«Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?» — «Калі Паўлічэнка стрэліў у яго». Гараўскі дае паказанні
Былы сахравец Юрый Гараўскі пачаў даваць паказанні ў судзе кантона Санкт-Гален у Швейцарыі. Ён пад пільнай аховай паліцыі. Гараўскага абвінавачваюць у датычнасці да знікненняў у Беларусі вядомых палітыкаў.
Як піша «Новы час», Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі пільна, падагнаўшы бус літаральна да дзвярэй суда. Сам Гараўскі быў пад капюшонам, ён хаваў твар. Здымаць у будынку суда няможна.
«Гараўскі гаворыць вельмі ціха, выглядае падаўленым, у суд ён прыйшоў з мыліцай. На пытанне суддзі, як ён сябе адчувае, падсудны адказаў, што нармальна», — перадае карэспандэнт з суда.
Гараўскі адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні суддзі. Суддзя запытаўся пра САХР і Дзмітрыя Паўлічэнку і некаторых іншых камандзіраў часці.
— Якім чынам вы пазнаёміліся з палкоўнікам Смірновым? — запытаўся суддзя.
— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.
— Чаму? Вы ж казалі пра гэта ў часе папярэдняга следства.
— Так. Але я прасіў пракурора не апублічваць гэтай інфармацыі.
Пошукавік выдае, што палкоўнік Смірноў быў кіраўніком вайсковай часці 5525, а гэтая часць — 6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.
На судзе Гараўскі распавёў пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі:
— Калі на загад Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць.
— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.
— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, вядома, я ведаў, хто гэта такі.
Гараўскі распавёў, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Ён дадаў, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад і з ім «будет проводиться беседа», і не ведаў, куды яго вязуць.
Суддзя спытаў:
— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі расстрэлы?
— Так.
— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?
Гараўскі пасля паўзы:
— Трымаў падобны.
— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?
— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.
Далей Гараўскі распавёў:
«Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: усе гатовы? Мы адказалі: так.
Мы пад'ехалі да саўны, сядзелі ў дзвюх машынах. Паўлічэнка мне і Уладзіміру Буцько сказаў прайсціся і паглядзець, дзе і як мы будзем ажыццяўляць затрыманне.
Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разбіцці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасць злачынства. Я спецыяльна разбіў яму (Ганчару) нос, каб пайшла кроў.
Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына была джып чорнага колеру.
Мы паехалі ў бок Бягомля.
Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы, Паўлічэнка выйшаў з машыны, праз пяць хвілін падышоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: узніміце галовы. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: так, гэта ён.
Паўлічэнка сеў у машыну і мы паехалі ў Бягомль.
У Бягомлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага падышоў Паўлічэнка і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў.
Пасля хвілін праз 5-10 сказаў распранаць іх, і калі я распранаў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца.
Я запусціў руку ў туфлю і дастаў спецыяльную сцілку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы».
Гараўскі сцвярджае, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі «эскадрона смерці» пасля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку. «Бо ён доўга гарыць», — сказаў Паўлічэнка.
Гараўскі адмаўляецца ад папярэдніх сведчанняў, што пісталет быў у яго. Кажа суддзі, што гэта вынік «кепскага перакладу».
Пасля Гараўскі заявіў:
— Перш за ўсё я прыношу прабачэнні родным. Я глыбока шкадую аб сваім саўдзеле ў гэтым. Спадзяюся, сваякі прымуць мае прабачэнні.
За спінай Гараўскага ў судовай залі сядзіць дачка Юрыя Захаранкі — Алена. Але, зачытваючы з паперы гэтыя словы прабачэння, Гараўскі працягваў сядзець да яе спінай і нават не павярнуўся.
Таксама Гараўскага дапытаў пракурор. Той адразу перайшоў да супярэчнасцяў у ранейшых паказаннях экс-байца САХР і яго сённяшніх судовых паказаннях.
— Вы самі раней сказалі, што дасталі з машыны пісталет і далі Паўлічэнку?
— Паўлічэнка дастаў пісталет з машыны, і я гэта бачыў, — з раздражненнем адрэзаў Гараўскі.
Пракурор настойвае на тым, што падсудны раней тры разы казаў аб тым, што сам браў пісталет і перадаваў Паўлічэнку.
Гараўскі выходзіць з раўнавагі і вельмі гучна вымаўляе: «Былі няправільна сфармуляваныя пытанні. Калі ласка, правільна фармулюйце свае пытанні».
І працягвае настойваць на тым, што расстрэльны пісталет Паўлічэнку не даваў.
Суд працягваецца.
Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХРа ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжныя засядацелі. Калі яны прызнаюць Гараўскага вінаватым, гэта стане абвінаваўчым прысудам і для беларускага рэжыму, лічаць юрысты.
Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бягомлем ФОТА
«Машына была на глыбіні аднаго метра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Экс-спецназавец Юрый Гараўскі адказаў на абвінавачванні ад Паўлічэнкі ў хлусні
Дзмітрый Паўлічэнка выступіў з афіцыйнай заявай наконт абвінавачванняў у забойствах палітыкаў
«Я не даваў такой каманды». Лукашэнка пракаментаваў справу зніклых палітыкаў
«Яны стралялі ў спіну»: дачка Захаранкі сустрэлася з экс-байцом спецназу Юрыем Гараўскім
Каментары