Лістапад не можа пахваліцца мноствам гучных праектаў, але пагуляць усё роўна ёсць у што, дзякуючы праектам ад незалежных студый. Сярод іх і гульня паводле рамана Станіслава Лема.
Спіс рэлізаў на лістапад 2023 год склаў тэлеграм-канал аматараў відэагульняў «Беларускі геймер». Сярод найбольш вартых увагі праектаў адзначаюць гульні «RoboCop: Rogue City», «My Time at Sandrock», якая пакідае ранні доступ, «Call of Duty: Modern Warfare III» і «The Talos Principle 2», але гэта далёка не ўсё.
Silent Hill: Ascension («Сайлент Хіл: Узнясенне») — камп'ютарная гульня ў жанры псіхалагічнага «выжывання ў кашмары», якую распрацавалі канадская студыя Behaviour Interactive і амерыканскія кампаніі Genvid, Bad Robot і dj2 Entertainment, ужо выйшла 1 лістапада. Гэта адгалінаванне асноўнай лінейкі гульняў серыі Silent Hill, створанае ў выглядзе інтэрактыўнага серыяла, у які можна гуляць праз браўзер на iOS і Android.
This Bed We Made («Ложак, які мы заслалі») — гэта гульня-дэтэктыў ад трэцяй асобы, распрацаваная студыяй Lowbirth Games, таксама выходзіць 1 лістапада на платформах PC, Xbox One, Xbox Series, PlayStation 4, PlayStation 5. Гэта дэтэктыўная гульня ад трэцяй асобы, у якой вы гуляеце за пакаёўку ў гатэлі 1950-х гадоў і «шныпарыце» па пакоях незнаёмцаў, каб раскрыць іх смяротныя таямніцы. Даведайцеся, што аб'ядноўвае гасцей у гэтай гісторыі пра каханне, гора і забойства!
RoboCop: Rogue City («Рабакоп: горад прайдзісветаў») — шутар ад першай асобы, распрацаваны студыяй Teyon, выходзіць 2 лістапада на платформах PC, Xbox Series, PlayStation 5. Звычайнае выданне будзе каштаваць $39.99, а Alex Murphy Edition (Алекс Мёрфі – імя чалавека, ператворанага ў Рабакопа) — $49.99. Станьце культавым чалавекам, часткова машынай, але цалкам паліцыянтам-героем, спрабуючы вярнуць справядлівасць на небяспечныя, ахопленыя крыміналам вуліцы Старога Дэтройта!
The Talos Principle 2 («Прынцып Таласа 2») — камп'ютарная гульня ў жанры філасофскай галаваломкі ад першай асобы, распрацаваная студыяй Croteam, выйдзе 2 лістапада на платформах PC, Xbox Series, PlayStation 4, PlayStation 5. Цана гульні складзе $14.49. Галаваломка, якая не раз прымусіць вас задумацца, шмат у чым развівае філасофскія тэмы першай гульні і прапануе нямала цудоўных узроўняў з вельмі няпростымі загадкамі.
Thirsty Suitors («Прагныя жаніхі») — прыгодніцкая відэагульня, распрацаваная студыяй Outerloop Games, выходзіць 2 лістапада на платформах PC, Xbox One, Xbox Series, PlayStation 4, PlayStation 5, Nintendo Switch. Прагныя жаніхі ідуць за Джалай, калі яна вяртаецца дадому на вяселле сваёй сястры, і ёй даводзіцца сутыкацца з усім, ад чаго яна збегла. Ці зможа Джала палюбіць сябе і вылечыцца ад траўмаў мінулага? Thirsty Suitors — гэта стыльная сюжэтная прыгода. Уступайце ў пакрокавыя бітвы, катайцеся на скейтах, паступова даведваючыся гісторыю.
My Time at Sandrock («Мой час у Сандроку») — прыгодніцкая ролевая гульня ў постапакаліптычным свеце ад студыі Pathea выходзіць 2 лістапада на платформах PC, Xbox One, Xbox Series, PlayStation 4, PlayStation 5 і Nintendo Switch. Адпраўляйцеся ў пустыннае паселішча Сандрок і вазьміце на сябе ролю будаўніка-пачаткоўца. Выкарыстоўвайце свой надзейны набор інструментаў, каб збіраць рэсурсы, будаваць машыны і ператварыць сваю старую майстэрню ў добра зладжаную вытворчасць, якая зможа выратаваць горад ад эканамічнага краху.
For The King II — працяг знакамітай і папулярнай пакрокавай настольнай РПГ, якія прынята называць «рагалікамі», распрацаваная студыяй IronOak Games, выйдзе на PC 2 лістапада. Цана гульні складае $14.99. Ваюйце супраць каралевы Фарула ў адзіночку або ў складзе групы з чатырох гульцоў, каб разгадаць жахлівую таямніцу калісьці ўсімі любімай каралевы.
Quantum Error ад студыі TeamKill Media LLC выйдзе 3 лістапада на платформе PlayStation 5. Гульня будзе недаступная на тэрыторыі Беларусі. Сюжэт Quantum Error распавядае, як у 2109 годзе невядомая сутнасць атакуе даследчы комплекс карпарацыі Monad за 30 міль ад узбярэжжа Каліфорніі. І ў пажарную службу Сан-Францыска паступае сігнал бедства з просьбай аб дапамозе. На выклік адпраўляецца каманда на чале з капітанам Джэйкабам Томасам — галоўным героем гульні.
The Invincible («Непераможны») — прыгодніцкая відэагульня, распрацаваная студыяй Starward Industries на аснове польскага рамана «Непераможны» Станіслава Лема, выдадзенага ў 1964 годзе. Гульня выйдзе 6 лістапада на платформах PC, Xbox Series, PlayStation 5. Задумайцеся аб перавазе людзей у The Invincible — філасофскім сюжэтным вандраванні па фантастычным атампанкавым свеце Лема. Даследуйце планету Рэгіс III у пошуках свайго экіпажа, спраўляйцеся з пагрозамі і прымайце важныя рашэнні.
Stronghold: Definitive Edition — перавыданне класічнай стратэгіі з палепшанай графікай, гульнявым працэсам і Steam-мультыплэерам, якое выйдзе на PC 7 лістапада. «Вітаем вас, сір! Ваша крэпасць чакае вас». Развівайце свае землі і бярыце ў аблогі замкі каларытных сапернікаў у «сімулятары замка», які заклаў асновы жанру.
Like a Dragon Gaiden («Як цмок Гайдэн») — відэагульня ў жанры прыгодніцкага баевіка, распрацаваная Ryu Ga Gotoku Studio, выйдзе 8 лістапада на платформах PC, Xbox One, Xbox Series, PlayStation 4, PlayStation 5, але будзе недаступнай на тэрыторыі Беларусі. Цана гульні складзе $49.99. Спін-оф серыі Like a Dragon, дзеянне якога адбываецца паміж падзеямі шостай, сёмай і восьмай частак. Стварыце сваё мінулае дзеля абароны будучыні. Кадзума Кіру інсцэніраваў сваю гібель і адмовіўся ад імя, каб абараніць блізкіх. Ён зноў аказваецца ўцягнуты ў канфлікт — нехта спрабуе раскрыць яго таямніцу.
Dungeons 4 («Падзямеллі 4») выйдзе 9 лістапада на платформах PC, Xbox Series, PlayStation 5, Nintendo Switch. Цана гульні складзе $35.99. Абсалютнае Зло і верная (ці не вельмі) яму цёмная эльфійка Талія вяртаюцца пасля легендарных падзей папярэдняй часткі. Яны гатовы зноў атрымаць перамогу над сіламі дабра. Фэнтэзійная стратэгія Dungeons 4 адправіць вас будаваць падзямеллі і сеяць хаос на Зямлі.
Call of Duty: Modern Warfare III — камп’ютарная гульня ў жанры шутара ад першай асобы, восьмая гульня ў серыі Call of Duty пабачыць свет 10 лістапада на платформах PC, Xbox One, Xbox Series, PlayStation 4, PlayStation 5. Гульня была распрацавана кампаніяй Infinity Ward сумесна са студыямі Sledgehammer Games і Raven Software. Цана гульні складзе $69.99, але на тэрыторыі Беларусі яна будзе недаступнай. У прамым працягу гульні Call of Duty: Modern Warfare II капітан Прайс і АТГ-141 ізноў супрацьстаяць найвялікшай пагрозе.
The Last Faith («Апошняя вера») — бязбожны саюз жанраў метрайдванія і соўлслайк. Гульня выйдзе 15 лістапада на платформах PC, Xbox One, Xbox Series, PlayStation 4, PlayStation 5, Nintendo Switch. Ключавой асаблівасцю The Last Faith служаць бескампрамісныя бітвы, якія патрабуюць ідэальнай дакладнасці, з велізарнай колькасцю дабівальных прыёмаў.
American Arcadia, распрацаваная студыяй Out of the Blue Games, выйдзе 15 лістапада на PC. Маленькі чалавек супраць самага папулярнага рэаліці-шоу ў свеце. American Arcadia — гэта захапляльная гісторыя вызвалення, якая ўдала спалучае ў сабе элементы 2.5D-платформера і паўнавартаснай трохмернай гульні ад трэцяй асобы.
Flashback 2 — навукова-фантастычны экшэн-платформер ад студыі Microids Studio Lyon выйдзе 16 лістапада на платформах PC, Xbox One, Xbox Series, PlayStation 4, PlayStation 5, Nintendo Switch. Цана гульні складзе $24.99. Гульня дазволіць акунуцца ў небяспечны свет кіберпанку, дзе лёс чалавецтва ліпіць на павуцінцы. Морфы рыхтуюцца нанесці апошні ўдар і заняволіць усе цывілізацыі Сонечнай сістэмы — і толькі вы можаце даць ворагу адпор.
Assassin’s Creed Nexus VR, распрацаваная кампаніяй Ubisoft, будзе даступная на гарнітурах-акулярах серыі Meta Quest 16 лістапада. Адыграйце ключавую ролю ў гісторыі ў гэтай новай прыгодзе, створанай у знакамітым сусвеце «Assassin’s Creed» толькі для віртуальнай рэальнасці. Гульня, на жаль, таксама не будзе даступнай на тэрыторыі Беларусі.
Super Mario RPG для платформы Nintendo Switch выйдзе 17 лістапада. Цана гульні складзе аж $59.99. Гэта цалкам абноўленая і палепшаная версія праекта Super Mario RPG 1996 года, выдадзенай для SNES, распрацаваная кампаніяй Square (цяпер Square Enix). Гульня расказвае аб супрацьстаянні Марыа і Сміці, які трапіў у чужы свет і скраў сем частак Зорнай дарогі.
Gangs of Sherwood («Банды Шэрвуда») — экшэн-гульня для некалькіх гульцоў, дзеянне якой адбываецца ў пераасэнсаваным сусвеце Робіна Гуда. Гульня выйдзе ў канцы месяца, 30 лістапада на платформах PC, Xbox Series, PlayStation 5. Цана звычайнага выдання складзе $29.99, а выдання «Львінае сэрца» (Lionheart Edition) — $39.99. Вам давядзецца пазмагацца з войскам шэрыфа Нотынгема, узначаліўшы паўстанне ў адзіночку або з трыма іншымі гульцамі. Гуляйце за аднаго з банды рабаўнікоў, камбінуйце атакі і вядзіце людзей да свабоды ў гэтай футурыстычнай антыўтопіі па матывах легенды пра Робіна Гуда.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары