Расія навучылася абыходзіць столь цаны на нафту. Гэта дазваляе ёй фінансаваць вайну ва Украіне і рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Тлумачым, як Масква гэтага дабілася і што ЗША з саюзнікамі могуць зрабіць далей.
Як піша The Wall Street Journal, санкцыі, уведзеныя для таго, каб абмежаваць магчымасці Масквы фінансаваць ваенныя выдаткі, усё больш губляюць свой эфект. Як сцвярджаюць аналітыкі, у кастрычніку падатковыя паступленні ў расійскі бюджэт ад нафты і газу падвоіліся ў параўнанні з вераснем.
Спачатку санкцыі працавалі ў асноўным так, як чакалася. Але пазней Масква знайшла спосабы іх абыходу.
Увядзены ў снежні мінулага году парог кошту на расійскую нафту дазваляе заходнім кампаніям транспартаваць, гандляваць ці страхаваць расійскую нафту, толькі калі яна прадаецца па кошце 60 долараў за барэль ці ніжэй. У іншым выпадку яны трапяць пад санкцыі ад ЗША і іх саюзнікаў.
Расійскія нафтавыя кампаніі і іх гандлёвыя партнёры адказалі на гэта стварэннем сваёй уласнай суднаходнай сеткі, выкарыстоўваючы для перавозкі нафты флатылію танкераў, пераважна старых, дабітых, скупленых дзе толькі можна было іх скупіць.
Паводле аналітыкаў Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў, выкарыстанне старых танкераў дазволіла абысці ліміт на кошты нафты, часткова штучна завышаючы кошт перавозкі і выкарыстоўваючы недзяржаўнае страхаванне.
Згодна з даследаваннем Кіеўскай школы эканомікі, ценявы флот Расіі, які займаецца перавозкай нафты і нафтапрадуктаў з расійскіх партоў, цяпер, па стане на верасень, складаецца са 180 танкераў. Найбольш нафты ў Расіі закупляюць Кітай, Індыя і Турцыя (краіна і нашым і вашым), якія не падпарадкоўваюцца заходнім абмежаванням.
Па ацэнках некаторых аналітыкаў, памер суднаходнага флоту, які знаходзіцца ў распараджэнні Расіі, гарантуе, што большая частка яе экспарту не падпадзе пад абмежаванне.
Цяпер больш за палову экспарту сырой нафты з Расіі ажыццяўляецца з недзяржаўным страхаваннем, у той час як у студзені гэты паказчык, на звестках аналітыкаў, складаў каля 35%.
Агенцтва Argus Media адзначае, што ў апошнія месяцы разрыў ў цане паміж асноўным расійскім экспартным гатункам нафты, Urals, і эталоннай маркай Brent істотна скараціўся. У мінулым месяцы Urals таргаваўся прыкладна па 74 долары за барэль супраць 88 долараў за марку Brent.
У выніку скарачэння зніжкі, па якой Расія вымушана прадае сваю нафту ў адносінах да сусветных цэнаў, у бюджэт Крамля зноў пацяглі грошы на ваенныя расходы.
Эканамісты мяркуюць, што цалкам магчыма, што расійскі ўрад дасягне мэтавага паказчыка дэфіцыту ў 2% ВУП. Увесну некаторыя эканамісты чакалі, што ён будзе на ўзроўні 5—6%.
Пра тое, што ўведзеныя абмежаванні становяцца ўсё больш неэфектыўнымі, а рост паступленняў ад нафты дапамагаюць Маскве фінансаваць вайну і падтрымліваць сваю эканоміку, адзначана і ў нядаўняй справаздачы Сусветнага банку.
У той жа час эксперты сцвярджаюць, што нягледзячы на рост даходаў бюджэту, набыццё танкераў значна ўскладняе Крамлю закупку танкаў. Расія вымушана накіроўваць грошы не на вайну, а на выбудову інфраструктуры для абыходу санкцый.
Як паведамілі выданню крыніцы, у сувязі з тым, што цяпер большая частка расійскага нафтавага гандлю адбываецца за межамі іх юрысдыкцый, ЗША і іх саюзнікі абмяркоўваюць спосабы зрабіць больш дарагімі для Расіі пашырэнне і эксплуатацыю флатыліі караблёў, якія яна выкарыстоўвае для абыходу санкцый.
Адным са спосабаў павышэння эфектыўнасці санкцый зʼяўляецца ўзмацненне правапрымянення за парушэнні цэнавога абмежавання і ўзмацнення мер, накіраваных на перадухіленне штучнага завышэння коштаў марскіх перавозак.
«Эфектыўнасць цэнавога абмежавання знізілася, але гэта не значыць, што яго немагчыма апгрэйдзіць», — заявіла выданню навуковы супрацоўнік Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Марыя Шагіна.
Эканамічная мадэль, збудаваная рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, адзіная ў сваім родзе. Яна грунтуецца на атрыманні ад Расіі нафты і газу па нізкіх цэнах узамен на русіфікацыю Беларусі і вайскова-палітычную падтрымку Расіі. У 2022 годзе гэты нафтагазавы грант склаў рэкордныя 15 мільярдаў даляраў.
Здольнасць Расіі абыходзіць санкцыі азначае, што ў Масквы застанецца дастаткова сродкаў, каб утрымліваць у Беларусі прарасійскую дыктатуру.
Чытайце яшчэ:
Еўрасаюз зацвердзіў новы пакет санкцый супраць Расіі
Расія ўхіляецца ад санкцый усё хітрэйшымі спосабамі
Расія гандлюе нафтай у гіганцкіх маштабах, нягледзячы на санкцыі
Каментары