Нядаўняе крушэнне ва Украіне толькі што пастаўленага амерыканскага знішчальніка F-16 магло быць выклікана пашкоджаннямі ад аскепкаў збітай расійскай ракеты, паведаміла выданне Breaking Defense.
Як даведаліся журналісты, у ноч, калі адбылася катастрофа самалёта, пілот Аляксей Месь павінен быў збіваць расійскія ракеты і беспілотнікі ў супрацоўніцтве з іншымі самалётамі F-16, а таксама сістэмамі Patriot і іншымі наземнымі батарэямі СПА.
Па звестках выдання, адзін з магчымых сцэнароў далейшага развіцця падзей, які абмяркоўваюць ва ўкраінскім абаронным ведамстве, — гэта тое, што F-16 выпадкова праляцеў праз воблак аскепкаў пасля паспяховага перахоплівання і знішчэння адной з расійскіх ракет.
Гэтыя аскепкі маглі пашкодзіць рухавік і іншыя часткі самалёта, у выніку чаго ён разляцеўся на часткі. Пілот Месь, імаверна, загінуў да таго, як змог катапультавацца.
Прытым гэта нібыта не першы ўкраінскі самалёт, які разбіўся па гэтай прычыне, паведаміла выданне, спасылаючыся на крыніцы ва ўкраінскай абароннай галіне.
У артыкуле адзначаецца, што да гэтага нібыта ад аскепкаў збітых ракет украінцамі былі страчаныя два самалёты МіГ-29 і два Су. Але раней такія выпадкі не прыцягвалі ўвагі, бо гэта не была страта дарагіх і сучасных F-16.
Адразу пасля страты самалёта F-16 прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звольніў камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі Міколу Алешчука. Паралельна з гэтым хадзілі версіі, што самалёт мог быць збіты ўласнымі сродкамі СПА, або знішчаны расійскай ракетай на зямлі.
Каментары