«Самае складанае і цікавае — роспіс тварыкаў». Беларуска стварае з ваты душэўныя калядныя цацкі
Бабруйчанка Ніна ўпершыню ўбачыла цацкі з ваты ў сацсетках. «Я заўсёды цікавілася творчасцю і была падпісаная на хэндмэйд-акаўнты. Маёй першай рэакцыяй было: «Ваў! Хіба можна з ваты зрабіць нешта падобнае?» — прыгадвае майстрыха. Таксама Ніна расказала выданню «1387», як адбываецца працэс нараджэння маленькага цуду, што ў гэтай справе самае складанае, дзе жывуць яе «дзеткі», а таксама падзялілася фота.
«Пасля таго, як я зацікавілася цацкамі з ваты, знайшла інфармацыю, што гэта даволі старая і вядомая тэхналогія, што выкарыстоўвалася для вырабу калядных цацак з XIX стагоддзя.
Больш за ўсё, канешне, мяне ўразіў і здзівіў роспіс тварыкаў. І дасюль для мяне гэта самае складанае і цікавае ў працэсе з’яўлення фігурак з ваты, — тлумачыць Ніна.
— Адразу ж захацела сабе такія цацкі, уяўляла, якая душэўная і цёплая ялінка з імі ў мяне будзе. А так як я чалавек творчы, многае люблю рабіць рукамі, вырашыла, што трэба навучыцца ствараць іх самой».
Першую цацку Ніна зрабіла ў 2021 годзе, на яе сышло каля трох дзён. Гэта была фігурка дзяўчынкі з падарункам, цяпер яна ўпрыгожвае ялінку мамы суразмоўніцы.
«Многія цацкі, якія я стварала ў пачатку, жывуць цяпер у маіх сваякоў», — усміхаецца майстрыха.
Што ж патрэбна для стварэння такой цацкі?
«Гэта зусім простыя матэрыялы: гліна для вырабу тварыка, дрот для каркаса, афарбаваная вата і клейстар, які гатуецца з клею ПВА і крухмалу. Вату я выкарыстоўваю самую звычайную, з аптэкі. Набываю баваўняна-ільняную і афарбоўваю яе ўручную.
У першую чаргу я рыхтую тварыкі для цацак, з гліны, што сама застывае. Раблю гэтыя загатоўкі і размалёўваю акварэльнымі фарбамі.
Далей з дроту фармую шкілецік будучай цацкі. З дапамогай клейстару з ваты фармую цела і пакідаю сохнуць. Мацую тварык да цела і раблю адзенне, пры гэтым пакідаю загатоўку сушыцца пасля кожнага элемента.
Калі цацка высахла, дадаю дэкаратыўныя элементы: каробачкі, шакаладкі, скрутачкі. Пасыпаю бліскаўкамі ці слюдой і пакрываю матавым лакам».
Ці складана навучыцца рабіць такія цацкі?
«Не складана. Асабліва, калі ёсць моцнае жаданне, якое было ў мяне, — тлумачыць Ніна. — Мне вельмі дапамог курс, на якім я атрымала не толькі веды і асновы, але і падтрымку іншых майстрых.
Вядома, спачатку можа не атрымлівацца ідэальна, але калі прыкласці трошкі намаганняў і цярпення, усё атрымаецца! Але, напэўна, нейкія здольнасці да малявання ўсё ж спатрэбяцца — для роспісу вырабаў».
Ніна дадае, што з ваты можна зрабіць практычна ўсё, што пажадаецца. Але яна аддае перавагу дзеткам з ваты, іх яна любіць больш за ўсё.
«Неяк у мяне прасілі зрабіць цацку па ўзоры з фота. Таксама часта просяць зрабіць паўтор цацкі, якую я рабіла.
Але тут трэба разумець, што поўнага падабенства не атрымаецца, як бы я таго не жадала. Бо кожная цацка ствараецца і распісваецца рукамі, а не на канвееры.
Мне падаецца, у кожнай з іх свой характар, — усміхаецца Ніна. — Пакуль я не рабіла штось зусім незвычайнае, шалёнай ідэі пакуль не маю. Адзінае — у гэтым годзе планую зрабіць вялікага Дзеда Мароза і Снягурку пад ялінку».
«Мілы напамін». У інтэрнэт-крамах прадаюць ёлачныя цацкі ў выглядзе сцягоў — чырвона-зялёнага і расійскага
«На Новы год будзем прыбіраць уласную жывую елку!» Мужчына са Светлагорска вырошчвае кіпарысы з «трафейнай» шышкі
«Замест анёлаў — чырвонаармейцы, замест Віфлеемскай зоркі — савецкая пяціканцовая». У Гродне адкрылася выстава старых ёлачных цацак
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/329402