Кава гатунку арабіка падаражэла да максімуму з 2011 года. Пра гэта сведчаць даныя таргоў на біржы ў Нью-Ёрку.
Цана ф'ючарсаў на арабіку на Нью-ёркскай біржы ICE Futures вырасла на 1,2%, да $3,0575 за фунт. Гэта прыкладна да $6 720 за тону. Тым часам ф'ючарсы на гатунак рабуста падскочылі на 4,1%, да $5191 за тону.
Увогуле рост цаны на зялёную каву, якая прадаецца на сусветным рынку, склаў каля 30%.
Нягледзячы на нядаўнія дажджы ў Бразіліі, вільготнасць глебы застаецца недастатковай, адзначылі эксперты. Гэта перашкаджае развіццю пладоў, што можа паставіць пад пагрозу ўраджай наступнага года.
Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША спрагназавала, што ўраджай кавы ў Бразіліі ў 2024/25 сельскагаспадарчым годзе складзе 66,4 млн стандартных 60-кілаграмовых мяшкоў, тады як раней ураджай чакаўся на ўзроўні 69,9 млн мяшкоў.
Паводле даных метэаралагічнай службы Cemaden, бягучы сезон у Бразіліі з'яўляецца самым засушлівым з 1981 года.
Вытворцы з іншых краін таксама выказваюць занепакоенасць з нагоды ўтрымання цэнаў. Так, у В'етнаме могуць павысіць цэны на каву следам за бразільскімі вытворцамі.
В'етнам — ключавы вытворца гатунку рабуста. З-за дажджоў і тайфунаў ў В'етнаме ўраджай рабусты ў наступным годзе можа быць на 7% ніжэйшым за папярэдні год.
Цана на каву расла штомесяц з красавіка па верасень бягучага года, а ў верасні цана арабікі дасягнула 6 тысяч даляраў за тону ўпершыню з верасня 2011 года.
Каментары