Грамадства

«Што паспееш за 4,5 хвіліны, якія нам далі?» 58 дзён няма інфармацыі пра журналіста Дзяніса Івашына

Пасля пераводу на турэмны рэжым гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына, асуджанага на 13 гадоў, ад яго няма лістоў, званкоў, да яго не можа трапіць адвакат. «Радыё Свабода» пагаварыла з жонкай расследавальніка Вольгай пра тое, што вядома пра Дзяніса, як ім удалося сазваніцца і што ён пісаў у апошніх лістах.

Аднаго адваката пазбавілі ліцэнзіі, другі ня можа трапіць

Інфармацыі пра Дзяніса няма ўжо 58 дзён. Сувязь зь ім зьнікла пасьля пераводу на турэмны рэжым, у жодзінскую турму. Дакладней, сувязь абарвалася яшчэ ў магілёўскай калёніі, дзе Дзяніс шмат часу правёў у ШЫЗА. Ад яго не прыходзіць лістоў, няма званкоў. Да яго ня можа трапіць адвакат, хаця спрабаваў. Яму кажуць, што ад падабароннага няма заявы на візыт адваката. Адваката Івашына Аляксандра Бірылава нядаўна пазбавілі ліцэнзіі. Аднак цяпер у журналіста ёсьць іншы абаронца.

«Вядома, калі яму не дадуць асадку або парвуць на ягоных вачох ягоную заяву, то заявы аб адвакаце ня будзе», — падсумоўвае Вольга.

Вядома, што падобнае практыкуюць і зь іншымі палітвязьнямі: ім не даюць напісаць заяву на сустрэчу з адвакатам, а безь яе абаронцу не пускаюць.

Некалькі этапаў па ўсёй Беларусі з пачатку году

За некалькі месяцаў Дзяніса этапавалі сама меней чатыры разы: Горадня — Магілёў — Горадня — Магілёў — Жодзіна. Спачатку зь СІЗА горадзенскай турмы яго накіравалі ў магілёўскую калёнію. Паміж гарадамі каля 500 кілямэтраў, на такі этап можа спатрэбіцца некалькі дзён.

Перад этапам яшчэ ў Горадні Дзяніс моцна захварэў на нешта, падобнае да грыпу ці каранавірусу. У магілёўскай калёніі ён каля тыдня праляжаў у турэмным лязарэце. Там жа Івашын адбыў карантын і пасьпеў трапіць у ШЫЗА.

«Каб пазбавіць Дзяніса трэцяга спатканьня з бацькамі, начальнік горадзенскай турмы хутка адправіў яго ў магілёўскую калёнію, не дачакаўшыся дакумэнтаў зь Менску», — гаворыць Вольга.

Празь некалькі тыдняў вязьня зноў павезьлі ў Горадню — толькі для таго, каб зачытаць рашэньне апэляцыйнай камісіі на ягоную скаргу аб пераводзе на турэмны рэжым.

Праз пару дзён яго зноў вярнулі ў Магілёў. Там ён правёў паўтара месяца ў ШЫЗА. Сваякі маюць некалькі сьведчаньняў таго, што Дзяніса білі ў магілёўскай калёніі.

У канцы чэрвеня Дзяніс знайшоўся ў жодзінскай турме.

«Ніхто ня ведае, на падставе чаго яго накіравалі ў Жодзіна. На пісьмовае пытаньне маці Дзяніса адказалі, што яго накіравалі адбываць пакараньне ў Жодзіна, без спасылкі на рашэньне суду ці чагосьці яшчэ», — расказала Вольга Івашына.

Ці Жодзіна апошні пункт пераводу журналіста на турэмны рэжым, сваякі ня ведаюць. Цяпер ён ужо знаходзіцца на строгім рэжыме.

«На прыкладзе Дзяніса адбываецца нейкі суцэльны трэш», — камэнтуе жонка палітвязьня.

«Што пасьпееш за 4,5 хвіліны, якія нам далі?»

Вольга ня бачыла мужа 2 гады і 4 месяцы. Апошні раз яны бачыліся ў дзень, калі Дзяніса затрымалі. Бацькі бачылі вязьня двойчы: пасьля прысуду і першай апэляцыі ўвосень 2022 году. Сёлета ў траўні Дзяніс здолеў пазваніць жонцы з магілёўскай калёніі. Размова доўжылася 4,5 хвіліны.

«Мы практычна нічога не пасьпелі. Што пасьпееш за 4,5 хвіліны, якія нам далі? Яшчэ падчас размовы падыходзіў наглядальнік, каб пацьвердзіць, што гэта я. Я адказала, што гэта я», — успамінае Вольга.

Дзяніс быў усьцешаны, пачуўшы голас каханай упершыню за больш як два гады зьняволеньня.

«Сказаў, што сумуе. Ягоны голас не зьмяніўся, такі ж самы баявы, пазытыўны, пяшчотны і мілагучны, асабліва калі казаў, што мною ганарыцца.

Перадаваў прывітаньні ўсім сябрам і знаёмым з Горадні.

«Праводзіць мовазнаўчы аналіз творчасьці Васіля Быкава»

Апошнім часам, да абрыву сувязі, ад Дзяніса рэгулярна прыходзілі лісты. Ён пісаў бацькам і жонцы ў сярэднім адзін ліст на тыдзень.

«Ён пісаў, што праводзіць мовазнаўчы аналіз творчасьці Васіля Быкава. Піша ўспаміны пра вёску, пра нашыя зь ім падарожжы. Даслаў пару вершаў пра каханьне, якія сам напісаў для мяне», — расказвае Вольга.

  • «Дзякуй, Волечка, што ты ёсьць у маім жыцьці. Дзякуй за нашае ўзаемажыцьцё, у якім мы з табою — часткі аднаго цэлага. Я ніколі не стамлюся дзякаваць Пану нашаму за цябе! За тое, што злучыў нашыя лёсы, нашыя сэрцы й душы. Кожнага дня малюся за цябе, для мяне гэта ўжо неад’емная частка жыцьця», — пісаў Дзяніс сваёй абраньніцы.
  • «P.S.S. Майму Сонейку — Воленьцы перадайце, што яна для мяне жыцьцё, якім я жыву, надзея, якой я сябе натхняю, мэта, да якой я бязьмежна імкнуся», — пісаў вязень пра жонку бацькам.

Прыводзім яшчэ адзін фрагмэнт з аднаго з апошніх лістоў Дзяніса, які сям’я атрымала ў чэрвені, але напісаны ён раней.

  • «Як жа ж хочацца занурыцца цалкам у жыцьцё нашага маёнтку! Адчуць вясновыя пахі, пабачыць уласнавоч, як жыцьцё паноўна прачынаецца ад зімовага сну. Дапамагаць Вам. Спрачацца, рэфлексаваць, гавэндзіць на разнастайныя тэмы ў альтанцы. Спаўзіраць і натхняцца жыцьцём. Спадзяюся на Пана Госпада нашага, што неўзабаве ў нас гэта ўсё атрымаецца! Ужо бачу, як матуля выносіць і нясе да нас паднос з гарбатаю, кубачкамі і сочывам», — пісаў Дзяніс пра іхны вясковы дом пад Горадняй.

Івашына пазбавілі амаль усіх перадач. Засталася дазволеная адна рэчавая на год на 50 кіляграмаў і адна на год бандэроль на 2 кіляграмы. Рэчавую перадачу сваякі не перадалі з прычыны этапаў Дзяніса. Яны чакаюць, калі ён спыніцца на адным месцы, бо інакш яму давядзецца цягнуць гэтыя 50 кіляграмаў у кайданках, плюс да іншых сваіх рэчаў.

Вядома, што Дзяніс моцна схуднеў падчас зьняволеньня. Жонка таксама перажывае, што ў яго пагаршаецца зрок, бо на турэмным рэжыме Дзяніс ня мае магчымасьці выходзіць на вуліцу, жыве пры штучным сьвятле. Аднак сам Дзяніс на здароўе ня скардзіўся.

Журналіст шмат чытаў за кратамі. Выпісваў газэты, часопісы, чытаў фантастыку і беларускую клясыку з турэмнай бібліятэкі. Адзіную дазволеную кніжную перадачу сваякі не пасьпелі яму перадаць.

  • «Сёньня зранку я натхніўся міні-рэпрадукцыямі карцінаў славутага і знакамітага Вінсэнта Ван Гога, якія адшукаў у кнізе Анры Пэруша з апісаньнем ягонай жыцьцёвай і творчай біяграфіі (Henri Perruchot «La vie de Van Gog» — «Жыцьцё Ван Гога»). Пад уражаньнем ад разгляду ягоных неверагодных карцінаў з краявідамі Схэвэнінгена, Правансу, даліны Кра, Арля, Авэра, марскіх матываў у Сэн-Мары, палотнаў з адлюстраваньнем вясковага жыцьця ў сваёй звычайнай непарушнай будзённасьці», — пісаў Дзяніс пра сваё чытво.

Каментары

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Вучоныя знайшлі сляды катаклізмаў на Сонцы. Іх паўтарэнне можа мець катастрафічныя наступствы для цывілізацыі10

Памёр акадэмік Віктар Парфёнаў

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →