Латушка: Калі быў міністрам культуры, хацеў зняць фільм «Каласы пад сярпом тваім». Ідэю адхіліў Макей
Таксама Латушка прапанаваў перавыдаць творы Караткевіча. Супраць прапановы выступіла міністарка працы Мар’яна Шчоткіна, якая задала пытанне: каму патрэбныя выданні на беларускай мове?
У бытнасць міністрам культуры (2009—2012 гады) цяперашні намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка меў намер запусціць праект стварэння кінастужкі паводле рамана «Каласы пад сярпом тваім» літаратурнага класіка Уладзіміра Караткевіча, але не знайшоў падтрымкі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Падрабязнасці палітык паведаміў 19 лістапада ў відэа на сваім ютуб-канале, паведамляе pozirk.online.
Паводле слоў Латушкі, кошт карціны ацэньваўся ў 4—5 млн даляраў, бо «патрэбныя былі пастановачныя сцэны, шляхецкія сядзібы, гістарычныя лакацыі і [дарагія] касцюмы». Атрымаць такую суму з бюджэту ў той час «было немагчыма», сказаў кіраўнік НАУ.
Латушка прапанаваў зняць карціну тагачаснаму галоўнаму рэжысёру Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалаю Пінігіну. Той адмовіўся з прычыны занятасці тэатральнай працай і ў сувязі з маючай адбыцца рэканструкцыяй будынка тэатра. Пры гэтым, удакладніў Латушка, ён парэкамендаваў шукаць фінансаванне для фільма ў Польшчы.
«З прыватнай неафіцыйнай паездкай я прыехаў у Варшаву, дзе сустрэўся з кіраўніком Усепольскай нацыянальнай рады па тэлерадыёвяшчанні, — сказаў Латушка. — Я звярнуўся да яго з просьбай, каб яны прафінансавалі і ўвайшлі ў сумесную вытворчасць з беларускім бокам, каб рэалізаваць гэтую важную для нацыянальнай беларускай культуры кінастужку. Была даволі пазітыўная размова. Пазней мы нават звярнуліся афіцыйна, але ў выніку ўсё ж такі не знайшлі падтрымкі».
Пасля гэтага, дадаў палітык, пошук грошай ён працягнуў у Беларусі.
«Успамінаю, што пазней падчас мерапрыемства з нагоды гадавіны «Сталічнага тэлебачання» ( … ) размаўляў з кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімірам Макеем. (…). Тады прыйшла адмоўная рэакцыя. Фільм па Караткевічу здымаць нельга, бо гэта будзе антырасійскі фільм. Таксама Макей падчас размовы са мной ужыў аргумент, што калі такі фільм з’явіцца, то гэта будзе негатыўна ўспрынята ў Маскве», — адзначыў Латушка.
У наступнай дыскусіі, паводле яго слоў, ён параіў Макею «браць пад увагу» тое, што «практычна ўся беларуская класіка гістарычна і нацыянальна арыентаваная».
«Наша гісторыя ў той ці іншай ступені будзе ўспрымацца як антыімперская, антырасійская. І калі мы будзем заўсёды азірацца на меркаванне Масквы, мы будзем вымушаныя адмовіцца ад усяго нацыянальнага. І тады паўстане пытанне, ці ўвогуле мы будзем забяспечваць свае нацыянальныя інтарэсы і развіццё самасвядомасці беларусаў. Макей моўчкі пакруціў галавой», — сказаў экс-міністр культуры.
«На жаль, гэтую кінастужку мы не змаглі зняць. <…>. Прайшло шмат гадоў з той размовы, але і сёння рэжым працягвае сваю антыбеларускую, антыдзяржаўную, антынацыянальную палітыку», — падкрэсліў Латушка.
Ён таксама паведаміў, што ў тыя гады яму ўдалося вырашыць пытанне перавыдання зборніка ўсіх твораў Караткевіча, хоць і гэта было нялёгка.
«Памятаю адну з нарад у Савеце міністраў з удзелам міністраў сацыяльнага блока. Тады я падняў пытанне аб перавыданні твораў Уладзіміра Караткевіча.
Супраць прапановы выступіла ў той час міністарка працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна. Яна задала пытанне: каму патрэбныя выданні на беларускай мове? Гэтае пытанне было надзвычай дзіўным.
Так, Шчоткіна руская па нацыянальнасці, але яна ж грамадзянка Беларусі і кажа публічна ва ўрадзе краіны, што Беларусі не патрэбныя беларускамоўныя выданні, не патрэбны Караткевіч», — заявіў кіраўнік НАУ.
Пазней, удакладніў ён, Шчоткіну падтрымалі міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, сказаўшы, што «выданне не будзе запатрабаваным, людзі не будуць яго купляць».
«Але ўсё ж такі выдаць Караткевіча ў мяне атрымалася», — канстатаваў палітык.
«Сёння цяжка ўявіць, каб так званая беларуская ўлада разглядала пытанні падтрымкі нацыянальнай культуры. Мы бачым, як закрываюцца беларускамоўныя выдавецтвы, як разбураецца нацыянальны тэатр, забараняюцца нацыянальныя сімвалы, а за кратамі працягваюць знаходзіцца па палітычных падставах больш за 140 дзеячаў культуры. І ініцыятыва па выключэнні рамана «Каласы пад сярпом тваім» са школьнай праграмы — гэта чарговы этап антынацыянальнай палітыкі прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі», — рэзюмаваў Латушка.
Аб выключэнні рамана «Каласы пад сярпом тваім» са школьнай праграмы для 11-га класа стала вядома на пачатку верасня. На вывучэнне твора адводзілася пяць вучэбных гадзін.
9 лістапада ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі прапагандыст Вадзім Гігін заявіў, што выключэнне рамана са школьнай праграмы з’яўляецца яго ініцыятывай.
На думку Гігіна, Караткевіч скажона паказаў падзеі ў сваім творы.
12 студзеня генеральны дырэктар сеткі крамаў «Белкніга» Уладзімір Матусевіч заявіў на прэс-канферэнцыі, што творы Караткевіча ў 2022 годзе карысталіся высокім чытацкім попытам.
«Уладзімір Караткевіч — у абсалютным топе. У першую чаргу, гэта «Дзікае паляванне караля Стаха», у гэтага твора найбольшыя тыражы па продажах за мінулы год. Далей ідуць «Каласы пад сярпом тваім», «Ладдзя роспачы» і іншыя», — сказаў Матусевіч.
У 2019 годзе раман быў прызнаны самай папулярнай кнігай Беларусі.
Гігін прызнаўся, што «Каласы пад сярпом тваім» выключылі са школьнай праграмы з яго ініцыятывы
«Дзікае паляванне караля Стаха» — пераможца Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Пасля 2020-га з оперы прыбралі рэпліку «Раман, выходзь!»
Прызналі «экстрэмісцкім» двухтомны збор твораў Дуніна-Марцінкевіча. Ён выйшаў у дзяржаўным выдавецтве
Каментары