Абвешчаны новы збор прац украінскіх і беларускіх пісьменнікаў для праекта #FreeAllWords
Праект #FreeAllWords адкрывае другі сезон і запрашае да ўдзелу ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў, якія працягваюць займацца творчасцю ва ўмовах расійскай ваеннай агрэсіі на тэрыторыі Украіны і беспрэцэдэнтных палітычных рэпрэсій у Беларусі.
Ініцыятыва #FreeAllWords заснаваная Еўрапейскай радай пісьменнікаў (EWC). Для праекта працуюць перакладчыкі — носьбіты 13 моў Еўропы, і гэтае кола пастаянна пашыраецца. #FreeAllWords асуджае злачынствы расійскай дзяржавы ва Украіне і ставіць на мэце пазнаёміць еўрапейскую аўдыторыю з творчасцю ўкраінскіх і беларускіх аўтараў у час жахаў вайны і рэпрэсій.
Праект праводзіць адбор прац на конкурснай аснове. Для ўдзелу запрашаем дасылаць тэксты (не болей за 7 тысяч знакаў з прабеламі) з пазначкай «аўтар/аўтарка» на адрас: [email protected]. Прымаюцца як вершы, так і проза.
У першую чаргу разглядаюцца тэксты, якія адпавядаюць тэме праекта і на якія аўтар мае эксклюзіўныя правы (не перададзеныя трэцяй асобе).
Адбор тэкстаў ажыццяўляе адмысловае журы, якое складаецца з прадстаўнікоў пісьменніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый Украіны, Літвы і Беларусі. Пасля перакладу на еўрапейскія мовы творы размяшчаюцца на сайце праекта, а з аўтарамі заключаюцца адпаведныя дамовы на не эксклюзіўнае аўтарскае права. Аплата ажыццяўляецца за кожны пераклад аўтарскіх тэкстаў на новую замежную мову.
Паколькі праект ставіць сваёй мэтай папулярызацыю аўтараў і іх творчасці, прадугледжваецца, што творы будуць друкавацца ў прэсе і размяшчацца на некамерцыйных партнёрскіх рэсурсах той краіны, на мове якой здзейснены пераклад.
Праект #FreeAllWords існуе ўжо болей за год, за гэты час больш за 130 тыс. слоў украінскіх і беларускіх аўтараў былі перакладзены на 13 моў — дацкую, англійскую, фінскую, французскую, нямецкую, венгерскую, італьянскую, латышскую, літоўскую, нарвежскую, партугальскую, румынскую і іспанскую.
Падрабязней пра праект можна даведацца на сайце праекта #Freeallwords.
Каментары