Здароўе

Міфы і самыя частыя пытанні пра ЭКА: колькі спроб трэба, каб зацяжараць, ці павялічвае гэта рызыку анкалогіі і ці важны ўзрост

Ці магчыма абраць пол дзіцяці, калі робіш ЭКА? А папрасіць адразу двайнят? Наколькі гэта ўвогуле бяспечная працэдура? «Наша Ніва» паразмаўляла пра гэта і шмат што яшчэ з Валянцінам Парашчуком, акушэрам-гінеколагам-рэпрадуктолагам, які цяпер працуе ў Польшчы. Да вайны ва Украіне ён працаваў практыкуючым лекарам і галоўным доктарам у клініцы, названай у гонар яго дзядулі Валянціна Грышчанкі. Акадэмік Грышчанка быў першым ва Украіне спецыялістам, які паспяхова здзейсніў ЭКА ў 1990-м годзе.

Валянцін Парашчук, акушэр-гінеколаг-рэпрадуктолаг. Фота з асабістага архіва героя

«Узрост мужчыны не мае такога значэння, як узрост жанчыны»

— У які момант пары трэба задумацца над тым, каб схадзіць на кансультацыю да рэпрадуктолага?

— Калі пара год займаецца неабароненым сэксам, а цяжарнасць так і не надыходзіць, гэта ўжо нагода пракансультавацца са спецыялістамі. Але гэта тычыцца пар, у якіх жанчына маладзейшая за 35 гадоў. Калі яна старэйшая, то рэкамендуюць звяртацца да рэпрадуктолага пасля шасці месяцаў беспаспяховых спроб.

— Ці мае значэнне ўзрост мужчыны? Напрыклад, калі жанчыне 30 гадоў, а яе партнёру 50.

— Узрост мужчыны не мае таго значэння, як узрост жанчыны. Бо калі мужчына здаровы, то ён і ў 50 гадоў можа стаць бацькам. А вось жанчыне пасля 43 гадоў хутчэй за ўсё прыйдзецца карыстацца яйцаклеткамі донаркі. Да 35 гадоў мы яшчэ можам змагацца за праходнасць матачных труб, рабіць пластыку, спрабаваць інсемінацыю ці кантраляванае зачацце. Пасля 35 шмат у якіх выпадках патрэбна менавіта ЭКА.

— А да якога ўзросту магчыма яго зрабіць?

— Чыста тэарэтычна мы можам зрабіць жанчыну цяжарнай і пасля 50 гадоў — нават калі ў яе ўжо спыніўся цыкл. Але я заклікаю ўсё ж такі карыстацца здаровым сэнсам: важна, каб людзі мелі час, сілы і здароўе не толькі нарадзіць дзіця, але і выгадаваць яго. (Згодна з беларускім заканадаўствам, ЭКА нельга рабіць жанчыне пасля 50 гадоў. А ў заканадаўстве Польшчы, дзе цяпер працуе доктар, гэты момант не прапісаны. — НН).

Фота: Getty Images

 Наколькі бяспечна ЭКА для жаночага здароўя? Ці ёсць супрацьпаказанні, пры якіх вы не рэкамендуеце яго рабіць?

— Канкрэтна да ЭКА наўрад ці. Але калі жанчына мае нейкую цяжкую паталогію (напрыклад, парок сэрца), то трэба разумець усе рызыкі цяжарнасці. Бо само ЭКА дае не вельмі вялікую нагрузку на арганізм у параўнанні з той нагрузкай, якая будзе на працягу 40 тыдняў цяжарнасці. Часцей за ўсё, калі фізічна жанчына можа вынасіць дзіця, то да ЭКА супрацьпаказанняў не будзе.

«Узровень адукацыі не перадаецца ў спадчыну»

— Калі мы гаворым пра ЭКА з выкарыстаннем спермы донара, ці ёсць магчымасць у жанчыны абраць яго па нейкіх параметрах?

— У Польшчы ёсць толькі ананімнае донарства. Але згодна з польскім заканадаўствам жанчына не можа прыйсці дамаўляцца пра ЭКА адна. Нават калі для працэдуры плануецца выкарыстоўваць сперму донара. (Згодна з беларускім заканадаўствам, ЭКА могуць зрабіць і самотнай жанчыне. — НН)

Неабавязкова, каб жанчына была ў афіцыйным шлюбе, але прынцыпова важна, каб разам з ёй быў мужчына, які пацвердзіць: «Так, я згодзен, каб мяне запісалі бацькам будучага дзіцяці». Пазіцыя Польшчы ў гэтым пытанні такая, што краіна супраць таго, каб нараджаліся дзеці без татаў.

І нават калі падчас цяжарнасці пара пасварыцца і спыніць зносіны, афіцыйным бацькам дзіцяці пасля яго нараджэння мужчыну запішуць. Ён будзе несці адказнасць за нованароджанага.

— Ці гаворыце пры выбары донара, які ў біялагічнага бацькі рост, колер валасоў і вачэй, узровень адукацыі?

— Узровень адукацыі біятаты не перадаецца ў спадчыну і не з'яўляецца крытэрыем выбару донара. Пра астатняе мы таксама нічога не кажам будучай маме. Так, мы самі паглядзім, каб група крыві донара падыходзіла і паспрабуем пры падборы ўлічваць фенатып. Але ўсё гэта застаецца на сумленні клінікі. Наша клініка да гэтага падыходзіць вельмі далікатна і імкнецца знайсці донара, які найлепш падыходзіць.

«У 30-гадовай жанчыны 70-80% эмбрыёнаў з нармальным наборам храмасом»

— Наколькі зараз гэта запатрабаваная працэдура?

— Штогод колькасць ЭКА стабільна расце, бо павялічваецца колькасць тых, каму ставяць дыягназ бясплоддзе. І прычыны ў гэтага цалкам лагічныя. Па-першае, людзі сталі мець больш актыўнае сэксуальнае жыццё — і як вынік часцей атрымліваць захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам. Па-другое, мы бачым у развітых краінах тэндэнцыю адкласці мацярынства на больш позні перыяд. Да нас часта прыходзяць жанчыны ўзросту 35+, якія рабілі кар’еру і нарэшце вырашылі нарадзіць. А рэальнасць можа быць не вельмі прыемнай.

Фота: Thanasis Zovoilis / Getty Images

— Давайце ўявім дзяўчыну 25 гадоў, якая хоча зразумець, ці яна можа патраціць энную колькасць гадоў на кар'еру, ці ёй трэба займацца пытаннямі мацярынства ўжо зараз. Ці можна пра гэта даведацца?

— Што мы рэальна можам зрабіць у гэтым узросце, гэта праверыць аварыяльны рэзерв яечнікаў. Але трэба разумець, што гэта выключна колькасны паказчык. Гэта не пра бясплоддзе, не пра якасць яйцаклетак. Груба кажучы, можна зразумець, ці ў яе менапаўза наступіць як ва ўсіх, ці крыху раней або пазней.

Але нават калі аказваецца, што колькасць яйцаклетак даволі вялікая, гэта не гарантуе поспеху. Напрыклад, у трыццаць гадоў можа здарыцца такое, што дзяўчыне спатрэбіцца аперацыя па выдаленні кісты, падчас якой будзе страчана значная частка яечнікавай тканкі.

Фота: d3sign / Getty Images

Жанчыны маюць пэўную колькасць яйцаклетак ад нараджэння. Выпрацоўваць новыя арганізм не можа. Атрымліваецца так, што паступова назапашваюцца паломкі ў апараце дзялення яйцаклетак.

Звычайна ў 30-гадовай жанчыны атрымліваецца 70-80% эмбрыёнаў з нармальным наборам храмасом. У 35-гадовай — ужо прыкладна 50%. А ў 40-гадовай ужо 70-80% эмбрыёнаў маюць храмасомныя анамаліі. Пасля 43 гадоў звычайна шанцы на атрыманне здаровых эмбрыёнаў імкнуцца да нуля.

І гэта не залежыць ад таго, як дзяўчына выглядае знешне. Можна ў 40 гадоў выглядаць на 25, весці здаровы лад жыцця і ўвогуле не мець ніякіх праблем са здароўем. Але яйцаклеткі пры гэтым будуць непрыдатнымі для зачацця.

З узростам сітуацыя заўсёды пагаршаецца. Чаму? Можна вінаваціць у гэтым навукова-тэхнічны прагрэс і дрэнную экалогію. Можна казаць пра тое, што прырода так абараняецца ад позніх цяжарнасцяў — шмат стагоддзяў працягласць жыцця была якіх 40 гадоў. Так, за апошняе стагоддзе вельмі вырасла якасць і працягласць жыцця. Але на эвалюцыйныя змены трэба значна больш часу.

Вяртаючыся да пытання якасці яйцаклетак. Мы не можам высветліць яе. Але калі да нас прыходзіць пара 40+, мы можам атрымаць эмбрыёны, дакультываваць да пятага дня і потым зрабіць біяпсію перад замарозкай. Мы робім генетычнае тэсціраванне (PGT-A) і атрымліваем у выніку інфармацыю аб тым, якія з эмбрыёнаў маюць нармальны набор храмасом.

Ці павышае ЭКА рызыку раку і колькі спроб трэба для паспяховай цяжарнасці

— Шмат хто з жанчын баіцца ЭКА, таму што думаюць, што будзе занадта вялікая гарманальная нагрузка на арганізм. Ці так гэта?

— Наконт ЭКА ёсць некалькі міфаў, якія трэба развянчаць.

Па-першае, многія хвалююцца, быццам бы стымуляцыя правакуе анкалогію. Ёсць даследаванні, якія пацвярджаюць: нават у пацыентак, якія маюць генетычную схільнасць да раку малочнай залозы, анкалогія не з'яўляецца часцей пасля ЭКА, чым у астатніх жанчын з такой самай праблемай. Гэта значыць, што стымуляцыя не з'яўляецца нейкім каталізатарам.

Па-другое, шмат жанчын думае, што ЭКА скарачае аварыяльны рэзерв. Але гэта не праўда. У дзяўчат у норме штомесяц губляецца адзін дамінантны фалікул і 5-10-12 антральных фалікулаў. Жанчына іх страціць у любым выпадку. Розніца ў тым, што пры стымуляцыі расце і дамінантны фалікул, і тыя больш дробныя: вырасце не адзін вялікі, а, напрыклад, дзесяць.

І добрая навіна заключаецца ў тым, што ніколі не адбудзецца так, што мы зараз сабралі 10 яйцаклетак, а потым у жанчыны на 10 месяцаў раней прыйдзе менапаўза. Гэта так не працуе. 

А слабы бок пытання ў тым, што дзяўчаты, якія маюць маленькі аварыяльны рэзерв, усё роўна не змогуць атрымаць шмат яйцаклетак за раз — будзе 3-5 у залежнасці ад аварыяльнага рэзерву. Мы не можам «узяць авансам» яйцаклеткі з наступных месяцаў.

— Як увогуле адбываецца падрыхтоўка да ЭКА?

— Спачатку жанчына здае аналізы. Потым, калі пачынаецца менструацыя, на другі дзень цыклу ёй робяць УГД. З другога-трэцяга дня пачынаецца гарманальная стымуляцыя — доўжыцца яна прыкладна 8-11 дзён. Праз дзень пасля яе завяршэння робіцца пункцыя і, калі ўсё добра, яшчэ праз пяць дзён адбываецца эмбрыяперанос. Але, калі ёсць нейкія пытанні, эмбрыёны замарожваюцца і перанос адкладаецца на нейкі час.

— Наколькі гэта ўсё балюча?

— Уколы для стымуляцыі жанчына можа рабіць самастойна (напрыклад, нават у прыбіральні на працы) — ёй не трэба для гэтага ехаць у клініку. Выкарыстоўваецца самая тонкая інсулінавая іголка.

Адзіная сапраўды непрыемная працэдура, якая была б балючай — гэта пункцыя. Але яе робяць пад наркозам. Сам працэс пераносу эмбрыёна па адчуваннях не адрозніваецца ад звычайнага агляду ў гінеколага.

— Ці можна абраць пол будучага дзіцяці?

— Гэта залежыць ад заканадаўства канкрэтнай краіны (У Беларусі выбар полу будучага дзіцяці не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі магчымыя спадчынныя захворванні, звязаныя з полам. У Польшчы, напрыклад, таксама нельга абраць пол. — НН).

— Як вы вырашаеце, каго падсаджваць — хлопчыка ці дзяўчынку? Можа, ёсць правіла, што ў гэтым месяцы ў клініцы за месяц суадносіны хлопчыкаў і дзяўчынак павінна быць 50 на 50?

 Не, мы пераносім па чарзе па змяншэнні якасці эмбрыёнаў.

— А можа жанчына, напрыклад, сказаць, што хоча атрымаць адразу двойню ці тройню?

— Калі жанчына прыходзіць з такім запытам, гэта значыць толькі адно: яе дрэнна пракансультавалі. Для чалавека норма — гэта аднаплодная цяжарнасць.

Калі пладоў некалькі, то гэта нашмат больш небяспечна і для маці, і для дзяцей. На вялікіх тэрмінах цяжарнасці дзецям вельмі некамфортна знаходзіцца разам у жываце. Напрыклад, рызыка дзіцячага цэрэбральнага паралічу пры двойні павялічваецца ў чатыры разы.

Рызыка заўчасных родаў узрастае ў пяць разоў, рызыка радавых траўмаў таксама значна павялічваецца. Вядома, усе мы замілоўваемся, калі бачым прыгожыя падвойныя каляскі на вуліцы. Але вы не бачыце, колькі дзяцей у такіх выпадках маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Усё ж галоўная задача ЭКА — гэта не сама цяжарнасць, а нараджэнне здаровага дзіцяці.

Фота: DarioGaona / Getty Images

Да таго ж, лагічней пераносіць толькі адзін эмбрыён, а не некалькі. Таму што поспех на 80% залежыць ад якасці эмбрыёна і на 20% ад эндаметрыя. А эндаметрый мяняецца ад цыкла да цыкла. І калі ў гэтым цыкле эмбрыён не прыжыўся, можна паспрабаваць з новым эндаметрыем у наступным. І ў выпадку няўдачы ў першы раз мы страцім усяго адзін эмбрыён, а не некалькі. Напрыклад, калі ў нас чатыры эмбрыёны і мы іх пераносім па адным, то можам выпрабаваць чатыры розныя эндаметрыі. 

— Колькі ў сярэднім трэба спроб ЭКА, каб зацяжарыць, вынасіць і нарадзіць?

— Па статыстыцы, калі жанчына маладзейшая за 35 гадоў, то

верагоднасць цяжарнасці пасля першага ЭКА ў яе 50-60%. За першую спробу атрымліваецца зацяжарыць у паловы тых, хто звярнуўся, за другую — у паловы ад тых, хто застаўся. За дзве-тры спробы зацяжарвае працэнтаў 90 жанчын.

«Звычайна паміж спробамі робяць перапынак адзін-два месяцы»

− Колькі можна рабіць спроб ЭКА без шкоды для здароўя?

— Афіцыйна няма абмежавання. Здаецца, у Ізраілі дзяржава аплачвае для жадаючых дзесяць спроб ЭКА — але гэта таму, што далей ужо нерэнтабельна траціць грошы на гэты выпадак, а не таму, што гэта небяспечна для здароўя.

Звычайна паміж спробамі робяць перапынак адзін-два месяцы, каб яечнікі супакоіліся. У некаторых выпадках спробы можна рабіць наогул кожны месяц, таму што мы ніяк не ўздзейнічаем на гарманальны фон, а калі ўздзейнічаем, то мадэлюем яго.

Часам адбываецца так, што жанчына пасля няўдалай спробы ЭКА зацяжарвае натуральным шляхам. Як так атрымоўваецца?

— Па-першае, сама працэдура ЭКА з'яўляецца свайго роду «перазагрузкай» для гарманальнага фону. Часам гэтага бывае дастаткова. Па-другое, прыкладна ў 20% пар з бясплоддзем смутнага генэзу атрымліваецца зачаць на этапе падрыхтоўцы да ЭКА. І гэта таксама лёгка растлумачыць. Людзі былі занадта сфакусаваныя на самой ідэі зачацця, стрэсавалі на фоне таго, што доўга не атрымоўваецца. А тут яны прыйшлі ў клініку, пераклалі адказнасць на лекараў і нарэшце змаглі расслабіцца і проста займацца сэксам для задавальнення.

У мяне бывала, што пацыенты пыталі: «А можна мы ў Турцыю перад ЭКА з'ездзім?». Я казаў: «Так, вядома». Яны вярталіся і аказвалася, што цяжарнасць ужо ёсць.

— Ці адрозніваецца цяжарнасць пасля ЭКА ад звычайнай? Некаторыя лічаць, што ў першым выпадку трэба дзевяць месяцаў ляжаць.

— Ляжанне ніяк не ўздзейнічае на цяжарнасць. Калі быў не натуральны цыкл, а стымуляцыя або мадэляваны цыкл, то жанчыне трэба да 14 тыдня ўводзіць гармоны для падтрымання цяжарнасці. Пасля гэтую функцыю возьме на сябе плацэнта. 

Калі быў мадэляваны цыкл, то крыху вышэйшая рызыка ўзнікнення позняга таксікозу. Пацверджана, што пасля ЭКА крыху большая маса цела ў дзяцей. Важна разумець, што гэта ўсё роўна вельмі рэдкія выпадкі, проста яны сустракаюцца часцей, чым у папуляцыі.

— Што прынцыпова змянілася ў ЭКА за апошнія 5-10 гадоў?

— Стала паўсюдна выкарыстоўвацца хуткая замарозка эмбрыёнаў. Гэта карэнным чынам памяняла падыходы да лячэння.

Таму што пасля павольнай замарозкі эмбрыёны адаграваліся працэнтах у 70-80 выпадкаў, а пасля хуткай — «вітрыфікацыі» — у 99. Цяпер замарозка-размарозка не псуе эмбрыёнаў. Адпаведна, можна пазбегнуць гіперстымуляцыі без шкоды для эмбрыёнаў. Калі нешта ідзе не так, мы проста замарожваем эмбрыёны.

Плюс хуткая замарозка дазволіла рабіць у спакойным тэмпе праверку эмбрыёнаў на храмасомную паталогію.

Чаму раней пры ЭКА часта атрымліваліся двайняты і трайняты? Таму што лекары перажывалі за якасць эмбрыёнаў і імкнуліся адразу перасадзіць некалькі. У 2000-х гадах такое часта адбывалася.

Цяпер мы можам пераносіць усяго адзін эмбрыён, памяншаючы тым самым рызыкі для здароўя дзіцяці і маці. І пры гэтым нічым не ахвяруем. Пасля ўсяго адной стымуляцыі можна зрабіць некалькі спроб ЭКА — і гэта карэнным чынам змяніла падыходы да працэдуры.

Усё часцей адбываецца перанос эмбрыёнаў у натуральным цыкле — цяжарнасць пасля такога наогул ніяк не будзе адрознівацца ад фізіялагічнай. Гэта вельмі карпатлівая праца, але ўсё магчыма.

Каментары

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем4

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Усе навіны →
Усе навіны

Google адключае манетызацыю відэа і рэкламы для карыстальнікаў з Беларусі5

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы7

Ціманоўская пра жыццё ў ЗША: Жудасная ежа і агідны сэрвіс69

Мазыранцы зрабілі няўдалую пластыку, яна падала пазоў на 100 тысяч рублёў1

Сёння даляр падаражэў на пяць капеек

Трое жыхароў Мінскага раёна атруціліся антыфрызам, адзін памёр1

Камунальнікі абурыліся самаробнымі лебедзямі з шынаў

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем4

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →