Ці можа Лукашэнка пайсці на вызваленне палітвязняў у абмен на палонных наймітаў
Днямі беларусы, якія ваявалі на баку Расіі і трапілі ў палон ва Украіне, звярнуліся да Лукашэнкі і прапанавалі яму абмяняць іх на палітычных зняволеных. Спыталі ў аналітыка, ці маюць такія прапановы шанец быць прынятымі Лукашэнкам.
«Само знаходжанне палітвязняў за кратамі застаецца адным з аспектаў рэпрэсій»
Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі называе такі варыянт малаімаверным.
«У Лукашэнкі няма ніякай асабістай матывацыі, каб ісці на такія крокі», — лічыць Класкоўскі.
Аналітык нагадвае, што ў пытаннях вызвалення палітвязняў у Лукашэнкі ёсць вельмі прынцыповая пазіцыя, якая палягае на тым, што ён не хоча адкручваць гайкі і паслабляць рэпрэсіі.
«Само знаходжанне палітвязняў за кратамі застаецца адным з аспектаў рэпрэсій», — кажа аналітык.
Класкоўскі ўпэўнены, што Лукашэнка хоча, каб пачуццё беспрасветнасці і бездапаможнасці панавала сярод ягоных палітычных апанентаў.
«Ён не хоча даваць ім нейкую порцыю пазітыву. Вызваленне хоць нейкай часткі палітвязняў было б на ўра ўспрынята пратэснай часткай грамадства, акрыліла б праціўнікаў рэжыму. Дарыць такую радасць Лукашэнка прынцыпова не хоча. Ён хоча, каб яны былі ў фрустрацыі, каб там панавала безнадзейнасць», — лічыць Класкоўскі.
Таксама аналітык звяртае ўвагу на тое, што ў звароце згадваецца полк Каліноўскага, з якім трэба кантактаваць, каб вырашыць гэтае пытанне. Класкоўскі ўпэўнены, што Лукашэнка ніколі не пойдзе на кантакт з палком.
Пры гэтым аналітык не выключае, што пры пэўных умовах Лукашэнка мог бы пачаць гандляваць палітвязнямі.
«Такое магчыма, калі для Лукашэнкі гэтая тэма ўяўляла б нейкую цікавасць, калі б была нейкая відавочная для яго выгада. Напрыклад, калі гаворка ішла б пра зняцце санкцый. Тады можна сабе ўявіць, што Лукашэнка ідзе на нейкія саступкі. Але гэта дакладна не гісторыя пра вызваленне нейкіх двух наймітаў», — лічыць аналітык.
«Цяжка ўявіць, каб ён пачаў аб нечым дамаўляцца з апазіцыяй»
І нават тут, на думку Класкоўскага, трэба разумець, што калі Лукашэнка і пагодзіцца весці размовы, то непасрэдна з Захадам, а не з Ціханоўскай, іншымі прадстаўнікамі апазіцыі ці палком Каліноўскага.
«Для яго гэта занадта раздражняльны фактар. Таму цяжка ўявіць, каб ён пачаў аб нечым дамаўляцца з апазіцыяй, ці «пятай калонай», як ён яе даўно называе.
Ён і раней на тэму зняцця санкцый вёў перамовы непасрэдна з Захадам: што ён вызваляе палітвязняў, а ЕС у адказ скасоўвае абмежавальныя меры. Так гэта заўжды выглядала. Вяртаючыся да тых наймітаў — ніякага эканамічнага эфекту не будзе. Гаворка ідзе толькі пра тое, што будуць вызваленыя дзве малазначныя фігуры, якія для Пуціна і Лукашэнкі расходны матэрыял», — тлумачыць Аляксандр Класкоўскі.
Аналітык адзначае: калі б гэта былі грамадзяне РФ, то можна было б хоць неяк гэта прадаць Расіі. Але ў гэтым выпадку размова ідзе пра двух грамадзян Беларусі.
«Пуцін і сваімі не надта пераймаецца, а тут наогул беларусы. Таму нават казырнуць перад Крамлём, вызваліўшы іх, не ўдасца».
Класкоўскі лічыць, што гэтая прапанова абсалютна бесперспектыўная для палонных. У Расіі іх таксама не лічаць за герояў, бо яны ў палоне, наколькі можна зразумець, сведчылі пра ваенныя злачынствы расійскага боку, праз што іх, трэба думаць, залічылі ў здраднікі.
«Паводле беларускага заканадаўства, гэта наогул найміты, якіх трэба судзіць. Ды і ў вачах беларускага грамадства такое вызваленне не знойдзе вялікай падтрымкі. У абсалютнай большасці беларусы не падтрымліваюць гэтую вайну. Выйдзе, што ён вызваліць людзей, якія бралі ўдзел у непапулярнай вайне. То-бок, вызваліўшы іх, Лукашэнка ні ў чыіх вачах не ўзвышаецца і не зарабляе нейкіх дывідэндаў. Таму гэта ідэя і гісторыя выглядаюць, найхутчэй, бесперспектыўна. Хіба што толькі мы не ведаем нейкіх важных акалічнасцяў, якія могуць паўплываць на гэты сюжэт», — адзначае Аляксандр Класкоўскі.
У ПВК «Вагнер» назвалі колькасць байцоў у Беларусі
Польшча хоча адправіць на мяжу з Беларуссю яшчэ тысячу салдат
Каментары