Грамадства

Калі і каму варта замарозіць палавыя клеткі і эмбрыёны для ЭКА — тлумачыць рэпрадуктолаг

Каму варта задумацца аб замарозцы яйцаклетак і эмбрыёнаў, у якім узросце гэта можна рабіць і ці можна праверыць здароўе будучага дзіцяці? Разбіраемся ў няпростай тэме разам з Валянцінам Парашчуком, акушэрам-гінеколагам-рэпрадуктолагам з вялікім стажам.

Фота: Morsa Images / Getty Images

Што такое крыякансервацыя? 

Крыякансервацыя — гэта метад замарозкі біялагічнага матэрыялу для наступнага выкарыстання ў тых ці іншых мэтах. У выпадку з рэпрадуктыўнымі клеткамі, гэта замарозка альбо спермы, альбо яйцаклетак, альбо эмбрыёнаў.

«Калі мы гаворым пра эмбрыёны, то выкарыстоўваецца вітрыфікацыя — гэта хуткая замарозка. Больш за 10 гадоў таму ў асноўным была толькі павольная замарозка. Найбольш небяспечны момант у гэтай маніпуляцыі быў на мяжы асяроддзяў — калі частка матэрыялу яшчэ вадкая, а частка ўжо зацвярдзела. Тады ў цытаплазме магло пашкодзіцца верацяно дзялення. Адпаведна, эмбрыёны па-рознаму перажывалі працэдуру. Сярэдняя выжывальнасць была каля 70—80%.

А цяпер выжывальнасць эмбрыёнаў пасля адагравання прыкладна 99%, таму што пры вітрыфікацыі мы фактычна праскокваем этап утварэння крышталяў — адразу атрымліваецца такі гелепадобны стан. Дзякуючы гэтаму верацяно дзялення не пашкоджваецца.

Адзін адсотак, які застаецца, — гэта ўнікальныя выпадкі, калі біялагічны матэрыял чалавека ў прынцыпе дрэнна пераносіць замарозку. Я як доктар з такім сутыкаюся вельмі рэдка — дзесьці раз на год», — кажа Валянцін Парашчук. 

Валянцін Парашчук, акушэр-гінеколаг-рэпрадуктолаг. Фота з архіва героя

Хуткая замарозка стала прарывам. Па-першае, можна замарозіць эмбрыёны і захоўваць іх даволі доўга, не турбуючыся аб іх захаванасці. Пары, вырашыўшы завесці другое дзіця, могуць зноў звярнуцца ў клініку праз некалькі гадоў — і атрымаць эмбрыён з маладзейшай генетыкай. 

Па-другое, можна выключыць так званы сіндром гіперстымуляцыі — гэта стан, пры якім падчас стымуляцыі вырастае шмат фалікулаў і пацыентка можа гэта цяжка пераносіць. Асноўныя рызыкі пры гэтым узнікаюць пры пераносе эмбрыёна ў тым жа цыкле, і звязаныя яны са зменамі ў гармонах пры цяжарнасці. Аднак калі адкласці перанос эмбрыёна на наступны менструальны цыкл, то ніякіх негатыўных наступстваў ад стымуляцыі не будзе, а шанец на наступленне цяжарнасці не ніжэйшы, а магчыма, нават вышэйшы.

Па-трэцяе, дзякуючы хуткай замарозцы стала рэальным праводзіць генетычную дыягностыку эмбрыёнаў без рызыкі для іх. Так, лекары могуць выключыць, напрыклад, сіндром Даўна, сіндром Эдвардса, сіндром Пата і іншыя храмасомныя анамаліі.

Фота: Carol Yepes / Getty Images

Па-чацвёртае, ёсць магчымасць пераносіць па адным эмбрыёне. 

«Раней жа чаму быў міф пра тое, што ЭКА — гэта абавязкова двайняты, а то і трайняты? Таму што рэпрадуктолагі, хвалюючыся, што эмбрыёны могуць не адагрэцца, пераносілі ў матку адразу два-тры эмбрыёны, а ў некаторых выпадках і больш (пакуль медыцынскія супольнасці ў многіх краінах не забаранілі гэта заканадаўча).

Цяпер жа мы можам пераносіць усяго адзін эмбрыён, што павышае верагоднасць таго, што не будзе нейкіх акушэрскіх ускладненняў», — патлумачыў доктар.

Ці трэба праходзіць медыцынскія абследаванні перад здачай палавых клетак?

Калі палавыя клеткі будуць выкарыстоўвацца для ЭКА, то ёсць спіс аналізаў, зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя. Калі коратка, то правяраюць на трансмісіўныя вірусныя інфекцыі (ВІЧ, гепатыт B, C, сіфіліс), краснуху, таксаплазму, аналіз на хламідыі. Дзяўчатам неабходна прайсці цыталагічнае даследаванне шыйкі маткі.

Каму варта замарозіць свае яйцаклеткі або сперматазоіды

Напрыклад, гэта можа быць варыянтам для маладых дзяўчат, якія пакуль не маюць пастаянных адносін і хочуць займацца кар'ерай. Замарожаныя яйцаклеткі можна выкарыстоўваць хоць праз 10 гадоў. 

«З узростам у яйцаклетках назапашваюцца паломкі ў апараце дзялення, — тлумачыць рэпрадуктолаг Валянцін Парашчук. —

Паводле статыстыкі, у трыццацігадовай пацыенткі атрымліваецца адсоткаў 70-80 здаровых эмбрыёнаў, у 35-гадовай — ужо 50%, у саракагадовай будзе шмат эмбрыёнаў з анамаліямі, а пасля 43 гадоў колькасць здаровых эмбрыёнаў імкнецца да 0. І гэта не залежыць ад ладу жыцця, вонкавага выгляду, расавай прыналежнасці і іншага.

З маладзейшым біяматэрыялам больш шанцаў зацяжарыць і нарадзіць здаровае дзіця». 

Калі казаць пра замарозку спермы, то часта на гэта ідуць мужчыны, чыя праца звязана з доўгай адсутнасцю дома. Напрыклад, маракі або дальнабойнікі. Калі мужчына праводзіць месяц з жонкай, а потым яшчэ тры месяцы ў працоўных раз'ездах, то пары, як правіла, цяжка зачаць дзіця. 

Яшчэ адна сітуацыя, калі, магчыма, варта задумацца аб замарозцы палавых клетак, — калі ў чалавека анкалогія і яму патрэбна будзе аперацыя або хіміятэрапія. Анкатэрапія вельмі таксічная, і пасля яе могуць узнікнуць праблемы з рэпрадуктыўнымі здольнасцямі. Часам палавыя клеткі становяцца непрыдатнымі для выкарыстання.

Фота: mego.picturae / Getty Images

Чаму лепш марозіць эмбрыёны?

Яйцаклеткі горш адаграваюцца — прыкладна ў 85—90% выпадкаў. Другі момант — не факт, што з яйцаклеткі атрымаецца эмбрыён: яна можа апладніцца, а можа і не, можа дайсці да пятага дня (стадыі бластацысты), а можа і не дайсці. А эмбрыён — гэта ўжо гатовая спроба ЭКА.

Ці можна праверыць якасць палавых клетак і эмбрыёнаў перад замарозкай?

Яйцаклеткі тэарэтычна можна, але практычна гэтага рабіць не варта, таму што пасля такіх даследаванняў яйцаклетку нельга будзе выкарыстоўваць, кажа рэпрадуктолаг. Калі мы атрымліваем набор храмасомаў з самой яйцаклеткі, то ў ёй яго не застаецца. 

Эмбрыёны можна праверыць. На пяты дзень, калі ён складаецца прыкладна з 200 клетак, бярэцца біяпсія (4-5 клетачак з бяспечнага месца, якое стане потым абалонкай плода, а не самім плодам) і накіроўваецца на даследаванне.

Эмбрыён на гэты час крыякансервуецца. А потым ужо становіцца вядома, ці рэкамендаваны ён для пераносу, ці не.

Як доўга можна захоўваць замарожаныя эмбрыёны

Эмбрыёны знаходзяцца ў вадкім азоце, там вельмі нізкая тэмпература.

«Я цяпер чытаў апісаны медыцынскі выпадак, калі эмбрыёны паспяхова выкарыстоўвалі пасля 23 гадоў замарозкі. Умоўна кажучы, яны стаяць на паўзе і не псуюцца з часам», — кажа доктар.

У Беларусі тэрмін захоўвання эмбрыёнаў узгадняецца з пацыенткай. Паводле заканадаўства Польшчы, дзе працуе Валянцін, пасля 20 гадоў захоўвання эмбрыёны могуць выкарыстоўвацца ў ананімным донарстве — знішчаць іх няможна.

«У Польшчы няможна апладняць жанчын, маладзейшых за 35 гадоў, больш за шэсць яйцаклетак — гэта зроблена менавіта для таго, каб не ўзнікала занадта вялікая колькасць незапатрабаваных эмбрыёнаў. Таму мы можам замарозіць шэсць эмбрыёнаў плюс нейкую колькасць яйцаклетак»».

Ці можа жанчына скарыстацца эмбрыёнамі, калі развялася ці муж загінуў

У выпадку разводу жанчыне неабходна будзе атрымаць пісьмовую згоду ад мужа, бо дзіця ў выніку будзе агульным.

У выпадку гібелі мужа пры пэўных юрыдычных абгрунтаваннях скарыстацца эмбрыёнамі можна.

Чытайце таксама: 

Міфы і самыя частыя пытанні пра ЭКА: колькі спроб трэба, каб зацяжарыць, ці павялічвае гэта рызыку анкалогіі і ці важны ўзрост

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →