Галандца Марка Овермарса на год адхілілі ад футбола за сэксуальныя дамагальніцтвы
Інстытут спартыўнага права Нідэрландаў (ISR) адхіліў ад футбола Марка Овермарса, былога тэхнічнага дырэктара «Аякса», які цяпер займае аналагічную пасаду ў бельгійскім «Антвэрпэне», за настойлівую перапіску з сэксуальным падтэкстам з адной з супрацоўніц клуба. Пра гэта паведамляе мясцовае выданне De Telegraaf.
Марку Овермарсу не дазваляецца займаць якія-небудзь пасады ў арганізацыях, звязаных з футбольнай асацыяцыяй Нідэрландаў, на працягу года з выпрабавальным тэрмінам у два гады.
Перад вынясеннем вердыкту эксперты вывучылі пададзеныя аўтарам скаргі на Овермарса — больш за 300 старонак перапіскі Марка праз сацсеткі за больш чым 3,5 года. «Пераважная большасць гэтых паведамленняў маюць сэксуальную афарбоўку і ўтрымліваюць вельмі адкрыты матэрыял у аднабаковай манеры», — канстатаваў дысцыплінарны камітэт. У Овермарса ёсць магчымасць абскардзіць гэтае рашэнне.
Цяперашні клуб і працадаўца Овермарса, бельгійскі «Антверпэн», пакуль ніяк не адрэагаваў на прысуд ISR.
Спартыўны дырэктар «Аякса» Марк Овермарс падаў у адстаўку са сваёй пасады 7 лютага 2022 года пасля таго, як выявілася гісторыя пра яго інтэрнэт-дамаганні да адной з супрацоўніц клуба. Овермарс адпраўляў калезе шэраг паведамленняў з сэксуальным падтэкстам, у тым ліку дасылаў ёй фатаграфію свайго палавога органа.
Марк Овермарс у свой час быў вядомым футбалістам. У складзе амстэрдамскага «Аякса» і лонданскага «Арсенала» ён заваяваў нямала нацыянальных і еўрапейскіх трафеяў, а ў складзе зборнай Нідэрландаў двойчы (у 2000 і 2004 гадах) рабіўся бронзавым прызёрам чэмпіяната Еўропы і займаў чацвёртае месца на чэмпіянаце свету 1998 года.
Каментары