Здароўе66

Людзі могуць садзейнічаць распаўсюджванню паразіта, які змяняе свядомасць

Таксаплазма — тып паразітаў, вядомы як Toxoplasma gondii, — любіць катоў і ў літаральным сэнсе змяняе свядомасць розных жывёл. Новае даследаванне паказала, што і хатнія, і бяздомныя каты часцей пераносяць гэтага паразіта менавіта ў раёнах з павышанай шчыльнасцю насельніцтва.

Фота: vecteezy

Toxoplasma gondii — гэта аднаклетачны прасцейшы паразіт з даволі складаным жыццёвым цыклам. Каты — яго адзіныя асноўныя гаспадары, але, каб патрапіць у арганізм ката, таксаплазме трэба прайсці доўгі шлях, падобны да падарожжа Адысея. Каб апынуцца ўнутры ката, паразіт заражае і маніпулюе паводзінамі прамежкавых гаспадароў, асабліва грызуноў. Таксаплазма робіць іх больш безразважнымі і даверлівымі, а таму больш уразлівымі для таго, каб каты іх злавілі і з'елі. 

Як толькі кот з’ядае інфікаваную і праз тое бестурботную і бясстрашную мыш, таксаплазма апынаецца ўнутры кацінага арганізма, дзе дасягае поўнай сталасці і прадукуе новае пакаленне, якое потым трапляе разам з экскрэментамі ў навакольнае асяроддзе, што дазваляе незвычайнаму ланцужку падзей пачацца зноў.

Нягледзячы на тое, што Toxoplasma gondii часцей глытаюць грызуны, гэтым паразітам могуць заразіцца практычна ўсе цеплакроўныя жывёлы і чалавек. Арганізм такіх выпадковых пераносчыкаў звычайна ёсць тупіком для паразіта, як піша Gizmodo, але таксаплазма ўсё роўна можа выклікаць непрыемнасці для арганізма, якому не пашанцавала сутыкнуцца з ёй. 

У людзей гэты паразіт звычайна не прыводзіць да сур’ёзных праблем, але часам усё ж можа выклікаць небяспечную для жыцця вострую інфекцыю — таксаплазмоз. Даследаванні паказалі, што хранічная інфекцыя T. gondii можа ўплываць на паводзіны і здароўе мозга людзей, а таксама буйных жывёл, хоць і на больш тонкім узроўні, чым у грызуноў.

Здольнасць таксаплазмы ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гаспадара зрабілі паразіта важнай тэмай даследаванняў, але, па словах аўтараў новага даследавання, апублікаванага ў PLOS-One, дагэтуль не было шмат прац па вывучэнні фактараў, якія могуць паўплываць на распаўсюджванне паразіта.

Фота: vecteezy

Аўтары прааналізавалі дзясяткі мінулых даследаванняў, праведзеных па ўсім свеце, якія адсочвалі, як часта хатнія і бяздомныя каты выдзяляюць T. gondii разам з экскрэментамі. Затым даследчыкі разбіралі характарыстыкі месцаў, дзе непасрэдна гэта адбывалася. У выніку каманда выявіла відавочную сувязь паміж большай колькасцю T. gondii ў навакольным асяроддзі і катамі, якія жывуць у раёнах з большай шчыльнасцю насельніцтва.

Чаму так адбываецца? Аўтары прапаноўваюць меркаванне, што гарады — больш бяспечнае месца для жыцця катоў, чым умовы ў дзікай прыродзе. Акрамя таго, гарады могуць спрыяць павелічэнню папуляцыі грызуноў, забяспечваючы больш магчымасцяў для паразіта патрапіць у арганізм прамежкавага гаспадара (напрыклад, мышы) і ў канчатковым выніку дабрацца да канчатковага гаспадара (ката). Да таго ж іншыя ўмовы кшталту нашых дарог могуць дазволіць паверхневым сцёкам распаўсюджваць таксаплазму больш шырока і эфектыўна, чым у іншых месцах.

Іншым фактарам можа быць змяненне клімату. У гэтым даследаванні аўтары не выявілі дакладнай сувязі паміж павышэннем тэмпературы і большай распаўсюджанасцю T. gondii, але заўважылі сувязь між большымі сярэднімі ваганнямі дзённай тэмпературы і распаўсюджанасцю паразіта. Іншыя даследаванні паказалі, што больш высокія тэмпературы могуць павялічыць рызыку заражэння таксаплазмай менавіта ў людзей. Але на гэты момант аўтары кажуць, што будуць праведзеныя дадатковыя даследаванні, каб пацвердзіць магчымую сувязь паміж змяненнем клімату і прысутнасцю паразіта.

Гэтыя высновы, хутчэй за ўсё, прымусяць шматлікіх уладальнікаў катоў трымаць сваіх хатніх улюбёнцаў дома, што, аднак, наўрад ці спрацуе для тых гадаванцаў, якія прывыклі жыць на волі.

Каментары6

  • Vik
    30.07.2023
    Адкрылі Амерыку, прафесар Запольскі ўжо болей як 10 год назад казаў, што абсалютная большасьць загінулых матацыклістаў - былі хворыя на таксаплазмоз.
  • Фігнятваёімя
    30.07.2023
    Žvir,не трэба так крытычна пра сябе, ніколі не позна пайсці ў школу 
  • Žvir
    30.07.2023
    Фігнятваёімя, psik!

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго16

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях19

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

«Мне пастаянна сніцца затрыманне». Гісторыя былой палітзняволенай Наталлі Кукішавай3

«Лаўлю на сабе позіркі людзей сталага ўзросту». Беларуска ў 32 гады наважылася хадзіць з кіем, які быў прапісаны ёй даўно6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго16

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →