці ў рэштках яно і ёсць.

Значна цікавейшая сітуацыя з крамамі ўнітарнага прадпрыемства «Белмытнясэрвіс». Сама кампанія пазіцыянуе сябе як найбуйнейшы імпарцёр алкагольнай прадукцыі ў Беларусь. На іх сайце гаворыцца, што яны займаюцца пастаўкамі алкаголю наўпрост ад пастаўшчыкоў, у тым ліку з Малдовы. На гарачай лініі журналісту паведамілі, што казаць пра тое, чаму выбар малдаўскага скараціўся, не могуць — прыватная інфармацыя, аднак пасля званка ў адну з крамаў сёе-тое праяснілася.

— Малдовы ў нас няма практычна год. Рэшткі нейкія прывозілі, на складзе знайшлі, але і гэтага даўно ўжо няма. Наогул, гэта вам мусілі сказаць на кароткім нумары. Разумею, што вам падабаецца малдаўскае віно, але мы з імі не супрацоўнічаем.

Можа, з лагістыкай праблемы, можа, санкцыі нейкія, у нас няма такой інфармацыі. І гэта не толькі ў нашай краме, такое адбываецца ва ўсёй сетцы. Не выключаю, што ў рэгіёнах ёсць рэшткі, дакладна вам сказаць не магу, — расказалі журналісту ў адной з крамаў.

Падобная гісторыя, здаецца, адбываецца і з сеткай алкамаркетаў «Сем пятніц». У адной з крамаў паведамілі, што апошнім часам у продаж паступаў толькі глінтвейн з Малдовы, а апошняя партыя віна была ў лістападзе.

— Паставак пакуль няма, калі будуць новыя — незразумела, — сказала супрацоўніца крамы.

На Мінскім заводзе пеністых вінаў, дзе раней разлівалі напой з Малдовы, перасталі гэта рабіць, аднак на аснове малдаўскай сыравіны вырабляюць уласнае віно.

— Мы прывозім адтуль толькі сыравіну, а тут разліваем. Канкрэтна віна не прывозім ужо досыць даўно. У асноўным гэта звязана з лагістыкай, але ёсць і іншыя нюансы.

Журналісты звязаліся з адным з найбуйнейшых вытворцаў віна ў Малдове — вінакурняй «Крыкава», вядомай сваім прадуктам яшчэ з часоў СССР.

У кампаніі расказалі, што экспарт віна ў Беларусь сапраўды істотна скараціўся. І прычына не ў санкцыях і нават не ў лагістыцы.

— У параўнанні з 2022 годам пастаўкі ў Беларусь сур'ёзна знізіліся. Усё гэта праз імпартныя квоты, якія вырашыла ўвесці беларуская дзяржава. Яны могуць як павышаць квоты, так і зніжаць, таму прадукцыя знікае з прылаўкаў.

Так, працаваць з Беларуссю мы ўсё яшчэ працягваем, але не ў такіх аб'ёмах, як раней. Квоты выстаўляюцца раз на паўгода, наступным разам гэта адбудзецца ў чэрвені, тады і паглядзім, можа, нешта і зменіцца, — патлумачыў прадстаўнік кампаніі.

А вось у беларускім прадстаўніцтве кампаніі сказалі, што выбар віна павялічыцца, трэба проста пачакаць.

Так ці інакш, скарачэнне паставак высакароднага напою з сонечнай Малдовы ёсць, што ўжо адчуў на сабе беларускі спажывец. Чаму Беларусь уводзіць квоты на іх віно, не зусім зразумела. Эканаміст Валянцін Сакалоўскі дапусціў, што гэта звязана з карупцыйнай схемай па дзяльбе гэтых самых квот.

Каментары1

  • Янка
    04.01.2024
    Бырла - наша ўсё!

«Заблакавана больш за 4000 аўтамабіляў». Што беларусы робяць з машынамі, якія захраслі ў Клайпедзе

«Заблакавана больш за 4000 аўтамабіляў». Што беларусы робяць з машынамі, якія захраслі ў Клайпедзе

Усе навіны →
Усе навіны

Германія перакідвае да граніцы з Беларуссю больш за 650 адзінак вайсковай тэхнікі7

«Ён быў як прывід». Як Ізраіль змог забіць аднаго з камандзіраў «Хезбалы»3

У Чыкага адкрываецца перадвыбарчы з'езд Дэмакратычнай партыі3

Стала вядома, колькі еўрапейцаў наведала Беларусь па пашыраным бязвізе3

Беларуску ў Польшчы не пусцілі на борт Ryanair з праязным дакументам. Але яна змагла дамагчыся кампенсацыі4

Лаўроў: Германія павінна адказаць на пытанні па «Паўночных патоках»5

Без чэргаў і абмежаванняў. Хто можа ехаць на матацыкле ў Літву6

Чэргі з легкавых аўтамабіляў на мяжы з Літвой усё ж такі захоўваюцца 

Тэмпературныя кантрасты паміж поўначчу і поўднем у Беларусі ўражваюць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Заблакавана больш за 4000 аўтамабіляў». Што беларусы робяць з машынамі, якія захраслі ў Клайпедзе

«Заблакавана больш за 4000 аўтамабіляў». Што беларусы робяць з машынамі, якія захраслі ў Клайпедзе

Галоўнае
Усе навіны →