«Тады Расіі будзе напляваць на Данбас»: генерал ЗША распавёў, як Украіна пераможа ў вайне
Украіне для перамогі ў поўнамаштабнай вайне неабходна зрабіць акупаваны Крым непрыступным для войска РФ.
Такое меркаванне выказаў былы камандуючы арміяй Злучаных Штатаў Амерыкі ў Еўропе, генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Ходжэс у твітары, адказваючы на пост шведска-амерыканскага эканаміста і дыпламата Андэрса Ослунда аб нападзе на Крымскі мост, заўважыў «УНІАН».
«Украіна, падобна, паступае правільна. Яна бамбіць Керчанскі мост і масты на поўначы Крыма, пакідаючы Крым без сухапутнага забеспячэння. Расіі лепш сысці з Крыма і Севастопаля», — напісаў Ослунд.
У адказ Ходжэс напісаў, што вельмі верыць у Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны і яго вайскоўцаў. «Ізаляваць Крым і зрабіць яго непрыступным для расійскіх войскаў — вось як яны перамогуць. Крым — гэта ключ. Крамлю будзе напляваць на Данбас, калі з Крымам будзе скончана», — дадаў ён.
Упершыню выбухі на мосце прагучалі 8 кастрычніка 2022 года. На месцы выбуху пачаўся пажар, у выніку здарэння абрынуліся два аўтамабільныя пралёты. Другая атака была ў ноч на 17 ліпеня 2023 года.
12 жніўня УСУ зноў ударылі па Крымскім мосце. Акупацыйныя ўлады паведамілі, што перахапілі сіламі СПА дзве ракеты. Рух па мосце быў перакрыты некалькі гадзін.
Пра датычнасць Украіны да ўдараў па Крымскім мосце ў сваім вячэрнім звароце 13 жніўня сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Каментары