У Бялыніцкім раёне каровы ўшчэнт аб'елі людскія агароды. Людзі збіраюцца скардзіцца Лукашэнку
У рэдакцыю выдання «Магілёў-анлайн» звярнулася жыхарка вёскі Малы Кудзін Бялыніцкага раёна, якая падзялілася праблемай: каровы мясцовага сельгаспрадпрыемства пазбавілі вяскоўцаў усялякіх надзей сабраць хоць нейкі ўраджай.
Поле, якое пацярпела ад каровіных набегаў, лічыцца агульным: у вяскоўцаў ёсць свае маленькія агароды каля хат, а на агульнай неабгароджанай вялікай дзялянцы яны таксама высаджваюць гародніну для сваіх сем'яў.
У пачатку сезона здарыўся першы набег кароў на засаджаныя ўчасткі — былі страты, але тады людзі паспелі сёе-тое адсеяць. А ў канцы ліпеня ўсё паўтарылася.
Уначы каровы без нагляду пастуха пайшлі па агародах і знішчылі ўраджай, які людзі даглядалі ўсё лета. Вытапталі бульбу, з'елі капусту, фасолю, моркву. Прадукты, вырашчаныя на зямлі дзеля сямейных патрэб, цалкам знішчаныя.
Міліцыя прыняла ад мясцовых жыхароў заяву, і па выніках праверкі прыйшоў адказ: пастухі ў гэты дзень былі цвярозыя. А далей прапанавалі вяскоўцам звяртацца ў суд.
Старшыня Галоўчынскага сельсавета Аляксандр Ляўковіч так пракаментаваў сітуацыю:
«Каровы, якія пасвіліся побач з агародамі, належаць бялыніцкаму ААТ «Аграсэрвіс». Звычайна пасля такіх выпадкаў ствараецца камісія, якая ацэньвае шкоду. Па выніках людзям павінны вярнуць страты. Звычайна бывае так».
Як паведамляе жанчына, якая звярнулася ў рэдакцыю выдання, камісія сапраўды прыходзіла, але дакладных сум ніхто не назваў. Відавочна, яны будуць толькі пасля разлікаў. Шкоду ацэняць і адправяць афіцыйны ліст заяўнікам, аднак у тым, што страты сумленна кампенсуюць, мясцовыя жыхары сумняваюцца.
«Мы з суседзямі вырашылі пачаць агароджваць участкі падручнымі сродкамі, але не ў кожнай бабулі ёсць магчымасць зрабіць такую працу. Цяпер жа 1/3 вёскі засталася без свайго ўраджаю праз тое, што пастухі за каровамі проста не сачылі, і цяпер адказваць за тое, што здарылася, ніхто не хоча», — падсумавала жанчына.
Пры гэтым яна не выключае, што будзе звяртацца і ў Адміністрацыю Лукашэнкі.
Каментары