Агляд самалёта, што разбіўся ў Вільні, будзе завершаны на працягу трох дзён
Міжнародныя эксперты і следчыя, якія прыбылі з іншых краін, ужо прыступілі да працы.
Агляд грузавога самалёта DHL, які разбіўся ў Вільні, плануецца завершыць на працягу трох дзён, пасля чаго пачнуцца работы па яго выдаленні з месца здарэння, піша Delfi.lt.
«Мы працягваем планаваць этапы папярэдняга расследавання. Агляд месца здарэння, верагодна, будзе завершаны ў бліжэйшыя два-тры дні. Пасля гэтага пачнецца наступны этап — выдаленне рэшткаў самалёта з месца катастрофы. Цяпер мы актыўна шукаем адпаведны ангар для размяшчэння гэтых дэталяў», — паведаміў на прэс-канферэнцыі ў аўторак генеральны камісар паліцыі Арунас Паўлаускас.
У выніку аварыі загінуў 48-гадовы грамадзянін Іспаніі. Яшчэ трое чальцоў экіпажа, у тым ліку адзін іспанец, немец і літовец, атрымалі раненні. Адзін з пацярпелых знаходзіцца ў цяжкім стане.
Галоўны пракурор Дэпартамента па расследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі Генеральнай пракуратуры Артурас Урбяліс паведаміў, што ў панядзелак было дапытана не менш за 19 сведкаў здарэння.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіравання крызіснымі сітуацыямі Вілмантас Віткаўскас дадаў, што расследаванне пераходзіць у новы этап.
«На дадзены момант мы пераходзім ад ліквідацыі наступстваў і агляду месца здарэння — як з выкарыстаннем дронаў, так і намаганнямі супрацоўнікаў — да больш спакойнага, паслядоўнага працэсу вывучэння і супастаўлення сабраных звестак», — адзначыў ён.
Па яго словах, міжнародныя эксперты і следчыя, якія прыбылі з іншых краін, ужо прыступілі да працы. «Мы чакаем, што іх намаганні дазволяць аднавіць паслядоўнасць падзей, якія прывялі да гэтай аварыі, і атрымаць аб'ектыўныя вынікі, заснаваныя на фактычных дадзеных», — заключыў Віткаўскас.
Каментары