«Заходзілі як нож у масла». Беларускія байцы былі сярод тых, хто першым зайшоў у Курскую вобласць
У эфіры «Белсата» беларускі баец расказаў, чаму расійскія салдаты масава здаюцца ў палон і пра адносіны мясцовага насельніцтва да ўкраінскіх вайскоўцаў.
Беларускі баец з пазыўным Жэрар з'яўляецца камандзірам аддзялення эвакуацыі бранятэхнікі 225 асобнага штурмавога батальёна.
У размове Жэрар адзначае, што аперацыя была добра спланаваная і прапрацаваная, што забяспечыла яе поспех. «Усё прайшло вельмі лёгка. Заходзілі як нож у масла», — кажа баец.
Чаму расійскія салдаты здаюцца ў палон
Па словах Жэрара, менавіта на гэтым напрамку кожны дзень бяруць вельмі шмат палонных. Ён адзначае, што нават у час контратакі на Херсоншчыне восенню 2022 годзе «і блізка не было столькі палонных».
Прычыну здачы расійскімі байцамі ў палон Жэрар тлумачыць тым, што «камандаванне іх проста кідала. У іх не было сувязі, пастаўкі ежы, вады. А пасля трох дзён, седзячы без вады і ежы, ты пачынаеш ужо сам па сабе паціху паміраць. Таму большасць людзей проста прымала рашэнне здацца».
Беларус расказаў, што размаўляў з расійскімі палоннымі. У сваёй большасці гэта былі салдаты тэрміновай службы. «Яны ўвогуле да вайны маюць малыя адносіны. Гэта дзеці ад 18 да 23 гадоў, якія не хацелі ваяваць і, па іх словах, не збіраліся».
Але, заўважае баец, «дзеці яны ці не, яны трымалі ў руках аўтаматы і таксама стралялі. Калі заходзілі нашыя штурмавыя падраздзяленні, у любым выпадку адбываліся баявыя сутыкненні. Адпаведна, гінулі салдаты Узброеных сіл Расіі. Іх гінула шмат, таму што яны былі ненавучаныя, непадрыхтаваныя. У іх не было ў дастатковай колькасці баявых камплектаў. Яны былі знясіленымі, бо не мелі ні вады, ні ежы».
Адносіны мірных жыхароў
Жэрар адзначае, што ў першыя дні ні ён, ні іншыя байцы яго падраздзялення практычна не бачылі мясцовага мірнага насельніцтва:
«Мы ўбачылі мясцовых жыхароў толькі на пяты-шосты дзень. І я вам скажу, такое адчуванне, што мы вызваляем украінскія сёлы. Зразумела, што хлебам і соллю не сустракаюць, але па меншай меры агрэсіі ў бок УСУ няма зусім».
Мужчына пацвярджае інфармацыю аб тым, што мясцовае насельніцтва негатыўна выказваецца наконт кіраўніцтва Расіі, і сцвярджае, што «большасць мясцовых людзей, якіх мы сустракалі, настроеныя нават на тое, каб быць украінцамі». І заўважае, што шмат людзей размаўляе на «ўкраінскай трасянцы».
Каментары
Хутчэй бы Зкраіна перамагла !
Тады і Беларусь стане свабоднай ад маскоўскага гною лукашэнак.
Ня якой трасянцы размаўляюць мясцовыя . Ўкраінскай ці расейскай ?