Як стала вядома «Нашай Ніве», сёння былі затрыманы кіраўнікі вядучых дзяржаўных малаказаводаў па ўсёй краіне. Дэталяў вобмаль, але можна меркаваць, што сэнс амаль ідэнтычны ранейшай «цукровай справе» — карупцыя і махінацыі пры продажы малака ў Расію.
Пра затрыманні кіраўнікоў малаказаводаў «Нашай Ніве» стала вядома ад трох не звязаных між сабой крыніц.
Мы ведаем пра затрыманні на Лепельскім малочным камбінаце, а таксама ў структурах магілёўскай «Бабушкіной крынкі» — фармальна прыватнага прадпрыемства, дзе абсалютная большасць акцый належыць дзяржаве.
Адбыліся затрыманні і ў іншых гарадах, але адносна іх мы не маем дакладнай інфармацыі. Пакуль невядомы і сэнс прэтэнзій.
Імаверна, гаворка ідзе пра абвінавачванні ў адкатах ад дылераў за пастаўкі таннай прадукцыі, як гэта было, напрыклад, у «цукровай справе», па якой затрымлівалі дырэктараў цукровых заводаў.
Там адным з магістральных абвінавачванняў было тое, што пасля стварэння «Беларускай цукровай кампаніі», якая мелася рэалізоўваць цукар, яе кіраўніцтва выбірала контрагентаў па карупцыйных схемах, а ўзяць тавар без адкату нібыта было немагчыма.
Што датычыць малака, то Беларусь вырабляе ў разы больш малака, чым спажывае ўнутраны рынак. Асноўныя гульцы на рынку перапрацоўкі малака — дзяржаўныя заводы. Сваю прадукцыю яны прадаюць у асноўным на расійскі рынак.
Справа рэалізацыі дзяржаўнай прадукцыі на знешнія рынкі амаль ва ўсіх сферах традыцыйна непразрыстая. У некаторых выпадках рэжым прэміруе патрэбных людзей за лаяльнасць магчымасцю браць на заводах танную прадукцыю і прадаваць яе дорага за мяжу.
Каментары