Непатапляльную Ірыну Дрыгу знялі з пасады. Але ў Міністэрстве культуры яна застаецца
Ірына Дрыга, вядомая па скарачэннях межаў Курапатаў і складанні чорных спісаў артыстаў, больш не адказвае за дзяржаўныя канцэрты.
Пра звальненне Дрыгі «Нашай Ніве» паведамілі крыніцы ў сістэме культуры. Паводле іх слоў, чыноўніцу знялі з пасады 16 лістапада. Дрыга была начальніцай Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва. Цяпер жа начальніцай там значыцца іншая асоба — Кацярына Усава, якая раней была дырэктаркай у Мінскім гарадскім палацы культуры.
«Апошнім часам Ірына Дрыга перастала з’яўляцца на канцэртах разам з міністрам, хаця яны заўсёды хадзілі парачкай. Гэта даволі дзіўна. Яна трымала ў страху ўвесь Мінкульт, усе яе баяліся, бо не дапускала «нядобранадзейных» артыстаў да працы. Тым не менш, некаторыя арганізацыі выпускалі незаменныя кадры, што справакавала шэраг скандалаў асабіста з Дрыгай.
Яна не проста звальняла артыстаў, а яшчэ і тэлефанавала на іншыя іх месцы працы, куды яны ўладкаваліся. Казала, маўляў, гэты чалавек не павінен у вас працаваць. Гэтага можна было і не рабіць, але яна перавыконвала план»,
— кажа крыніца «Нашай Нівы».
Ірына Дрыга цяпер пастаўлена начальніцай у аддзел па кінематаграфіі, што нашы суразмоўцы называюць «ганебным паніжэннем».
«Трэба разумець, што кінематографа ў Беларусі практычна няма, не здымаецца амаль нічога, акрамя сумесных з Расіяй карцін. То-бок працы для Дрыгі там практычна нуль. А пасада начальніка па спецмерапрыемствах мела на ўвазе абслугоўванне прэзідэнцкіх святаў. Яна была на самым версе, а цяпер не вырашае нічога», — мяркуюць суразмоўцы.
Цікава, што Дрыга не дагадзіла і прарасійскай актывістцы Вользе Бондаравай і яе паплечнікам. Тыя лічылі, што Дрыга не дае дарогу на сцэну сапраўдным патрыётам.
Сёлета падчас выступлення на дзяржаўным тэлеканале СТБ Ірына Дрыга акрэсліла патрабаванні для артыстаў, якія страцілі працу з-за сваёй пазіцыі і хочуць вярнуцца ў сферу культуры.
Па-першае, такія артысты павінны публічна заявіць пра сваю пазіцыю і адзначыць прыналежнасць да пэўнай групы людзей. Па-другое, яны павінны прыняць удзел у «культурных праектах, якія маюць грамадска-палітычны характар», то-бок праектах відавочнай праўладнай скіраванасці. Таксама чыноўніца ўзняла пытанне шчырасці пакаяння артыстаў.
Дрыга стала вядомая ў сувязі са спрэчнымі момантамі ў сферы культуры. Яе подпіс стаў пад дакументам аб скарачэнні ахоўных межаў Курапатаў — месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Таксама імя Дрыгі згадвалася ў сувязі са скандалам на кінафэсце «Лістапад-2018», калі не дапусцілі працы некаторых рэжысёраў, а дырэкцыю фэсту не запрасілі ў камісію па адборы фіналістаў нацыянальнага конкурсу.
Павел Латушка казаў, што Ірына Дрыга персанальна складала чорныя спісы беларускіх музыкантаў.
Каментары