Выказваюцца палітык Павел Латушка, аналітык Павел Усаў і гісторык Аляксандр Фрыдман.
Шмат хто з расіян перакананы, што ва Уладзіміра Пуціна ёсць двайнікі, якія падмяняюць яго на некаторых мерапрыемствах. У інтэрнэце можна знайсці аналіз росту, мімікі, формы вушэй і іншых адметнасцяў прэзідэнта Расіі. А мемы пра тое, што сапраўдны Пуцін памёр і знаходзіцца ў маразільнай камеры, толькі падаграваюць інтарэс да тэмы.
Некаторыя беларускія канспіролагі мяркуюць, што і Аляксандра Лукашэнкі ёсць двайнікі. Пільныя чытачы перыядычна дасылаюць у Рэдакцыю свае назіранні кшталту такіх: «У маі 2023 з'явіўся іншы Лукашэнка. Чэрап зусім не падобны. Разрэз вачэй даўгі, лоб кароткі, валасы прафарбаваныя сівым штучным колерам».
Што думаюць пра гэта эксперты?
«Абсалютна нерэалістычны сцэнар у Беларусі»
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка лічыць, што двайніка ў Лукашэнкі няма. Ён адзначае, што ніколі не было падобных уцечак інфармацыі.
«Падчас маёй працы міністрам, паслом (у 2006-2019 — «НН»), магу з упэўненасцю сказаць, што двайніка не было», — настойвае палітык.
На яго думку, сам Лукашэнка не зацікаўлены мець двайніка.
«Па-першае, таму што ён не дазволіць стварыць рызыкі нават ускосныя, адносныя, каб хоць хтосьці мог карыстацца яго рэсурсам улады, — тлумачыць ён. —
Па-другое, пайдзі і знайдзі яшчэ такога, каб захацеў называцца такім імем і прозвішчам. Такую асобу цяжка будзе знайсці».
Гэта абсалютна нерэалістычны сцэнар у Беларусі, перакананы Павел Латушка.
«Калі б чалавек, які носіць падчас гульні форму з прозвішчам Лукашэнкі, пачаў бы гуляць усе таймы і бегаць па пляцоўцы як малады — гэта магло б быць пацверджаннем двайніка. Тады можна было б падумаць, што гэта несапраўдны Лукашэнка. Але ўявіць такое цяжка», — заўважае ён.
Лукашэнка вельмі любіць адпачываць. У яго адпачынак і ў суботу, і ў нядзелю, ён бярэ адпачынак і ў сераду, дадае Латушка.
«Калі мы пабачым, што гэтая асоба пачне працаваць кожны дзень і без адпачынкаў — гэта таксама можа даць падставу меркаваць, што хтосьці замяшчае Лукашэнку. Але на сёння, дый увогуле, гэта нерэальны сцэнар», — канстатуе палітык.
«Ёсць толькі адзін Лукашэнка»
Кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павел Усаў лічыць, што наяўнасць у Лукашэнкі двайніка спрыяла б унутранай дэстабілізацыі сістэмы і дыскрэдытавала б яго. Сведчыла, што ён не ў стане кіраваць дзяржаваю. Лукашэнка ж найперш жадае быць непахісным у сваёй уладзе, таму не пагадзіўся б мець двайніка.
«Наяўнасць двайніка — справа вельмі небяспечная, бо паказвае слабасць здароўя, няўпэўненасць ва ўласнай уладзе, страх перад пагрозамі», — даводзіць эксперт.
Ён кажа, што атачэнне Лукашэнкі ніколі не было абсалютна герметычным. Рэгулярна ў публічную прастору трапляла нямала інфармацыя аб яго інтымных рэчах. Але ніколі не згадвалася пра двайнікоў.
Павал Усаў таксама кажа, што мець і абслугоўваць двайніка — вельмі цяжкая і дарагая справа, асабліва з улікам габарытаў Лукашэнкі.
Ён не шэрая постаць Пуціна, якога «часта вінавацяць, што ў яго ёсць двайнік»: калі адзін вобраз не адпавядае таму, што паказваюць на розных карцінках. У Лукашэнкі такіх казусаў не было.
«Былі сітуацыі, калі Лукашэнка знікаў на тыдзень, некалькі дзён, і гэта адразу ўздымала хвалю спекуляцый, што ён памёр, у кепскім стане. Гэта сведчанне таго, што няма механізму, які мог бы патлумачыць адсутнасць Лукашэнкі ў публічнай палітычнай прасторы», — гаворыць Усаў.
На яго погляд, механізм з двайніком, працаваў бы громаадводам, маўляў, Лукашэнка паўсюдна ёсць, ён не хворы, заўсёды моцны, але такога ж няма.
«Лукашэнку даводзіцца выходзіць хворым падчас выбарчай кампаніі, розных візітаў, як было ў Маскве. Гэта сведчанне таго, што ёсць толькі адзін Лукашэнка», — падкрэслівае ён.
Усаў адзначае, што заўсёды будуць людзі, якім хочацца верыць у незвычайныя, наднатуральныя з'явы як у жыцці, так і ў палітыцы. Такая іх псіхалагічная патрэба — патлумачыць простымі словамі складаныя палітычныя сацыяльныя глабальныя працэсы.
«Яны думаюць, што ўсім кіруе даўно вырабленая штучная постаць. Гэта звычка максімальна спрашчаць сітуацыю», — падсумоўвае кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу.
«Верыць у двайнікоў — асаблівасць аўтарытарнай дзяржавы»
Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман таксама мяркуе, што ў Лукашэнкі няма двайніка. І той не дасць згоды, каб двайнік быў, бо складаныя камбінацыі не для яго.
«Лукашэнка досыць старамодны чалавек. Не з лічбавай эпохі, да сучасных тэхналогій ставіцца вельмі скептычна. Гэта не яго свет, — тлумачыць суразмоўца. — Лукашэнка — чалавек досыць спецыфічны. Ён фігура каларытная. Замяшчаць яго двайніком, які будзе сябе паводзіць гэтаксама, як ён, наогул цяжкая справа».
Аляксандр Фрыдман не выключае, што атачэнне Лукашэнкі, калі ён стане зусім слабы і хворы ды не зможа ўплываць на сітуацыю, паспрабуе навязаць ідэю аб двайніку. Гэта будзе зроблена, каб стабілізаваць сістэму, у якой Лукашэнка — цэнтральная фігура.
Тэарэтычна такое можна ўявіць, але насамрэч выглядае дужа фантастычна.
«Сумнеўна, што такая сістэма зможа існаваць, калі Лукашэнкі не будзе ні ў ніякай форме. Ён можа быць не на пасадзе прэзідэнта, але усё адно мусіць кантраляваць гэту сістэму», — заўважае эксперт.
Аляксандр Фрыдман кажа, што верыць у двайнікоў — гэта асаблівасць аўтарытарнай дзяржавы. У ёй нічога не змяняецца, і людзі перастаюць вераць, што ў стане штосьці зрабіць.
Навіны пра кепскі стан здароўя Лукашэнкі адразу падхопліваюцца, і ў людзей з’яўляецца надзея, што гэты перыяд сканчаецца, бо нічога не можа працягвацца бясконца.
«Зыходзячы з таго, што ён не ў самым лепшым стане, пачынаюць шукаць двайнікоў. Гэта з'ява абсалютна зразумелая», — адзначае суразмоўца.
Аляксандр Фрыдман заўважае, што не трэба забываць пра ўплыў Расіі на беларусаў.
Там тэма двайнікоў зайшла так далёка, што на прэс— канферэнцыі сам Пуцін жартам, але пераконваў, што ў яго іх няма.
Такім чынам, расійскі кантэкст беларусы пераносяць на Лукашэнку.
«Калі ў Пуціна ёсць двайнікі, — тлумачыць пазіцыю беларускай аўдыторыі эксперт, — то яны павінны быць і ў Лукашэнкі».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
У прадмове двойчы цытуецца Пуцін і ні разу Лукашэнка — рэцэнзія на хаатычныя мемуары Мясніковіча
«Смерць Прыгожына робіць самога Лукашэнку ў нейкай ступені «новым Прыгожыным»
Каментары