Культура44

Тадэвуш Касцюшка — мост і кактэйль

У тым самым 2017 годзе, калі я рыхтаваў да выдання кнігу «Сакатала Бочачка», прысвечаную гісторыі беларуска-літоўскіх алкагольных напояў, і шукаў у тым ліку рэцэпты кактэйляў з зуброўкай, польскія маркетолагі распрацавалі яшчэ адзін, які не паспеў трапіць у поле майго зроку. «Мост Касцюшкі» — The Kosciuszko Bridge — быў прыдуманы да адкрыцця новага моста праз раку Ньютаўн Крык, названага ў гонар нацыянальнага героя некалькіх краін, Тадэвуша Касцюшкі, які стаў сімвалам змагання за свабоду і годнасць. Рака падзяляе нью-ёркскія раёны Бруклін і Куінз, а мост іх злучае. У моста даволі цікавая гісторыя, якой мне захацелася падзяліцца як вельмі павучальным прыкладам. Піша доктар гісторыі Алесь Белы.

Мост Касцюшкі. Фота з Вікіпедыі

Новы мост, а дакладней ажно два масты для руху ў сустрэчных кірунках, замянілі сабой стары, які насіў тое самае імя. Адкрыты 23 жніўня 1939 года фермавы мост спачатку назвалі Meeker Avenue Bridge, таму што з боку Брукліна на яго выходзіць вуліца Мікер Авеню. (А ўвогуле мост на гэтым месцы ўпершыню быў пабудаваны ў 1803 г.)

Але ўсяго праз тыдзень выбухнула Другая сусветная вайна, ахвярай якой вельмі хутка стала польская дзяржаўнасць. І тады сімпатыкі Польшчы, перадусім імігранты, паставілі пытанне пра перайменаванне моста. Амерыка тады яшчэ не была ў стане вайны з Германіяй. Ва ўладзе і ў грамадстве пераважала пазіцыя ізаляцыяністаў, падобная да сучаснай трампаўскай: усё гэта, маўляў, справы Старога свету, «упраўляйцеся самі са сваім Банякам-шалудзякам». Але мэрам Нью-Ёрка, на шчасце, быў тады легендарны Фьёрэла Генры Ла Гуардыя. Сын італьянца і габрэйкі, чалавек малога росту, але вялікай душы, жывое ўвасабленне класічнай «амерыканскай мары». Фармальна рэспубліканец, але з ліберальнага крыла партыі, з вельмі шырокімі, у найлепшым сэнсе дэмакратычнымі і, як сказалі бы сёння, «мультыкультурнымі» поглядамі. Трагедыя Польшчы і апеляцыя да памяці героя вайны за незалежнасць ЗША не пакінулі яго абыякавым, як не пакідалі абыякавым праблемы самых бедных жыхароў горада, імігрантаў, творчай інтэлігенцыі.

І ў 1940-м мост атрымаў новае імя. Ён злучыў не толькі два раёны мегаполіса фізічна, але і сімвалічна — дзве нацыі, гістарычная памяць якіх так моцна грунтуецца на змаганні за свабоду. Дзве з вежаў моста былі ўвянчаныя выявамі арлоў — польскага і амерыканскага, адпаведна.

На афіцыйнай цырымоніі перайменавання 22 верасня 1940-га Ла Гуардыя выразіў упэўненасць, што нацысцкая акупацыя Польшчы не працягнецца доўга. Хто ж мог тады ведаць, наколькі доўгім і пакручастым акажацца шлях да сапраўднай свабоды? Дый ці можа гэты шлях быць калі-небудзь пройдзены «да канца»?

Пабудаваныя Касцюшкам палявыя ўмацаванні адыгралі ключавую ролю ў перамозе амерыканцаў у знамянальнай бітве пры Саратозе. Фота: fot.John Trumbull/domena publiczna 

Фермавы мост Касцюшкі, з трыма палосамі руху ў кожным кірунку, спраўна служыў амаль 80 гадоў. Але з цягам часу і ростам трафіку перастаў даваць рады сваім функцыям і патрабаванням бяспекі.

У 2014-м пачалося будаўніцтва адразу новага моста — дакладней, першага з двух запланаваных яму на замену. Спачатку побач быў пабудаваны пяціпалосны мост, які ў будучыні меўся служыць толькі для руху ва ўсходнім кірунку, скончаны акурат у красавіку 2017 года, калі ў Беларусі і ўсім свеце адзначаліся 200-я ўгодкі смерці Касцюшкі.

Да кастрычніка таго ж году стары мост быў часткова разабраны, а часткова ўзарваны, і на ягоным месцы пачалі будаваць чатырохпалосны мост для руху ў заходнім кірунку — у бок Брукліна. Да яго заканчэння ў жніўні 2019-га новая «палавінка» часова выкарыстоўвалася для руху ў абодвух кірунках.

Новы падвойны вантавы мост захаваў імя Касцюшкі, сімвалізуючы ўжо стратэгічнае партнёрства паміж дзвюма краінамі, якое праходзіць няпростае выпрабаванне ў нашы дні і служыць ці не галоўнай надзеяй на свабоду таксама і Украіны, і Беларусі. Яго будаўніцтва каштавала каля 600 мільёнаў даляраў — што зрабіла яго самым дарагім аб’ектам у гісторыі транспартнай інфраструктуры Нью-Ёрка.

Пад другой часткай моста з боку Брукліна на тэрыторыі 2,8 га разбіты новы грамадскі парк з сучаснымі забавамі, культурнымі і арт-пляцоўкамі пад назвай «Under the K». К — бо англамоўнаму чалавеку не так проста вымавіць Kosciuszko. Сістэма асвятлення моста спраектаваная ў разліку на відовішчныя светлавыя шоу, і ў парку раз-пораз праводзяцца адпаведныя фестывалі.

Фота: secretnyc.co

Што цікава, мост Касцюшкі ў Нью-Ёрку — не адзіны з такой назвай у штаце Нью-Ёрк!

Яшчэ адзін мост Тадэвуша Касцюшкі, пабудаваны ў 1959 года на шашы Interstate 87 у бок канадскай мяжы, злучае сталіцу штата, Олбані, з горадам Колані, праз раку Махаўк.

Яшчэ адзін мост Касцюшкі. Photo courtesy of the Governor’s office

Па ім штодзень праязджае ў сярэднім каля 100 000 машын.

Ну а фірмовы кактэйль, названы ў гонар маста The Kosciuszko Bridge, быў распрацаваны да яго афіцыйнага адкрыцця і ў памяць пра 200-годдзе смерці Касцюшкі. Адным з ягоных кампанентаў з’яўляецца гарэлка «Зуброўка». Улічваючы, што Мерачоўшчына, дзе нарадзіўся Касцюшка, знаходзіцца побач з Белавежскай пушчай, гістарычнай метраполіяй зуброўкі, сімвалізм трэба прызнаць тым глыбейшым.

Дарэчы, калі ў 2017 годзе гэты напой займаў 5 месца ў спісе самых прадаваных гарэлак у свеце, дык у апошні перадкавідны год, 2018-ты, стаў ажно трэцім. Саступіўшы толькі Smirnoff і Absolut

Што ж, можна толькі паапладзіраваць настойлівасці тых маркетолагаў, дзяржаўных служачых і грамадскіх актывістаў, якія так паслядоўна і вынаходліва прасоўваюць памяць пра Касцюшку ў свеце. І гэта чарговая нагода задумацца, што можам зрабіць мы, беларусы, каб вярнуцца ў сям’ю свабодных народаў. Каб даказаць, што не толькі палякі і амерыканцы, але і мы — спадкаемцы славы вялікага літвіна.

Кактэйль «Мост Касцюшкі» (The Kosciuszko Bridge Cocktail)

  • 1 унцыя (каля 30 мл) зуброўкі
  • 1 унцыя джыну (у афіцыйным варыянце — Distilling Dorothy Parker Gin)
  • 1 унцыя натуральнага сідру (напрыклад, Doc’s Draft Cider)

Злучыце ўсе інгрэдыенты, добра перамяшайце і падавайце з лёдам у астуджаным келіху для кактэйлю. Упрыгожце сухой сцяблінкай зуброўкі або лупінай рэвеню.

Каментары4

  • Gorliwy Litwin
    02.10.2023
    Из США, дзякуй за каментар, вельмі цікава. 
  • Вероятный
    02.10.2023
    > Фармальна рэспубліканец, але з ліберальнага крыла партыі, з вельмі шырокімі, у найлепшым сэнсе дэмакратычнымі і, як сказалі бы сёння, «мультыкультурнымі» поглядамі. 

    Ну што за дзіч. Амерыканскія дэмакраты ў часы ЛаГуардыі выступалі акурат за сегрэгацыю і за дыктатарскія паўнамоцтвы для дзяржаўнай улады (узгадайце стыль праўлення і колькасць тэрмінаў Рузвельта). І ня дзіва, бо гістарычна гэта партыя былых рабаўладальнікаў і Ку-Клукс-Клана. Наконт сегрэгацыі яны арганізавана пераабуліся толькі ў 1960-х, а ідэі "моцнай улады" ў іх нікуды і дагэтуль не падзеліся. 

    Што да іншага - выдатны артыкул, як заўсёды. 
  • Gorliwy Litwin
    05.10.2023
    Вероятный, дзякуй вялікі за ўдакладненне. І выбачаюся за ўласныя памылковыя стэрэатыпы

    у Тэль Авіве ёсць вуліца Ла Гуардыя, даволі значная

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным2

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія войскі ўвайшлі ў Тарэцк на Данбасе6

На ЗША ідзе звышмагутны ўраган самай апошняй катэгорыі. З-за яго могуць увесці новую класіфікацыю3

Памёр Аляксей Тамілаў

У Луганскай вобласці загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію10

Брытанская лабараторыя прапануе паслугі па кланаванні хатніх гадаванцаў2

З «Белшыны» знялі еўрапейскія санкцыі, але яна працягвае працаваць на расійскую ваенную машыну7

Бітва за час: хто першы ўсталюе гадзіннік на Месяцы?1

Памёр Уладзімір Церабун1

Што за месенджар Discord і чаму яго забаранілі ў Расіі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным2

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →