Віцябчук абразіў у судзе памочніцу пракурора — і атрымаў дадатковыя 2,5 года зняволення
Агулам ён прасядзіць за кратамі пяць гадоў.
Сёлета ў сакавіку жыхара Віцебска судзілі за прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Аднак на судзе ён абразіў абвінаваўцу — памочніцу пракурора. І атрымаў новы крымінальны артыкул, паведамляе тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
Прэс-служба Вярхоўнага суда піша пра абставіны новага суда. У сакавіку ў судзе Першамайскага раёна абвінавачаны Сяргей Зайцаў выказаў у адрас памочніцы пракурора Віцебска выказванне, якое яна расцаніла як «прыніжаючае аўтарытэт, гонар і годнасць асобы» пры выкананні ёй службовых абавязкаў. Па ім Зайцаву прысудзілі 2,5 года і штраф 50 базавых (1850 рублёў).
А сумарна яму далі 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і 2562,4 рубля штрафа.
Зайцаў ужо мае 11 судзімасцяў.
Каментары