«Правільна прыгатаваная бульба можа стаць нават фітнэс-прадуктам». Так сцвярджаюць у адзіным у Беларусі бульбяным музеі
Чаму вёску Дзешчанка ва Уздзенскім раёне называюць бульбяной сталіцай? Што яднае Ван Гога і дзешчанцаў? З якога сорту бульбы атрымліваюцца самыя смачныя дранікі? На гэтыя пытанні карэспандэнтка газеты «Звязда» знайшла адказы ў мясцовай школе, дзе больш як дзесяць гадоў таму прапісаўся незвычайны музей, адзіны такі ў Беларусі.
Якраз у гэтым музеі можна даведацца шмат новага пра бульбу і занатаваць новы рэцэпт салаты з яе. Дарэчы, у Дзешчанцы бульбу любяць настолькі, што вырашылі адным музеем не абмяжоўвацца. З нядаўняга часу тут раз на год ладзяць «Бульба-фэст» і нават адкрылі памятны знак любімай гародніне.
«І ніякія дарагія патчы не спатрэбяцца»
Уявіць беларуса без бульбы, пагадзіцеся, складана. І кожны вясковец ці дачнік хоць раз у жыцці задаваўся пытаннем: «Які сорт бульбы пасадзіць?»
Таму перш за ўсё тут пацікавіліся, які сорт у фаварытах у жыхароў бульбяной сталіцы. Як высветлілася, у легендарнага старажыла Дзешчанкі Вадзіма Лойкі, дзякуючы якому насупраць школы з’явіўся памятны знак бульбе, любімы сорт «Скарб». «А які сорт бульбы падабаецца вам?» — запыталіся ў кіраўніцы музея бульбы, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Людмілы Жандармавай.
«Усё залежыць ад таго, што вы хочаце прыгатаваць, — усміхаецца Людміла Пятроўна. — Розныя сарты падыходзяць для прыгатавання розных страў.
«Скарб», напрыклад, лідар па ўтрыманні крухмалу. Ён ідэальны для прыгатавання дранікаў, яны атрымліваюцца ну вельмі смачныя. Сорт «Брыз» падыходзіць для ўсімі любімай бульбы-фры. У нашай вёсцы, у тым ліку і ў мяне, самы папулярны сорт «Каралева Ганна», ён вельмі смачны ў вараным выглядзе.
Гэтая бульба літаральна растае ў роце. У ёй суадносіны бялку і крухмалу самыя аптымальныя, і нават калі доўга варыць, яна не развальваецца. Яшчэ мне вельмі спадабаўся ў адварным выглядзе сорт «Каломба», летась упершыню купіла яго на пробу ў мясцовых фермераў. Дарэчы, восенню ў Дзешчанцы пройдзе традыцыйны «Бульба-фэст», дзе пры жаданні можна не толькі атрымаць кансультацыю, але і купіць бульбу як на насенне, так і для ежы».
Многія дзяўчаты, як вядома, адмыслова выключаюць бульбу са свайго рацыёну, бо лічаць, што яна не спрыяе пахудзенню. Але, аказваецца, гэта не зусім так. І правільна прыгатаваная бульба можа стаць нават фітнэс-прадуктам.
«Мы неяк рыхтавалі свята на гэту тэму, так і назвалі яго «Фітнэс-бульба», — працягвае Людміла Жандармава. — Рэч у тым, што калі бульбу недаварваць, то яна валодае эфектам пахудзення.
Раю паспрабаваць зрабіць салату з дадаваннем сырой бульбы. Гатуецца вельмі проста. Бульба шаткуецца дробнай саломкай, кладзецца на друшляк і абдаецца кіпнем. Няхай пастаіць так некалькі хвілін, а затым дадайце да яе спецыі па смаку, каўбасу ці мяса, перчык, памідорку, агурок. Гэта вельмі смачна. Крухмал у такой салаце арганізмам засвойваецца лягчэй, чым калі б вы елі вараную ці бульбу-фры».
Бульбяныя ачысткі, як выяўляецца, таксама не варта выкідаць. Гэта цудоўнае ўгнаенне для многіх раслін, у прыватнасці парэчак, малінаў і ажынаў. Гэтыя кусты любяць крухмал і глюкозу, якімі багатыя лупіны бульбы. Такое ўгнаенне зробіць ягады больш буйнымі і сакавітымі. А яшчэ муж знаёмай журналісткі вычытаў, што бульбяныя лупіны добра кідаць у кацёл: пры спальванні яны ачышчаюць комін ад сажы.
«Не сакрэт, што нашы продкі выкарыстоўвалі бульбачку для інгаляцый пры прастудзе, загортвалі ў анучку і прыкладалі да грудзей пры моцным кашлі, — дадае кіраўніца музея. — Але, думаю, не ўсе ведаюць пра карысць бульбяных масак. Яны пазбаўляюць скуру ад пігментацыі, ацёкаў і сінякоў пад вачыма. Таму націрайце бульбу на дробнай тарцы і прыкладайце да твару. І ніякія дарагія патчы не спатрэбяцца».
Не забудзьцеся пацерці ручнік на шчасце
На калідоры, насупраць увахода ў музей бульбы, можна палюбавацца на рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў бульбяной тэматыкі. Гэтую міні-выстаўку так і назвалі — «Мастацтва са смакам бульбы».
На большасці з карцін — звыклыя для любой вясковай беларускай сям’і сюжэты: пасадка бульбы і ўборка ўраджаю. Самая знакамітая карціна з тых, якую можна там пабачыць, — «Едакі бульбы» нідэрландскага мастака Вінсэнта Ван Гога. Памятаеце людзей, якія сядзяць за сталом у цьмяным святле газавай лямпы? Перад імі страва з печанай бульбай і кубак ячменнай кавы — адзіная «раскоша», якую маглі сабе тады дазволіць сяляне.
«Калі рыхтавалі выстаўку, даведаліся, што, аказваецца, у Ван Гога больш за 200 работ прысвечана бульбе, — працягвае Людміла Пятроўна. — І наогул, у мастакоў ХІХ стагоддзя абавязкова ў партфоліа павінны былі быць карціны на тэму бульбы. Для мяне гэты факт аказаўся вельмі нечаканым.
Што тычыцца непасрэдна «Едакоў бульбы», то карціна доўгі час не давалася мастаку. Вядома, што было створана не менш за 12 эцюдаў да яе, якія аўтар бязлітасна знішчыў. Кожны дзень мастак наведваў дом дэ Гроатаў, калі ўсё сямейства садзілася за стол, і спрабаваў «схапіць» саму атмасферу сялянскай беднай вячэры. Галоўнай задачай Ван Гога было «перадаць пару ад бульбы», стварыць атмасферу цяжкага сялянскага побыту і працы.
Сям'я дэ Гроат у адзін з вечароў, бачачы, што мастаку ніяк не ўдаецца праца, скончыўшы вячэру, не разыходзілася, а працягвала, нягледзячы на стомленасць, пазіраваць яшчэ дзве гадзіны. Карціна ў выніку была скончаная за адну ноч. На наступны дзень мастак пакінуў вёску назаўжды, узяўшы з сабой адну з самых удалых сваіх прац».
Дзешчанскі школьны музей адкрыўся ў 2010 годзе. Ідэя прысвяціць яго акурат бульбе ўзнікла невыпадкова.
«Рэч у тым, што Дзешчанская школа знаходзілася на тэрыторыі эксперыментальнай базы імя Суворава, работнікі якой займаліся вырошчваннем насеннага матэрыялу новых сартоў бульбы беларускай селекцыі. Вось мы і падумалі: а чаму б бульбе не быць галоўнай гераіняй нашага музея? І актыўна пачалі збіраць экспанаты. Сёння іх налічваецца 150. У асноўным гэта кнігі, фотаздымкі і дакументы.
У музеі для наведвальнікаў распрацаваныя тры сур’ёзныя экскурсіі. Праводзяць іх школьнікі. Акрамя таго, у музейных сценах перыядычна праходзяць урокі літаратуры і біялогіі, пазакласныя мерапрыемствы, сустрэчы з вучонымі.
«Мы ўжо шмат год супрацоўнічаем з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. З яго дапамогай праводзіліся такія выстаўкі, як «Раннія сарты бульбы», «Дэкаратыўныя сарты», «Каляровая мякаць гібрыдаў бульбы», «Бульба з прабіркі».
Падчас апошняй вучоныя падарылі музею штатыў, які наглядна дэманструе, як развіваюцца зародкі бульбы ў спецыяльным растворы. Гэта вельмі цікава. Асабіста мяне ўразіла, як людзі, працуючы ў Навукова-практычным цэнтры, трапятліва ставяцца да бульбы, бы да дзіцяці.
Яшчэ нашы вучні вельмі любяць разам з настаўніцай біялогіі і хіміі праводзіць доследы — вызначаць утрыманне бялку, крухмалу, амінакіслот і вітамінаў у розных сартах бульбы. Ад іх суадносін залежыць смак і ўласцівасці «другога хлеба».
Кожны год наш музей бульбы ладзіць восеньскія святы з дабрачыннымі кірмашамі: «Пад небам адзіным» дзеці дэманстравалі стравы з бульбы народаў свету, падчас «Дранік Unusual» праходзіў конкурс на самы незвычайны рэцэпт драніка, а падчас «Бульбянога раю» ставіліся міні-спектаклі пра любімую гародніну беларусаў».
А некалькі гадоў таму ўсе класы атрымалі заданне праявіць свае «Бульбяныя фантазіі». У выніку дзеці разам з бацькамі выраблялі макет будучаму помніку бульбе з разнастайных матэрыялаў.
Усе вырабы на тэму і ў выглядзе бульбы сталі экспанатамі музея. Чаго там толькі няма: бульба каваная, драўляная, саламяная, плюшавая, вязаная, капронавая, паралонавая, з пап’е-машэ і нават з будаўнічага блока!..
З вокнаў музея, дарэчы, відаць памятны знак беларускай бульбе ў выглядзе поўнага кошыка «земляных яблыкаў» на бронзавым ручніку. Кажуць, калі пацерці яго, то на стале заўсёды будуць хлеб, соль і, вядома, бульба.
А вы ведалі, што…
- У свеце ёсць шмат музеяў бульбы (у прыватнасці, у ЗША, Германіі, Даніі, Расіі, Канадзе, Вялікабрытаніі). Самы вядомы знаходзіцца ў Бельгіі: тры яго паверхі прысвечаныя каралю гарачых закусак — бульбе фры. А ў музеі, што ў Вашынгтоне, сярод экспанатаў ёсць гадзіннік, які працуе на электрычным току, які атрымліваюць з клубняў бульбы.
- Беларусь займае першае ў свеце месца па вытворчасці бульбы на душу насельніцтва.
- Самая вялікая бульбіна мела вагу каля 8 кілаграмаў.
- У некаторых астраўных трапічных краінах у мінулым бульбачка служыла эквівалентам грошай.
- Распаўсюджаны сорт бульбы «Сінявочка» насамрэч называецца «Ганібал», у гонар дзядулі Пушкіна — ён быў адным з першых селекцыянераў, якія эксперыментавалі з бульбай у Расіі.
- Самая дарагая ў свеце бульба вырошчваецца на востраве Нуармуцье (Францыя). Кошт кілаграма гэтага сорту складае прыкладна пяцьсот еўра.
- Першымі культываваць бульбу сталі індзейцы, якія жылі на тэрыторыі сучаснага Перу. Яны вывелі каля двухсот розных сартоў бульбы.
- Бульба прыкладна на 4/5 складаецца з вады. Дакладнае значэнне залежыць ад сорту.
- Бульба — першая караняплодная расліна, калі-небудзь вырашчаная ў бязважкасці. Гэты эксперымент быў зроблены ў 1995 годзе на амерыканскай касмічнай станцыі «Калумбія».
- У канцы ХІХ стагоддзя на Алясцы, ахопленай залатой ліхаманкай, бульба каштавала даражэй за золата. Гэта было выклікана тым, што сярод золаташукальнікаў лютавала цынга, а бульба — выдатны сродак для барацьбы з гэтай хваробай.
Каментары