Меркаванні6464

Краўцоў патлумачыў, чаму дэмсілам варта памяняць Ціханоўскую

Былы каардынатар выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, а цяпер сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў у фэйсбуку патлумачыў, чаму, на яго думку, беларусы павінны адвярнуцца ад Святланы Ціханоўскай і яе стратэгіі, якую Краўцоў лічыць неэфектыўнай.

Іван Краўцоў. Фота: i.e.kravtsov / Facebook

«Што адбываецца ў так званых «дэмакратычных сілах»?» — задае пытанне Краўцоў, беручы «так званыя дэмсілы» ў двукоссі. 

«Гаворка ідзе аб двух прынцыпова розных стратэгіях: стратэгіі на эскалацыю (павышэнне ставак) і стратэгіі на дээскалацыю (зніжэнне ставак). Пра што гаворка?

Першая стратэгія — «на эскалацыю» — прадугледжвае давядзенне сітуацыі ў Беларусі да максімальнай напружанасці: эканамічнага калапсу, вайсковага ўварвання, беспарадкаў або чаго заўгодна, у выніку чаго ўлады Беларусі страцяць кантроль над сітуацыяй. Мяркуецца, што ў гэты момант адкрыецца «акно магчымасцяў» для фігур апазіцыі ў выгнанні — Святланы Ціханоўскай і АПК.

Заехаўшы ў краіну на «чорных джыпах» або «белых Абрамсах», хай нават стаўшы на чале краіны не праз дэмакратычныя выбары, яны будуць маментальна прызнаныя Заходняй супольнасцю, бо з'яўляюцца самым вядомым сімвалам «барацьбы» за дэмакратыю. Пасля гэтага мяркуецца, што яны правядуць радыкальныя рэформы і выканаюць запыты грамадства на лібералізацыю.

Другая стратэгія — «на дээскалацыю» — прадугледжвае максімальнае выцягванне Беларусі з сітуацыі напружанасці: унутранага грамадскага канфлікту, эканамічнай ізаляцыі або патэнцыйнага ўключэння ў вайсковы канфлікт, хай і шляхам саступак уладам Беларусі.

Мяркуецца, што актыўная дыпламатыя і эканамічная зацікаўленасць з боку ўладаў да ЕС і ЗША прывядуць да «частковай» адноснай лібералізацыі: магчыма, да пераадкрыцця незалежных СМІ, аднаўлення палётаў, паляпшэння магчымасцяў для працы і адукацыі, вызвалення палітвязняў.

Ці будуць праведзеныя радыкальныя рэформы і выкананыя запыты грамадства на лібералізацыю з боку Лукашэнкі? Вядома, не!» — піша Краўцоў і дадае разлікі «каштоўнасці» гэтых стратэгій.

«Уявім, што абедзве стратэгіі зыходзяць з адной агульнай мэты: прыйсці да дэмакратычнай і ліберальнай Беларусі. І ацэнім гэты вынік, напрыклад, у 100 балаў. Для даведкі дадамо яшчэ асабісты фактар — успрыманне карысці «для сябе» лідарамі эміграцыі 2020-2024.

Першая стратэгія:

— чаканы вынік — 90-100 балаў;

— асабісты вынік для лідараў «дэмсіл» — 90-100 балаў;

— верагоднасць — 10%.

Такім чынам, каштоўнасць стратэгіі — 90-100*10% = 9-10 балаў.

Другая стратэгія:

— чаканы вынік — 30-40 балаў;

— асабісты вынік для лідараў «дэмсіл» — 20-30 балаў;

— верагоднасць — 60%. 

Такім чынам, каштоўнасць стратэгіі — 30-40*60% = 18-24 балаў», — прыводзіць свае разлікі Краўцоў. 

Для рацыянальнага гульца выбар стратэгіі відавочны, але ў нас узнікае некалькі праблем, піша ён. 

«1. Праблема ацэнкі верагоднасцяў. Прафесіяналаў у палітыцы мала, любая лухта, як напрыклад пашпарт новай Беларусі ці «вызваленне» Беларусі ПКК, успрымаецца як вельмі верагодная падзея. Аб верагоднасцях грамадства мяркуе са слоў людзей, зацікаўленых у пэўных зыходах, інфармацыя паступае вельмі дазавана. Калі мы не можам кампетэнтна ацэньваць верагоднасці, то перавага стратэгіі нумар 1 для нас відавочная. Пры аднолькавай верагоднасці яна дае лепшы вынік.

2. Праблема канфлікту інтарэсаў менеджараў. У тэорыі кіравання бізнэсам лічыцца, што менеджмент кампаніі заўсёды павінен дзейнічаць у інтарэсах акцыянераў, а ў фінансавым выразе гэта значыць максімізаваць кошт капіталу акцыянераў. У нашым выпадку — грамадзян Беларусі.

На справе вельмі часта менеджары больш заклапочаныя сваімі кароткатэрміновымі выгадамі і, не з'яўляючыся ўласнікамі кампаніі, максімізуюць выгаду для сябе тут і цяпер. Каб з гэтым змагацца, прыдуманыя розныя інструменты, напрыклад, прывязка бонусаў да кошту акцый, хоць і тут могуць быць маніпуляцыі. Для лідараў дэм. руху і тых, хто побач з імі, магчыма, і можна было б разглядаць альтэрнатывы, але калі ні адна з іх не гарантуе выніку, то лепш выбраць тую, якая забяспечвае асабіста табе лепшую пазіцыю прама цяпер.

Як жа нам навучыцца ацэньваць верагоднасць таго ці іншага палітычнага праекта / заявы? Тут інтуітыўна ў супольнасці рэгулярна ўсплываюць дзве тэмы: якасная журналістыка і якасць экспертаў. Было б выдатна, калі б аб рашэннях краін Захаду або іх пазіцыі мы даведваліся наўпрост ад іх, а не са слоў «дэм. сілаў».

Было б выдатна, калі б эксперты самі паўдзельнічалі ў розных палітычных фарматах, напрыклад у кансультатыўнай групе з Еўракамісіяй або кантактнай групе з ПАРЕ, і больш працавалі з інсайдарамі. Тады, магчыма, не прыйшлося б каментаваць падзеі «па знешніх» прыкметах, якія лёгка «падрабіць».

Як нам вырашыць праблему менеджараў?

Тут сапраўды дапамагла б змяняльнасць лідараў апазіцыі і ўнутраная дэмакратыя. Трэба будаваць арганізацыю партыйнага тыпу, а ў такой арганізацыі не можа быць фігур, якія прызначаюць самі сябе. Але цікавасці будаваць такую арганізацыйную форму ў ключавых фігур апазіцыі таксама няма. У выніку мы маем прыватызацыю вынікаў і брэнда «дэм. рух».

Першая праблема якраз з часам вырашыцца — я веру ў нашых журналістаў і экспертаў.

Другая праблема, думаю, не вырашыцца — я не веру, што асобныя лідары апазіцыі ў выгнанні гатовыя адмовіцца ад выгаднай для сябе пазіцыі. Хтосьці проста гэтага не разумее, а хтосьці вельмі добра разумее, але ўхапіў «поспех за хвост».

Гэта вырашыцца толькі калі адкрыецца магчымасць для з'яўлення новых лідараў унутры краіны — яркіх, папулярных, якія грунтуюць сваю легітымнасць на вымернай падтрымцы насельніцтва, а не на гісторыях аб выключнасці.

Вось так мы апынуліся ў сітуацыі, калі выбіраем з двух дрэнных варыянтаў. Але што важнейшае — вера ці рэальнасць — выбіраць вам, бо гэта пытанне ўжо не палітыкі, а жыццёвай філасофіі! Пра гэта і спрачаемся», — рэзюмуе Краўцоў.

Каментары64

  • нонэйм
    18.08.2024
    Мда, зразумела на чый млын ваду л'е...
  • 18.08.2024
    [Рэд. выдалена]
  • r a d a r
    18.08.2024
    Крауцоу гэта " руский мир" Бабарыканцы супраць адзiнай дзяржаунай беларускай мовы

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь170

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа пастрыг Андрэя Хадановіча проста на сцэне ФОТАФАКТ2

У Жодзіне мужчына памёр у паліклініцы ў чарзе па талоны18

У Расіі жорстка затрымалі ваеннага блогера «Трынаццатага»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →