Здароўе11

Сабралі ўсё, што трэба ведаць пра донарства сперматазоідаў і яйцаклетак

Хто звычайна здае палавыя клеткі? Наколькі строга донараў правяраюць па здароўі? Пасля здачы яйцаклетак у жанчыны могуць быць праблемы з зачаццем? Нюансы донарства разбіраем разам з акушэрам-гінеколагам-рэпрадуктолагам Валянцінам Парашчуком.

Фота: Mayte Torres / Getty Images

Хто звычайна здае палавыя клеткі

Заканадаўства Беларусі і Польшчы, дзе працуе доктар, адносна донарства палавых клетак прыкметна адрозніваецца. Самае галоўнае адрозненне — тое, што ў Беларусі за донарства плацяць. Адна з мінскіх клінік на сваім сайце паказвае, што ў сярэднім донарка яйцаклетак атрымлівае 2500 рублёў, а донар спермы можа зарабіць да 500 рублёў.

У Польшчы ж донар не атрымлівае ніякага фінансавага ўзнагароджання. Узнікае лагічнае пытанне, а што ж матывуе людзей (у першую чаргу, жанчын, бо здача яйцаклетак — больш складаная тэхнічна працэдура, якая мае на ўвазе гарманальную стымуляцыю і пункцыю пад наркозам)?

— Калі казаць пра партрэт сярэднестатыстычнай донаркі яйцаклетак, то да нас прыходзяць дзяўчаты, якія вучацца на апошніх курсах універсітэта або толькі нядаўна яго скончылі, — адзначае Валянцін Парашчук. — Галоўнае, што іх адрознівае — гэта добры аварыяльны рэзерв. Яны шчыра хочуць дапамагчы іншым стаць бацькамі. Я магу сказаць нават па сваім досведзе працы ва Украіне, дзе ёсць камерцыйнае донарства, што жаданне дапамагчы — часта нашмат важнейшае за грошы. У мяне былі пацыенткі, гледзячы на якіх было відавочна, што ў іх няма матэрыяльных праблем. Я пытаўся ў іх пра матывацыю. І звычайна чуў: «У мяне ёсць дзеці, у мяне добрыя гены — і я хачу падзяліцца імі з іншымі людзьмі».

У Беларусі стаць донарам яйцаклетак можа жанчына ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў (абавязкова, каб у яе ўжо было хаця б адно сваё дзіця). У Польшчы не вызначаны верхні ўзроставы парог, аднак, кажа Валянцін, на практыцы імкнуцца не браць жанчын старэйшых за 35 гадоў. Наяўнасць уласных дзяцей для донара не абавязковая.

Як правяраюць здароўе донара

У выпадку, калі чалавек хоча стаць донарам, яго абследуюць больш старанна, чым калі ён збіраецца звярнуцца да крыякансервацыі (замарозкі) палавых клетак асабіста для сябе. Дарэчы, стаць донарам у Польшчы можа і замежны грамадзянін.

Фота: Yulia Reznikov / Getty Images

Калі казаць пра банк мужчынскіх палавых клетак, то ўся сперма папярэдне замарожваецца. Праходзіць каля паўгода да таго моманту, як яе можна будзе выкарыстоўваць для апладнення. За гэты час донару даводзіцца другі раз здаць абавязковыя аналізы — калі паўторныя вынікі на ВІЧ, гепатыт і іншыя захворванні будуць адмоўныя, крыясперму бяруць у працу.

— Так мы можам быць упэўнены, што донар спермы, у той момант, калі здаваў біялагічны матэрыял, не знаходзіўся ў інкубацыйным перыядзе, напрыклад, гепатыту — калі вірус яшчэ не выяўляецца ў крыві, але ўжо прысутнічае ў біялагічных тканках, — тлумачыць Валянцін.

У інтэрнэце з форуму на форум вандруе міф пра тое, што донар тэарэтычна можа прынесці не свае аналізы, каб схаваць нейкія захворванні. Валянцін перакананы: на практыцы такое немагчыма, бо ўсе аналізы пацыент здае ў клініцы і няма падставы сумнявацца ў іх паходжанні.

Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе многіх — а ці правяраюць неяк, ці ёсць у сям'і донара нейкія спадчынныя захворванні? Калі, напрыклад, сярод яго радні часта сустракаецца анкалогія — ці будзе гэта «чырвоным сцягам»?

— Мы ў клініцы праводзім дэталёвае анкетаванне і кансультаванне донара. Збіраем інфармацыю пра фенатып, сямейны анамнез. Анкалогія — гэта не зусім спадчыннае захворванне, але інфармацыя пра тое, што яна ў сям'і сустракаецца часта, можа быць для нас стопам. Хоць, хутчэй за ўсё, гэта рашэнне будзе перастрахоўкай. 

Валянцін Парашчук, акушэр-гінеколаг-рэпрадуктолаг. Фота з асабістага архіва героя

Ці могуць быць негатыўныя наступствы для жанчын, якія здаюць яйцаклеткі

Для жанчыны, якая вырашыць здаць свае яйцаклеткі, працэдура выглядае наступным чынам: спачатку гарманальнае стымуляванне яечнікаў, каб вырас не адзін фалікул, а некалькі, потым праз паўтары-два тыдні адбываецца пункцыя — забор яйцаклетак. Маніпуляцыю праводзяць пад наркозам, каб яна не была балючай. Яйцаклеткі або ў гэты ж дзень апладняюцца, або іх замарожваюць і яны трапляюць у крыябанк. Калі яйцаклеткі былі аплодненыя, то праз пяць дзён на этапе бластацысты адбываецца крыякансервацыя.

Многіх жанчын, якія б тэарэтычна хацелі падзяліцца сваімі яйцаклеткамі, спыняе стэрэатып пра тое, што стымуляцыя можа негатыўна адбіцца на іх здароўі — хтосьці, напрыклад, баіцца набраць у вазе на фоне гарманальнай тэрапіі. Доктар кажа, што гэта вельмі малаімаверна.

— Набору вагі хутчэй за ўсё не будзе, таму што стымуляванне кароткатэрміновае (яно ў сярэднім доўжыцца ад 9 да 12 дзён) — гарманальны фон жанчыны вернецца ў норму ўжо да наступнага цыклу.

Вядома, мы не можам выключаць рызыкі індывідуальнай рэакцыі на нейкі з кампанентаў прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца. Але на практыцы яны вельмі добра пераносяцца — бо мы выкарыстоўваем прэпараты ад сусветных вытворцаў з добрай рэпутацыяй. За ўвесь свой досвед працы я толькі ў адной пацыенткі назіраў негатыўную рэакцыю. Безумоўна, любая медыцынская маніпуляцыя спалучаная з рызыкамі. Таму мы, лекары, баімся двух ускладненняў: першае — гэта ўнутраны крывацёк пасля пункцыі (ён сустракаецца раз на тысячу-паўтары пацыентак) і перакрут яечнікаў пасля пункцыі (таксама сустракаецца досыць рэдка). Але лекарам вядома, як паступаць у такіх сітуацыях, каб іх нівеліраваць. Яшчэ раз падкрэслю: падобныя выпадкі на практыцы бываюць вельмі рэдка, я кажу пра іх у статыстычным сэнсе, а не таму, што гэта нешта, з чым мы маем справу кожны дзень.

У польскім заканадаўстве не прапісана, з якім мінімальным інтэрвалам жанчына можа здаваць яйцаклеткі. Лекар адзначае, што калі ёсць такое жаданне, то рабіць гэта можна прапусціўшы цыкл-два пасля мінулай здачы, каб даць арганізму адпачыць.

Ёсць міф і пра тое, што пасля здачы яйцаклетак у жанчыны могуць пачацца праблемы з фертыльнасцю, аднак лекар гэта абвяргае. Ён кажа, што калі праблем не было да працэдуры, то і пасля яны не ўзнікнуць.

Фота: vasiliki / Getty Images

— Не агаворана колькасць яйцаклетак, якія дазваляецца браць ад адной жанчыны, — удакладняе доктар. — Але ёсць абмежаванне па колькасці дзяцей, якія могуць быць народжаныя ад донарскіх яйцаклетак адной жанчыны — іх можа быць не больш за дзесяць. Сапраўды такое ж абмежаванне дзейнічае і для мужчын — не больш за дзесяць дзяцей, народжаных з выкарыстаннем спермы аднаго донара. Гэтыя абмежаванні звязаны з тым, каб знізіць верагоднасць таго, што дзеці, народжаныя з выкарыстаннем біялагічнага матэрыялу аднаго чалавека, у будучыні сустрэнуцца і створаць сям'ю. Але ўлічваючы шырокую геаграфію пацыентаў цяпер і тое, што мы не жывём у закрытай супольнасці, такія рызыкі імкнуцца да нуля. Таму абмежаванні цяпер носяць прафілактычны характар.

Ці можа донар перадумаць пасля здачы палавых клетак і забараніць іх выкарыстоўваць

Валянцін адзначае, што так, такая магчымасць ёсць. Сапраўды гэтак жа, як ёсць магчымасць праз некаторы час папрасіць выкарыстоўваць свой біялагічны матэрыял для сябе (напрыклад, калі з-за нейкага захворвання ў чалавека з'явіліся праблемы з рэпрадуктыўнымі магчымасцямі). Аднак, як адзначае доктар, тым, хто загадзя плануе выкарыстаць праз некаторы час свае замарожаныя палавыя клеткі, лепш першапачаткова марозіць іх для сябе і захоўваць у крыябанку.

Чытайце таксама: 

Міфы і самыя частыя пытанні пра ЭКА: колькі спроб трэба, каб зацяжарыць, ці павялічвае гэта рызыку анкалогіі і ці важны ўзрост

Каментары1

  • Woodoo Cult
    07.12.2023
    [Рэд. выдалена]

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →