З'явіліся свежыя фотаздымкі Чырвонага касцёла. Відовішча бязрадаснае
Фатаграфіі амаль ні чым не адрозніваюцца ад тых, што былі апублікаваныя ў канцы 2022 года.
«Пасля ўзгарання гэтая святыня ўжо другі год закрыта для вернікаў, для правядзення літургічных богаслужэнняў, апячатана і чакае рэстаўрацыі. Ужо некалькі разоў у СМІ і тэлебачанні прайшла інфармацыя пра запланаваны рамонт.
Увесь прыход касцёла Святых Сымона і Алены, які налічвае каля 10 000 тыс. прыхаджан, і мінчан, якія наведвалі духоўныя канцэрты арганнай музыкі, выставы, гатовы далучыцца і дапамагчы ў працах па аднаўленні пашкоджанняў, каб святыня зноў славіла Госпада і суцяшала людзей», — гаворыцца ў заяве парафіяльнага камітэта.
Камітэт публікуе гэтыя фоты, каб пераканаць гарадскія ўлады, што можа ў кароткі тэрмін аднавіць усе пашкоджанні, і вярнуць святыні годны выгляд і далей сумленна клапаціцца пра яе.
«Просім дзяржаўныя ўлады, ад якіх залежыць лёс Храма, візітнай карткі нашай сталіцы, адкрыць яго вернікам для малітвы і праслаўлення Усявышняга. Тысячы турыстаў, наведваючы нашу сталіцу, заходзілі ў наш храм і з асалодай слухалі калядныя спевы пад гукі арганнай музыкі. (…) Просім дзяржаўныя ўлады: зрабіце падарунак нам, вернікам, усім гараджанам і гасцям сталіцы — радасць калядна-навагодняга цуду — вярніце нам Божы храм!», — заклікае парафіяльны камітэт.
Чырвоны касцёл быў закрыты для наведвання ў канцы верасня 2022 года пасля загадкавага пажару. Службы праходзяць у Кафедральным касцёле на плошчы Свабоды.
Каментары