У Нацыянальным банку Беларусі заявілі, што з 28 чэрвеня стаўка рэфінансавання зніжаецца з 9,75% да 9,5% гадавых.
У гэты ж час памер стаўкі па крэдыце авернайт зніжаецца з 10,75% да 10,5% гадавых, а стаўкі па дэпазіце авернайт — з 8,75% да 8,5% гадавых. Такое рашэнне прынята праўленнем Нацбанка сёння на пасяджэнні па грашова-крэдытнай палітыцы, як піша БелТА.
Паведамляецца, што тэндэнцыя запаволення інфляцыйных працэсаў захоўваецца. У маі спажывецкія цэны знізіліся адносна красавіка гэтага года на 0,3%. Чакаецца, што паказчык гадавога прыросту спажывецкіх цэн не перавысіць узровень 5%.
Стаўка рэфінансавання ўплывае на стаўкі па крэдытах. Некаторыя з іх, напрыклад, крэдыты на куплю жылля, прывязаныя менавіта да яе.
У 2023 годзе гэта ўжо шостае зніжэнне стаўкі рэфінансавання. З 23 студзеня стаўка склала 11,5%, з 1 сакавіка — 11%, з 3 красавіка — 10,5%, з 2 мая — 10%, 31 мая — 9,75%.
Самая нізкая стаўка рэфінансавання ў гісторыі Беларусі была ўстаноўлена 1 ліпеня 2020 года — 7,75%.
Каментары