«Руплівец мастацтва павінен дбаць пра адзінства народа, моц і трываласць дзяржавы» — новая дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея
Ганну Конанаву прызначылі замест Уладзіміра Пракапцова, які ўзначальваў музей 25 гадоў, але быў звольнены за нелаяльнасць. Новая дырэктарка адразу акрэсліла ў інтэрв'ю выданню «Культура», як яна будзе працаваць на пасадзе кіраўніка галоўнага музея краіны.
«Ёсць пэўныя чаканні. У 2020 годзе да мяне прыйшло разуменне, што ў моманты грамадзянскай напружанасці, рэвалюцыі, вайны мастацтва перастае быць запатрабаваным. Толькі ў стабільнай дзяржаве квітнее культура. Таму руплівец мастацтва павінен дбаць пра адзінства народа, моц і трываласць дзяржавы.
Адпаведную задачу нам паставіў і прэзідэнт Беларусі ў сваёй прамове на цырымоніі ўручэння ўзнагарод дзеячам культуры ў Дзень Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка досыць выразна сказаў пра хісткасць і крохкасць міру. Выпрабаванні, якія стаяць перад чалавецтвам цяпер, гэта не столькі пытанне стаўлення да палітыкі. Гэта пытанне бітвы дабра і зла. Экзістэнцыяльнае, сур’ёзнае пытанне. Мір — гэта дабро. Таму дзеячы культуры павінны праз сваю творчасць дбаць аб захаванні міру», — сцвярджае Ганна Конанава.
Яна кажа, што для яе важны светапоглядны аспект у любой справе, з якога вынікаюць потым і мерапрыемствы, і акцэнты ў планаванні дзейнасці.
«Традыцыйныя каштоўнасці — тое, што вельмі актуальна сёння. І наконт гэтага ў мяне ёсць задумы. Не хацелася б іх агучваць: планы любяць цішыню. Магу толькі сказаць, што ёсць вялікае жаданне зрабіць нешта карыснае для Радзімы», — зазначае новая дырэктарка.
Яна расказала таксама пра задачы, якія перад ёй паставіў міністр культуры:
«Калі коратка, то пашыраць пералік платных паслуг і павышаць даходы пазабюджэтнай дзейнасці. Ствараць новыя перасоўныя праекты, прыцягваць маладых мастакоў і пашыраць супрацоўніцтва з установамі адукацыі. Надаць больш увагі навуковай і рэстаўрацыйнай дзейнасці.
Адпаведна, цяпер думаем, як павялічыць колькасць мерапрыемстваў і наведвальнасць, у якім выглядзе лепш арганізаваць перасоўныя праекты і ці можна ў іх выкарыстоўваць арыгіналы нашых шэдэўраў. Такі досвед у музея ўжо ёсць. Да прыкладу, у межах святкавання Дня Незалежнасці мы праводзілі выставы ў Палацы Рэспублікі і ў Вялікім тэатры оперы і балета. Напрацоўкі ёсць, а механізм ахоўнасці экспанатаў неабходна будзе ўзмацняць і ўдасканальваць».
Каментары