Матчы групавой стадыі еўракубка мінскае «Дынама» будзе праводзіць у Азербайджане
Сталічны клуб гарантаваў як мінімум сабе ўдзел у групавой стадыі Лігі канферэнцый-2024/25.
Як паведаміў тэлеканал «Беларусь 5», хатнія матчы футбольнай еўравосені каманда будзе праводзіць у азербайджанскім Сумгаіце. Там размяшчаецца стадыён імя Мехці Гусейнзадэ.
У раўндзе плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы «Дынама» сустрэнецца з бельгійскім «Андэрлехтам». Першы матч адбудзецца ў гэтым чацвер, матч у адказ — праз тыдзень.
Калі «Дынама» пройдзе бельгійцаў, то будзе гуляць у асноўным раўндзе Лігі Еўропы (другім па ранжыры еўракубку), калі прайграе, то выступіць у асноўнай стадыі Лігі канферэнцый (трэці па значнасці еўратурнір).
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну еўрапейскімі футбольнымі чыноўнікамі, у адрозненне ад пакарання Расіі, былі накладзеныя мінімальныя санкцыі на беларускі футбол. Камандам і зборным забаранілі прымаць клубы і зборныя ў Беларусі, дазволіўшы гуляць на нейтральным полі і без гледачоў. Два з паловай гады беларусы прымалі суперніка ў Сербіі, а потым Венгрыі.
Каментары