У Барысаўскім раёне людзі выратавалі трох чырванакніжных сычанят
Жыхары Барысаўскага раёна знайшлі на дарозе каля вёскі Тарасаўка трох маленькіх птушанят сыча, якія адносяцца да віду, занесенага ў Чырвоную кнігу. Супрацоўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адвезлі іх у цэнтр дапамогі дзікім жывёлам «Сірын», паведамляе «Мінская праўда».
Сям'я, якая знайшла сычоў, расказала, што птушаняты былі без мамы-савы, спалоханыя і аслабленыя. Спачатку птушанят прывезлі ў Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму. Яны аказаліся чырванакніжным відам дамавога сыча.
Супрацоўнікі цэнтра звязаліся з Барысаўскай райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія прынялі рашэнне перадаць птушанят у прыродаахоўную ўстанову. Птушанят туды перавозілі спецыялісты.
«Птушаняты здаровыя, адчуваюць сябе нармальна, — расказала кіраўніца цэнтра дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» Ірына Траяноўская. — Трохі ў нас пабудуць. Дагадуем, навучым паляваць — будзем даваць жывы корм і сачыць за тым, ловяць самі ці не. Калі ўсё будзе добра, падрыхтуем да выпуску ў тым жа раёне, адкуль нам іх і прывезлі».
Каментары