Грамадства

«Запіс сноў стаўлю на паўзу». Андрэй Кузнечык прачытаў за кратамі ўжо амаль 100 кніг

Асуджаны на шэсць гадоў калоніі палітвязень і журналіст «Свабоды» паспявае чытаць за кратамі, хоць працуе на лесапілцы шэсць дзён на тыдзень. За апошні месяц Андрэй Кузнечык прачытаў Ажэшку, Каэлья, Фіцджэральда. А таксама набыў кнігі Жылкі, Дубоўкі, Зарэцкага, Мрыя, Галавача.

«У Ажэшкі не спадабалася непрыхаванае маралізатарства»

Месяц таму Андрэй Кузнечык даслаў спіс з 82-х кніг, якія прачытаў за паўтара года ў вязніцах. Размясціў іх у алфавітным парадку паводле прозвішчаў аўтара, а таксама пазначыў, у якія даты чытаў і колькі дзён заняло чытанне. Імаверна, з таго часу пералік павялічыўся.

«Сёння дачытаў «Хама» Ажэшкі і нечакана ў новым «Дзеяслове» натрапіў на мастацкі твор пра Ажэшку, — піша Андрэй з-за кратаў. — Гэтак склаўся дзіўны ланцужок супадзенняў. «Пан Тадэвуш» — Эліза Ажэшка (цікава стала, як тут пісала пра нас па-польску прадстаўніца пакалення нашчадкаў 1863 года) — твор пра Ажэшку. Дарэчы, у Ажэшкі не спадабалася непрыхаванае маралізатарства. Дык дзяцей усё кормяць цукеркамі і цукрам. Хоць кластар ведаў запоўніў з прыемнасцю. Можа, яшчэ і да Пруста дабяруся».

«Прачытаў параеную табой кніжку Каэлья пра славенку. Прыемнае адкрыццё, тым больш што месца дзеяння знаёмае і любімае. Цяпер ёсць нагода паказаць табе і тыя тры масты адзін пры адным, і рынак на плошчы побач, і помнік Прэшэрну з фантанам. Ну, і замак будзе па-над намі ўвесь час. Фіцджэральда таксама ўзяў, праўда, пасля Каэлья ён чытаецца цяжэй».

«Яшчэ прачытаў у «Звяздзе», што караценька перавыдалі Янку Брыля. А я якраз чапляўся вокам за ягоныя лірычныя мініяцюры 1980 года выдання. То ўзяў пачытаць».

«Жылка стаў часткай майго культурнага кода яшчэ з ліцэя»

З яго лістоў вядома, што Андрэй заўсёды з нецярпеннем чакае прыезду ў калонію кнігарні. Адмыслова рыхтуецца, складае спісы, раіцца з жонкай Алесяй, якая таксама філолаг.

«Прыдбаў у кнігарні, што да нас заехала, кнігі-вітаміны з твайго спіса (ён працуе, ура!): Жылка, Дубоўка, Зарэцкі, Мрый, Галавач — гэта найлепшыя паляпшальнікі настрою, мае ўлюбёнцы яшчэ з філфака, а Жылка стаў часткай майго, як кажуць, культурнага кода яшчэ з ліцэя, я без яго сумаваў ажно.

«Голы звер» Зарэцкага — адно з нядаўніх моцных кніжных затурэмных уражанняў. А Іпатаву яшчэ толькі буду адкрываць, дагэтуль то адно, то другое замінала. Глобуса яшчэ не даставілі. Спадзяюся, бо раскупілі, а не праз экстралінгвістычныя акалічнасці».

«Засталося ўражанне незразумелага нядбайства»

З лістоў Кузнечыка вынікае, што ў калоніі шмат адукаваных людзей, якія вядуць спрэчкі на літаратурныя і лінгвістычныя тэмы. Але літаратуры бракуе, доступу да інтэрнэту няма. Таму Андрэй дае жонцы заданні:

«Пашукай у слоўніку тлумачэнні: пожня, завоіна, кукан, старчак, гаток, аполак, котлішча, мэндлік. Гэта з Брыля. А з «пожняй» у нас тут разышліся ўяўленні, дык трэба ўдакладніць».

У выязной кнігарні, якая нядаўна прыязджала ў калонію, Андрэй набыў і слоўнік. І нават параўнаў яго з іншым.

«Дзіўным макарам трапіў сюды той самы слоўнік Гамезы (Л. М. Гамеза. Комплексны лексічны слоўнік беларускай мовы (сінонімы, антонімы, амонімы, паронімы)» за няпоўныя два рублі. Грэх было не ўзяць. Тым больш што ў межах сваёй канцэпцыі выглядае ён больш талкова, чым «Вялікі беларуска-рускі слоўнік» (і наадварот) з 50 тысячамі слоў.

Ёсць там «кіндар-сюрпрыз», «вай фай» і «мадэм», але няма вільчыка, весніц, процьмы частак цела, прылад ручной працы, рэчаў вясковага жыцця. Збыткоўнасць, змяшаная з выпадковасцю і недастатковасцю — засталося ўражанне незразумелага нядбайства», — так ацэньвае прафесійны рэдактар, філолаг Андрэй Кузнечык набыты слоўнік.

«Прыемна бачыць у спісе знаёмых філфакаўцаў»

Андрэй выпісвае амаль усю беларускамоўную перыёдыку, вылоўлівае ў ёй цікавыя факты. У «Вячэрнім Мінску» ён знайшоў топ-10 самых папулярных кніжак у дзяцей з бібліятэкі № 2.

«Першыя 6 месцаў займаюць беларускамоўныя кніжкі: Алесь Карлюкевіч, Міхась Пазнякоў, Ірына Токарава, Кацярына Хадасевіч, Аляксей Шэін, Лілія Ілюшына. Прыемна бачыць у спісе знаёмых філфакаўцаў. Ну, і надаюць аптымізму такія перавагі юных чытачоў наконт будучыні. Здаецца, з імі прыемна будзе жыць у адной краіне».

Цікавіцца Андрэй, ці выходзяць у Беларусі яшчэ так званыя «глянцавыя часопісы», колькі яны каштуюць. Просіць жонку самой не марнаваць часу, а папрасіць каго-небудзь даведацца, «пагугліць»:

«А ці існуюць яшчэ беларускія глянцавыя часопісы «Беларусь», «Архітэктура і будаўніцтва»? Ці нешта цікавае ў іх ёсць? Ці ўсё роўнае, як «лінія партыі»? Колькі каштуюць? А расейскі часопіс Esquire яшчэ выдаецца? Каштуе як самалёт? А змест?»

«Запіс сноў стаўлю на паўзу»

Звычайна ў лістах Андрэй дзеліцца сваімі неверагоднымі снамі, якія стараецца запамінаць, таму мае дэталізаваныя і бессэнсоўныя для пераказвання сюжэты.

«Прынамсі, цяпер дакладна ведаю, што ўначы ў мяне багатае на экшн і дэкарацыі відовішча. Самалёты, ровары, метро, Шабаны, Пескавацік, усе вёскі з дарогі Берашова — Віцебск. Ну, і нейкія падземныя гарады з падземнымі каткамі, атракцыёнамі, самалётамі ў падземным небе. А неяк поўз на нашу прэм’еру ў лабірынце ад ЦУМа да «Акадэмкнігі» амаль усю ноч, усіх апярэдзіў, а потым гляджу — усе наўкола ходзяць нагамі, ну то і мне нічога не засталося, як прачнуцца ад няёмкасці. Карацей, запіс сноў стаўлю на паўзу, бо задужа стракатая палітра для трымання ва ўспамінах».

Андрэй і з-за кратаў стараецца даваць парады, як выхоўваць дзетак, піша ім вершы, радуецца дасягненням. Жонка дасылае шмат раздрукаваных фатаграфій, каб Андрэй бачыў, як дзеці растуць, чым займаюцца на вакацыях.

«Цнянка, Ратамка, заапарк, коні — вельмі радасна чытаць пра ваш такі насычаны адпачынак! Адно што — як бы не давялося адпачываць ад такога тэмпу адпачывання:) І зноў майстэрскія фота, а гэтая, з Мацейкавым адлюстраваннем у заапарку, — наогул шэдэўр! Забаўна, як мы з табой сінхронна напісалі адно адному пра Цнянку», — дзеліцца сваімі ўражаннямі Андрэй Кузнечык.

***

Андрэя Кузнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 года. Першапачаткова яму некалькі разоў давалі адміністрацыйныя суткі, але з Акрэсціна так і не выпусцілі. 23 снежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але інфармацыя, паводле якога артыкула была распачатая крымінальная справа, не паведамлялася. Кузнечыка перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску. Сваякам не паведамлялі сутнасць абвінавачанняў, адвакат знаходзіўся пад падпіскай аб неразгалошванні.

Разгляд ягонай справы адбыўся 8 чэрвеня 2022 г. у Магілёўскім абласным судзе. Праваабаронцам стала вядома, што журналіста абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Суддзя Ігар Шведаў прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам шэсць гадоў. Кузнечыка этапавалі ў наваполацкую калонію № 1. 

Адрас для падтрымкі: 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК №1, Кузнечыку Андрэю Анатолевічу.

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай1

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»35

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!14

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з 4 загінулымі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →