Культура22

«Выйшлі стройнымі радамі загарэлыя касцы. У кашулях ярка-белых, у чырвоных паясах…». Вам яшчэ не захацелася перачытаць Пятра Глебку?

Міхась Скобла ў сваім фэйсбуку піша пра невядомыя шырокай публіцы факты пра, здавалася, савецкага пісьменніка.

Мемарыяльныя дошкі пісьменнікаў на фасадах сталічных дамоў неяк незаўважна ператварыліся ў музейныя рэліквіі, датэрмінова спісаныя з галоўнай экспазіцыі ў запаснікі. Хутка ўжо нават жыхары дамоў не будуць ведаць, у гонар каго тых дошак у свой час панавешвалі.

Родная літаратура — не вайна, не спорт і не сельская гаспадарка, пра яе ў тэленавінах не гаворыцца. А раз літаратура адсунутая на ўзбочыну грамадскага жыцця, то і дошкі перасталі выконваць прызначаную ім ролю. 

Гэта паўвека таму паэт Леанід Дайнека (будучы гістарычны раманіст) мог філігранна рыфмаваць: «Мемориальная доска / горит светло и гордо, / мемориальная тоска / берет меня за горло». Прыцьмелі з таго часу дошкі, пазелянелі ад людской няўвагі. Кажучы біблейскімі словамі, былі яны кімваламі гуклівымі, а сталі меддзю маўкліваю.

Міма адной такой дошкі над «Купалаўскай» станцыяй метро я часта праходжу. Вісіць яна на доме, дзе жыў паэт-акадэмік Пятро Глебка. І вось зірне ён табе, бронзавы, услед, а ты дзеля прыліку і вершаў ягоных прыгадаць не можаш, бо са школы не перачытваў. Ды і біяграфія паэта асаблівай цікавасці не выклікáла. Ну, актыўнічаў у бурапенным «Маладняку», сакратарыў у больш сур’ёзным «Узвышшы», складаў слоўнікі, кіраваў акадэмічным інстытутам, выбіраўся дэпутатам, ездзіў у ААН прадстаўляць БССР. Усё гэта не вельмі ўражвала.

Як жа я памыляўся, палічыўшы, што скупенькі прававерна-савецкі жыццяпіс Пятра Глебкі дзесьці на запыленай паліцы мог прывабіць толькі архіўных мышэй!

Аказваецца, зусім не скупенькі — Глебкаў архіў у Акадэмічнай бібліятэцы налічвае ажно 2.100 тэчак, у большасць якіх да нядаўняга часу ніхто не заглядваў. Ды і з прававернасцю там, калі больш уважліва ўчытацца, не ўсё гладка.

А заглянула і ўчыталася ў раней незапатрабаваныя дакументы даследчыца Ганна Севярынец. У выніку на свет з’явілася кніга «Вакол Пятра Глебкі», паводле якой можна зняць захапляльны трылер. Адзін сюжэт з паэтавай жонкай чаго варты!

Так сталася, што ў 1941 годзе Ніна не адступіла разам з мужам на ўсход, а, застаўшыся ў акупаваным Мінску, уладкавалася працаваць на нямецкае радыё. Зачытвала франтавыя зводкі пра перамогі фашысцкай зброі, расказвала пра новы парадак на захопленых землях.

А ў Маскве, прыпадаючы да радыёпрымача, яе слухаў учарнелы ад гора Глебка. Як так магло стацца — яго каханая Ніна прадалася гітлераўцам, здрадзіла радзіме?!

Аднойчы немцы зладзілі ў Мінску свята ўраджаю — з удзелам генеральнага камісара, з радыётрансляцыяй з плошчы Свабоды. Ад імя маладой Беларусі кветкі Кубэ паднесла чарнявая Ларыса Глебка. Прыёмная дачка, пра якую паэт яшчэ не ведаў, яе Ніна паспела ўратаваць з прызначанага на знішчэнне гета.

«Мы слухалі радыё, і я ўявіць сабе не мог, што думае Ніна. Што ж ты, мая дзяўчынка, нарабіла? Калі жыць і служыць немцам — для мяне гэта тое ж самае, што смерць», — занатоўваў у дзённіку Глебка ў Маскве. А ў Мінску вяла дзённік Ніна, фіксавала свае будні: «Была на працы, атрымала паёк: павідла, 2 кг цукерак і вядро жыта».

Па словах Кузьмы Чорнага, Пятро Глебка заліваў сваё гора гарэлкай, часта трапляў у выпадковыя кампаніі — «жыў, як матыль у бляску дня». Але працягваў кахаць сваю Ніну, не ўяўляючы без яе свайго далейшага жыцця.

Невядома, чым скончылася б Глебкава празмернае пакланенне шкляному богу, калі б не Панамарэнка, які нарэшце выклікаў паэта да сябе і канфідэнцыйна паведаміў, што агент Т.Г.Н.І. («таварыш Глебка Ніна Іларыёнаўна») выконвае адказнае партызанскае заданне. Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у жыцці Пятра Фёдаравіча!

Эпапея з жонкай-падпольшчыцай — ці не галоўная інтрыга кнігі «Вакол Пятра Глебкі». Але і другіх цікавых момантаў на яе старонках — процьма. Прыкладам, хто ведаў, што першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка (родам з Кубані) пісаў на беларускай мове вершы? А ён іх пісаў — пад Глебкавым уплывам. 

А яшчэ Глебка быў апошнім, хто бачыў Янку Купалу — у маскоўскім крэматорыі, ужо ў вогненнай пашчы печы.

Глебка збярог у сваёй бібліятэцы кнігі рэпрэсаваных сяброў і метрыку Кастуся Каліноўскага.

Глебка ўжо пасля першых арыштаў, у 1935-м, з рызыкай для сябе апублікаваў паэму «Кармэнсіта», дзе паспрабаваў абараніць права мастака на свабоду творчасці.

Глебка і слоўнікі складаў не бяздумна — скажам, замест гвалтам накінутага слова «вучашчыйся» прыдумаў натуральнае для нашай мовы «навучэнец»…

Вам яшчэ не захацелася перачытаць Глебку? Мне — як у спёку вады папіць. Зняў з паліцы яго выбранае, разгарнуў наўгад:

Луг заліўся галасамі:
да яго ва ўсе канцы
выйшлі стройнымі радамі
загарэлыя касцы.
У кашулях ярка-белых,
у чырвоных паясах…

Хіба ж на касьбе падпярэзваліся? Ніколі не бачыў. І падумалася, што не выпадкова так прыадзеў паэт сваіх касцоў, вывеўшы іх на луг, «заліты галасамі».

Цяпер і праз «бронзы мнагапуддзе» мне бачыцца жывы чалавек, які кахаў і пакутаваў, атрымліваў ордэны і выспяткі, якому дасталося на вяку і па спіне, і па баку.

Кніга «Вакол Пятра Глебкі» здзейсніла цуд, ажывіла амярцвелы за дзесяцігоддзі барэльеф. Паболей бы такіх кніг!

Каментары2

  • Алек. Ру
    13.12.2023
    Баюся, гэты артыкул стане камандай "фас" Для страшыдлы гродзенскай І кікімары Минской.
  • б
    13.12.2023
    нешта гродзенская герастрат затмявае папулярнасцю беларускіх дзеячоў

Вялізная хваля затрыманняў — стала зразумела, на каго гэтым разам палявалі КДБ і ГУБАЗіК7

Вялізная хваля затрыманняў — стала зразумела, на каго гэтым разам палявалі КДБ і ГУБАЗіК

Усе навіны →
Усе навіны

Валярына Кустава пра былога мужа: Калі скласці афіцыйныя пералікі ад яго на дзіця, то атрымаецца каля $1 на дзень45

У пойму Заходняй Бярэзіны перасялілі больш за 30 тарпанаў. У іх будзе важная задача4

Лукашэнка прапанаваў расіянам картэльную змову па каліі6

За найпапулярнейшым рускамоўным медыя Варшавы стаяць беларусы57

Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў у «Белнафтахім» і на «Беларуськалій»1

КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем кааліцыю дваровых чатаў2

Праз моцны вецер у больш як 200 населеных пунктах былі праблемы са святлом

Сквер у цэнтры Мінска аблюбавалі бабры, яны ўпарта грызуць дрэвы1

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці затрыманняў і ператрусаў на мінулым тыдні10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялізная хваля затрыманняў — стала зразумела, на каго гэтым разам палявалі КДБ і ГУБАЗіК7

Вялізная хваля затрыманняў — стала зразумела, на каго гэтым разам палявалі КДБ і ГУБАЗіК

Галоўнае
Усе навіны →