Інфармацыя і сувязь апошнія гады знаходзіліся ў топ-3 самых рэнтабельных галін айчыннай эканомікі. Аднак сёлета яе эфектыўнасць стала змяншацца, піша сайт thinktanks.by.
За восем месяцаў сярэдняя рэнтабельнасць продажу ў IT-сектары знізілася на 0,9 п.п., склаўшы 17,9%.
Выцесніў айцішнікаў з топу сектар кіравання нерухомай маёмасцю, чыя рэнтабельнасць за той жа перыяд вырасла на 1,6 п.п., як сведчаць звесткі Белстата.
Нечакана новым лідарам у 2023 годзе таксама стаў навуковы сектар, дадаўшы ў рэнтабельнасці за восем месяцаў 4,2 п.п.
Топ-3 самых рэнтабельных галін цяпер выглядае так:
фінансавая і страхавая дзейнасць (33,3 працэнта),
аперацыі з нерухомай маёмасцю (22,1 працэнта),
прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць (18,3 працэнта).
Палепшылі сваю рэнтабельнасць на працягу гэтага года такія галіны, як «фінансавая і страхавая дзейнасць» (на 3 п.п.) і «аказанне іншых відаў паслуг» — на 2,5 п.п.
А вось няўдалым сёлетні год стаў для ляснога сектара, чыя рэнтабельнасць за восем месяцаў абвалілася на 9,4 п.п., а таксама для гандлю (мінус 4,5 п.п.), горназдабыўной прамысловасці (мінус 4,5 п.п.) і сельскай гаспадаркі (мінус 3,0 п.п.).
Антырэйтынг самых нізкарэнтабельных галін узначальвае гандаль, дзе ўрад адміністрацыйна трымае цэны:
рознічны гандаль (1,0%),
аптовы гандаль (1,4%),
горназдабыўная прамысловасць (2,7%).
У цэлым па эканоміцы за восем месяцаў сярэдняя рэнтабельнасць продажу ў кампаній склала 7,4%. У 2022 годзе паказчык быў вышэйшы — 8,9%.
Каментары