Вярхоўная Рада пасля паўтара года дыскусій і спрэчак прыняла закон, які прама забараняе дзейнасць Рускай Праваслаўнай Царквы ва Украіне і адкрывае шлях да такога ж рашэння адносна Украінскай Праваслаўнай Царквы (раней УПЦ Маскоўскага патрыярхату), піша Бі-бі-сі Украіна.
«За» прагаласавалі 265 дэпутатаў. У рамках кампрамісу паміж усімі фракцыямі Рады пытанне ў другім чытанні не абмяркоўвалі і ўхвалілі адразу пасля адкрыцця пасяджэння. Ніхто з праціўнікаў закона на разглядзе сваіх паправак не настойваў.
Ініцыятарам гэтага закона яшчэ ў снежні 2022 года стаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, які абвясціў тады курс на «духоўную незалежнасць ад Масквы».
З тых часоў вакол гэтай ініцыятывы працягваліся спрэчкі як ва Украіне, так і на Захадзе, дзе ў абарону УПЦ сталі юрысты, якія абараняюць украінскага бізнэсмэна Вадзіма Навінскага. Абаронцы УПЦ знайшліся ў шэрагах прэзідэнцкай фракцыі ў парламенце, сярод вядомых палітыкаў ЗША і цэлых цэркваў у Еўропе.
Украінскія ўлады афіцыйна называюць УПЦ часткай Рускай Праваслаўнай Царквы, затое адвакаты і іерархі настойваюць, што яна яшчэ ў маі 2022 года адышла ад Масквы. У УПЦ асуджаюць прыняцце закона і называюць дзеянні ўкраінскай улады «ганеннямі».
РПЦ афіцыйна падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны і ўсяляк спрыяе ўсім дзеянням расійскіх вайскоўцаў. Паводле сацапытанняў, большасць украінцаў падтрымліваюць забарону УПЦ.
Апытанні паказваюць, што цяпер ва Украіне больш за 50% украінцаў падтрымліваюць аўтакефальную ПЦУ, якая мае каля 8-9 тысяч прыходаў. І толькі 5% украінцаў падтрымліваюць УПЦ, якая мае каля 9 тысяч прыходаў. Аднак гэта мільёны людзей, якія гатовыя абараняць сваю структуру і кіраўніцтва.
Дэпутаты ўхвалілі праект закона, які ўрад падаў яшчэ ў студзені 2023 года. Першапачаткова дакумент быў досыць лаканічным і прадугледжваў толькі працэдуру судовай забароны ва Украіне цэркваў, звязаных з РПЦ.
Дакумент сустрэў супраціў у парламенце ў прадстаўнікоў былой Апазіцыйнай платформы «За жыццё» і нават сярод дэпутатаў ад «Слугі народа». Пасля бурных спрэчак у кастрычніку 2023 года яго прынялі ў першым чытанні і паабяцалі істотна ўзмацніць да другога.
Так і адбылося — у дакумент унеслі вельмі шмат паправак, з двух старонак ён разросся да 23. туды дадалі кучу пытанняў — ад маёмасці да пераходу рэлігійных абшчын.
Галоўная ідэя закона — суды з падачы органаў улады будуць забараняць дзейнасць цэркваў, якія з'яўляюцца часткай РПЦ.
Пры гэтым саму РПЦ у законе забаранілі выразна і наўпрост, чаго ў першасным дакуменце не было.
УПЦ у законе наўпрост не назвалі, аднак самі дэпутаты адкрыта кажуць, што гаворка ідзе менавіта пра яе.
Па прынятай схеме, Дзяржаўная служба па пытаннях этнапалітыкі і свабоды сумлення (ДЭС) павінна вызначыць, якія структуры ва Украіне маюць падпарадкаванасць і сувязі з царквой з цэнтрам у Расіі.
Пасля гэтага Служба павінна даць ім прадпісанні пазбавіцца ад гэтай залежнасці, а калі тыя адмовяцца, то звяртацца ў суд аб забароне іх дзейнасці.
ДЭС раней ужо давала заключэнне, што УПЦ мае падпарадкаванасць Рускай Праваслаўнай Царквы. Таму ў яе ўжо ёсць гатовыя аргументы па гэтай царкве і зварот у суд.
Аднак УПЦ не з'яўляецца адной юрыдычнай асобай, а складаецца з асобных епархій і прыходаў — усяго іх каля 9 тысяч юрыдычных асоб. І па кожнай з іх павінен быць асобны зварот.
Раней аглядальнікі паказвалі, што ДЭС пачне спачатку звяртацца аб адмене рэгістрацыі Кіеўскай мітраполіі і епархій, а ўжо потым асобных прыходаў.
У якасці кампрамісу парламент адклаў магчымасць падаваць у суд на УПЦ — павялічылі пераходны перыяд з месяца да дзевяці. Яшчэ не менш некалькіх месяцаў павінны працягвацца асобныя судовыя справы, таму да рэальнай забароны нейкіх структур УПЦ ва Украіне можа дайсці толькі праз год пасля падпісання закона прэзідэнтам. Кропку ў кожным такім пазове будзе ставіць Вярхоўны Суд.
Яшчэ адна важная навацыя закона — там прадугледзелі, што яшчэ да любых судовых рашэнняў улада зможа забраць з арэнды структур УПЦ дзяржаўную або камунальную маёмасць. Гаворка ідзе пра храмы-помнікі архітэктуры, дамовы аб арэндзе якіх закон фактычна скасоўвае аўтаматычна праз некалькі месяцаў пасля адабрэння. Гэта каля трох тысяч абшчын УПЦ, якія маюць у карыстанні старадаўнія храмы.
Каментары
Для праваслаўных ёсць кананічная ПЦУ .
Таксама ёсць УГКЦ