Грамадства4646

Вярнулася ў Мінск па візу і трапіла за краты. Гісторыя адной зняволенай

Мінулай восенню Кацярына (імя змененае) пераехала ў Польшчу, а потым вярнулася ў Беларусь, каб абнавіць польскую візу. Давялося затрымацца — за пару месяцаў дзяўчына прайшла Акрэсціна, жодзінскую турму і Валадарку. Але многае для сябе зразумела. Вось яе маналог.

Фота: архіў суразмоўцы

«Пабачыла Мінск, які нібыта адкаціўся назад»

Мне прапанавалі працу ў Польшчы, і восенню 2023-га мы пераехалі. Думалі, што часам будзем вяртацца ў Беларусь. Бачылі — вакол забіраюць шмат людзей, але не было дакладнага разумення, што трэба з’язджаць. Спадзяваліся, пранясе.

У верасні 2023-га мой муж павінен быў прыехаць да мяне ў Варшаву на пару дзён, але ён не здолеў выехаць з краіны — аказалася, што на яго заведзеная крыміналка. Ён пра гэта цудам даведаўся і ўсё-такі паспеў эвакуявацца.

А потым пачалася праблема з польскімі айцішнымі візамі. Каб легальна застацца ў Польшчы, трэба было падавацца на міжнародную абарону. Муж быў на гэта згодны, а я не магла прыняць такое рашэнне ў дачыненні да сваёй Радзімы — сказаць сабе, што я туды больш не паеду. Магчыма, мне трэба было, каб гэта Радзіма мяне выплюнула, а не я з ёй спыніла адносіны.

Думала рабіць візу ў Грузіі ці Турцыі. У Грузіі цяпер візы робяць вельмі доўга, а ў Турцыі не было вольных дат, каб падацца на візу, таму паехала ў Мінск па гэтай справе. Не мела прамой пагрозы, [сілавікі] мне не званілі, але праз жонку зручна помсціць мужу, і мне адзін адвакат казаў, што лепш не ехаць у Беларусь. Але я вырашыла паспрабаваць.

Пабачыла Мінск, які стаў больш пустым і нібыта адкаціўся назад. Такое адчуванне, што ён нават не такі, як на час майго ад’езду, а яшчэ горшы. Пыталася ў сябе: хацела захаваць магчымасць прыязджаць, але дзеля чаго — дзеля трох вуліц і дзвюх установаў, важных для мяне? Было адчуванне, што з гэтага горада з’ехала вельмі шмат людзей, якія рабілі яго асабліва цікавым. Там адкрываюцца новыя ўстановы, ездзяць добрыя машыны, з’яўляюцца новыя інфлюэнсеры, бо старых няма, але ёсць нейкая стагнацыя.

Мінскае метро. Фота: «Наша Ніва»

Мяне там не было некалькі месяцаў, але калі вярнулася, адчула — людзі жывуць у страху. Напрыклад, я сяджу ў кавярні, чакаю сяброўку і здымаю на відэа, як яна да мяне падыходзіць. У кадр трапляе яшчэ адзін столік, там людзі пра нешта гутараць. Потым перагледзела відэа, дык яны гавораць пра тое, што забралі іх знаёмую. 

Людзі просяць не перасылаць ім нічога, ставяць аўтавыдаленне ў чатах, некаторыя выдаляюць акаўнты. Яны не разумеюць, што такі стан для іх цяпер норма, а для мяне гэта ўжо было дыскамфортна.

Мы — вернікі, і ў нас цеснае кам’юніці, шмат каго ведаем з цэркваў па ўсёй Беларусі, і пастаянна чула ад людзей, што недзе кагосьці затрымалі. Здаецца, у 2022-м забралі спачатку адну знаёмую сям’ю, потым другую, а потым і яшчэ адну, іх забіралі па розных справах. 

Як мне тлумачыў потым следчы, калі яны заканчваюць адну справу, адкрываюць базу і бяруць з яе кагосьці новага. 

«Захоўваць фота з пратэстаў небяспечна для тых, хто можа быць на гэтым фота з вамі»

За кратамі чула гісторыі, як людзей забіралі пад’ездамі. Напрыклад, у лютым 2024 года губазікаўцы ўзяліся за Бараўляны — як мне расказвалі жыхары таго раёна, лічыцца, што Бараўляны былі актыўныя ў 2020-м. У Фаніпалі таксама зачышчалі цэлыя дамы.

Сядзела з дзяўчынай, якая жыла на шостым паверсе. Забралі першы паверх, другі, трэці, чацвёрты, пяты, а потым адразу сёмы. Тая дзяўчына яшчэ падумала — можа, на яе і мужа нічога не знайшлі? А на наступны дзень прыйшлі па іх. 

Калі ёсць матэрыялы толькі на жонку, матэрыялы на мужа шукаюць ужо ў кватэры. Знаходзяць хаця б адзін рэпост, забіраюць яго, як і жонку, на Акрэсціна — яго па адміністратыўцы, яе па крыміналцы. І далей шукаюць на яго нешта.

Мяне шакавала, што людзі дагэтуль захоўваюць на тэлефонах і камп’ютарах фота і відэа з 2020-га.

Адна такая дзяўчына, у якой гэта знайшлі, казала мне: маўляў, гэта гісторыя, гэта памяць. А калі яе закінулі на Акрэсціна, сказалі, каб успамінала імёны ўсіх людзей, якія там з ёй на фота. Дзяўчына плакала, пыталася, што ёй рабіць — не магла хлусіць, што не ведае тых людзей, бо на фота яна іх абдымае.

Сустракала за кратамі людзей, якія не зрабілі на пратэстах ні аднаго фота. Іх асудзілі, бо хлопец, які быў наперадзе іх, здымаў відэа ў інстаграм, як ён ідзе на марш, і тыя людзі трапілі ў кадр. Так што захоўваць такое небяспечна і для людзей, якія могуць быць на фота разам з вамі.

Мне расказала следчая, што ў 2020-м, калі мы спакойна ўсё гэта публікавалі на сваіх старонках, сілавікі захоўвалі гэтыя матэрыялы. У іх цяпер вельмі шмат інфармацыі, я ўпэўненая, што яны не паспеюць усё гэта апрацаваць да 2025-га і могуць нават падоўжыць тэрмін даўніны. Так разумею, што калі яны прыходзяць па чалавека, у іх ужо ёсць фота, але калі ёсць наводка, напрыклад, на жонку, яны будуць дома шукаць матэрыялы на мужа.

Маё меркаванне — усё гэта трэба выдаліць. Хіба што можна захаваць гэта на флэшцы і закапаць яе, або, калі ў вас за мяжой сябры і яны не ездзяць у Беларусь, перадаць гэтыя фоты ім. 

«Калі выйшла, хацела ледзь не сустрэцца з усімі лідарамі, каб расказаць, як за кратамі здзекуюцца з людзей»

Калі я падалася на візу ў Мінску, палякі мне адмовілі, я падала апеляцыю. Адказу не дачакалася, бо мяне забралі.

Мяне затрымалі ў лютым. Была раніца, і я прачнулася ад нейкага шуму. Збіралася спаць далей, таму што было рана, але зноў пачула крыкі: «Выходзіць па адным!» Не магла зразумець, што адбываецца — можа, пажар?

Пабачыла, як у шчыліну дзвярэй свецяць страбаскопамі, міргала святло. У мяне дома спала дзіця, таму вырашыла сама выйсці і паглядзець, што адбываецца. Выйшла — а там аўтаматы, шчыты, каскі, прыехала недзе чалавек дзесяць.

Яны выйшлі прачышчаць пакоі, я пабегла наперадзе і казала ім, што там маленькае дзіця, каб не абудзілі яго. Вельмі баялася, што ён усё гэта пабачыць. Калі ўсе пакоі агледзелі, зайшлі губазікаўцы, і я зразумела — напэўна, гэта надоўга.

Малы ўсё роўна прачнуўся, выйшаў з пакоя і ўсё пабачыў, ён вельмі перапужаўся. Калі мяне забіралі, ён моцна плакаў, тады я яму строга сказала, каб ішоў да бабулі, якая там была. Раней бы ён мяне не паслухаў, але ў той раз адышоў са слязьмі. А мяне адвезлі ў РУУС, мярзотнае месца, і потым на Акрэсціна.

Калі мяне прывялі ў РУУС, у нос ударыў пах бруднай падлогі, а таксама бамжыхі, якая была ў камеры са мной. Праз вентыляцыю цягнуўся пах ад мужчын, якія шмат выпілі, пах перагару.

Ізалятар на Акрэсціна. Фота: «Наша Ніва»

На Акрэсціна не водзяць у душ. Мы знаходзілі бутэльку і мыліся над туалетам, а нехта мог два-тры дні гэтага не рабіць, пах быў вельмі непрыемны.

У некаторых камерах цяклі туалеты, з іх выцякала мача. Стаяў пах мачы разам з пахам разлітага супу, кавалкаў рыбы, кашы, усё гэта змешвалася ў нешта агіднае. Калі я нюхала свае шкарпэткі, адчувала, як яны ўбіралі ў сябе гэтыя пахі прадола, памяшкання — гэта было жудасна.

Да суда я сядзела ў жодзінскай турме, а потым мяне этапавалі на Валадарку, бо з Жодзіна не возяць на суды. У той турме мяне адвялі да аператыўніка, і ён прапанаваў на яго працаваць. Сказала яму, што не спрацуемся. Кожны раз, калі ты вяртаешся ў камеру пасля такіх размоваў, на цябе глядзяць напужана: што, калі ты пагадзілася? Але ёсць адчуванне, што яны і так усё ведаюць, што адбываецца ў камерах. 

У мяне быў адзін эпізод — проста фота на праезнай частцы, для іх гэта адразу крымінальны артыкул. Фота было зробленае недзе ў жніўні-верасні 2020-га. Яны расказалі, што гэта маё фота, якое я посціла ў сваіх сторыс, і быццам бы нехта яго заскрыніў і размясціў з іншымі фота на нейкім еўрапейскім партале. Той сайт ужо не працуе, але ГУБАЗ і Следчы камітэт захавалі гэтыя здымкі раней.

Перад судом я малілася і спадзявалася, што мяне адпусцяць да сына. Разумела, што будзе нешта не надта прыемнае, і баялася іншага выніку, чым выхад на волю. Мне прысудзілі хатнюю хімію.

Усё так зроблена, каб ты адчуваў сябе закладнікам, і часам я думала, што застануся ў Беларусі адбываць гэтую хімію. Але кожны такі дзень — гэта працяг зняволення, то-бок я даю згоду на гвалт над сабой, я не была на гэта гатовая. Таксама мой муж быў у іншай краіне, і я не разумела, навошта мушу некалькі гадоў яго не бачыць. І хутка ўсвядоміла: зраблю ўсё магчымае, каб ні дня больш не аддаць людзям, якія мяне эмацыйна гвалцілі. Праз пару тыдняў была ў Польшчы.

Калі я трапіла на Акрэсціна, вельмі абуралася, што тыя, хто раней сядзеў, не расказваюць пра гэта. У мяне была такая знаёмая, і калі б яна мне расказала, што там так цяжка, я хаця б ведала пра гэта.

І калі я выйшла, хацела ледзь не сустрэцца з усімі лідарамі, каб расказаць, як за кратамі здзекуюцца з людзей. Важна гэтым дзяліцца, магчыма, мая гісторыя камусьці дапаможа засцерагчыся.

«Калі ты за кратамі, разумееш, што не можаш не мець рацыі»

Што б я выбрала, калі б адматаць час? Усё роўна паехала б дахаты. Гэта вельмі цяжкі перыяд майго жыцця, але тое, што я пабачыла, людзі, якіх я сустрэла, — гэта было не проста так. Людзі па-рознаму глыбока запускаюць боль у сваё сэрца, і былі тыя, каго зняволенне проста знішчала. Я бачыла, што магу камусьці дапамагчы.

Гэта можа гучаць па-вар’яцку, але такі быў мой шлях. Калі ты там, ты разумееш, што не можаш не мець рацыі, што гэта і ёсць бок дабра. Я і так гэта ведала, але за кратамі злятаюць усе маскі, прыбіраецца ўся інфармацыйная мішура, ты проста бачыш чыстыя сэрцы людзей.

Ізалятар на Акрэсціна. Фота: «Наша Ніва»

Памятаю жанчыну, якая так хвалявалася за ўсіх, каго саджаюць па палітыцы, што вырашыла кожнага з іх віншаваць з днём народзінаў, дасылала ім паштоўкі. На момант затрымання яна адаслала 10 580 паштовак. Тлумачыла мне, што не магла кожнаму напісаць нешта вялікае, але паштоўкі — тое, што яна магла зрабіць.

Майму дзядулю ў савецкія часы прысудзілі расстрэл за тое, што ён верыў у Бога. Потым яму замянілі расстрэл на пажыццёвае, у выніку ён адседзеў у ГУЛАГу 19 гадоў. Чытала яго дзённікі, але яго самога не ведала і таму ніколі не магла да канца яго зразумець. І калі я, як і ён, ні за што сядзела ў турме, я стала да яго бліжэй, гэта вельмі каштоўна. Тое, чым ён дзяліўся, што дапамагала яму выжыць у ГУЛАГу, дапамагло і мне за кратамі. 

У РУУС, на Акрэсціна, у жодзінскай турме і на Валадарцы — паўсюль вельмі цяжка спаць, таксама там складана даць рады сваім думкам. У дзядулі былі вельмі няпростыя моманты за кратамі, калі спецыяльна спрабавалі яму падарваць псіхіку: стваралі нейкія гукі, уключалі гучна музыку. 

Першыя суткі на Акрэсціна дужа цяжка: ты шкадуеш, не можаш прыняць арышт, не верыш, што ўсё гэта рэальна, шмат каму цяжка і ад стаўлення да іх. Я думала, што з’еду з глузду, бо ў мяне маленькае дзіця, яно бачыла, як мяне забіралі, было ў шоку і плакала.

Дзядуля казаў, што вельмі важна засяродзіцца на тым, каб нічога не думаць. Трэба заплюшчыць вочы і трымаць гэта ў галаве, можна казаць услых: «Я нічога не думаю». Гэта вельмі складана, але ў нейкі момант ты апынешся ў прасторы, дзе ты насамрэч нічога не думаеш. Тады ты ўжо не так чуеш гэтыя гукі, непрыемную музыку, не так адчуваеш дрэннае стаўленне. Ноччу ты не можаш заснуць, бо гарыць святло і галосіць музыка. Канцэнтруешся: «Я ні пра што не думаю, я нічога не чую». 

Калі ў камеру трапляў нехта новы, мяне прасілі расказаць адну мудрасць. За кратамі вельмі важна не дакараць сябе за тое, што было ўчора. Не варта думаць пра ўчарашні дзень, бо яго не змяніць, можна толькі яго прыняць. І не трэба думаць пра тое, што будзе заўтра, таму што заўтрашні дзень нам не належыць. Добра, калі ён будзе, але ў нас ёсць толькі сёння.

Важна пражыць сёння так, як хочацца: быць за яго ўдзячным, сказаць добрыя словы. Трэба жыць сённяшнім днём і спрабаваць не вылятаць з тых сцен, бо нават у іх можа быць жыццё. На Акрэсціна мы расказвалі адна адной пра кнігі, дзяліліся гісторыямі з фільмаў.

Штораніцу мы маліліся і жадалі адна адной добрага дня. На Акрэсціна нічога няма, акрамя бохана хлеба, нават не заўжды ёсць туалетная папера. Але мы пражывалі ўвесь дзень з удзячнасцю за тое, што ў нас гэта ёсць, што мы ёсць адна ў адной, што мы гутарым. А ў канцы дня кожная з нас па чарзе дзякавала за дзень і казала падзяку або камплімент той, хто сядзеў ля яе — напрыклад, за тое, што дзяўчына памыла падлогу. Я і дагэтуль дзякую за ўсё і стараюся жыць сённяшнім днём.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары46

  • У Беларусі
    17.08.2024
    Так, так ўсё і ёсць
  • FF
    17.08.2024
    Калі вам хочацца бачыць Мінск пустым, гэта яшчэ не значыць, што ён такі ёсць. Жыццё там віруе. Горад ужо даўно прыйшоў у сябе пасля ковіду і пратэстаў
  • Ботам
    17.08.2024
    Інфантыльныя і неверагодныя, П..ць не мяшкі варочаць і дыктатара звяргаць. Давай прозвішча рэальнае і фота са зброяй, потым пагаворым, які ты герой на словах.

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу5

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram

Сібірак 66 дзён дрэйфаваў у Ахоцкім моры на лодцы: схуднеў на 50 кілаграм, страціў брата і пляменніка, але выжыў4

КНДР падарвала дарогі, што вядуць у Паўднёвую Карэю5

Доктар расказаў, каму трэба зараз рабіць прышчэпку ад кавіду

Настаўнік замежных моў з Яраслаўля пераехаў у Беларусь і цяпер працуе ў беларускамоўным часопісе4

Жыхарка Баранавіч паказала сямейную рэліквію, якой больш за 170 гадоў ФОТЫ

У Чавусах паказалі, хто ўваходзіць у народнае апалчэнне ФОТАФАКТ18

Беларускі спявак, які хацеў «замуж за Бузаву», прысвяціў песню Лукашэнку і Пуціну4

Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб усеагульным стратэгічным партнёрстве з КНДР1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу5

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →