Адразу пяць палітвязняў, асуджаных за ўдзел у акцыях пратэсту, выйшлі на волю
Усіх іх сінхронна асудзілі 10 ліпеня, і на волю яны выйшлі адначасова.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 10 ліпеня за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту асудзілі адразу пяць чалавек: Уладзіміра Ганусевіча, Аляксандра Конанава, Альберта Гарбуза, Сяргея Глінскага, Максіма Сташулёнка.
Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК. Суддзя Юлія Крэпская прызначыла ім па годзе калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Да суда ўсе ўтрымліваліся пад вартай.
Максім Сташулёнак быў затрыманы на пачатку лютага 2023 года пасля таго, як вярнуўся ў Беларусь. У 2020 годзе Максім працаваў пажарным і папярэдзіў жыхароў «Каскада», што іх нацыянальны сцяг едуць здымаць. Пасля гэтага яго звольнілі.
Ганусевіч — ураджэнец Гомеля, камандзір другога аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі № 26 Фрунзенскага раёна г. Мінска.
Усе палітвязні цалкам адбылі тэрмін і ў кастрычніку выйшлі на волю.
Каментары