Грамадства66

«Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыладай на раз-два». Аповед журналістаў, чыю рэдакцыю знішчылі два месяцы таму

Мінула два месяцы з таго дня, як я і мае калегі засталіся без працы — без любімай справы, без сваіх чытачоў, планаў і задумак. 18 чалавек былі вымушаныя напісаць заявы «па ўласным жаданні». Прычына для Беларусі самая банальная — прызнанне маёй газеты, усіх яе інтэрнэт-пляцовак і нават лагатыпа «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў супрацоўніца аднаго з незалежных выданняў, разгромленых уладамі ў апошнія месяцы.

Фота: pexels.com

Ведаю, што прайшлі праз такое не мы адны. І можна сказаць, што мы яшчэ лёгка адвязаліся ў параўнанні з тым, праз якія цяжкія выпрабаванні цяпер праходзяць найлепшыя людзі Беларусі, знаходзячыся ў няволі.

Ацэньваючы пражытыя два месяцы, за якія перавярнулася ўсё маё жыццё, хачу расказаць пра самыя яркія моманты, як негатыўныя, так і пазітыўныя. Мне здаецца, важна даносіць досвед, які, магчыма, каму-небудзь дапаможа.

«Наяўнасць візітовак вядомых людзей, большасць з якіх ужо не ў Беларусі, выклікала сапраўднае ўзбуджэнне сілавікоў»

Першы шок — ператрусы ў рэдакцыі і па дамах у калег. Пасля іх было над чым задумацца.

Падчас вобшукаў высветлілася, што мноства рэкамендацый па бяспецы не спрацавала. Праверкі працоўных камп'ютараў выявілі ў нейкіх старых забытых папках выявы «экстрэмісцкай» сімволікі, партрэты лідараў апазіцыі і іншы «кампрамат», за які пры жаданні можна ўчапіцца і падрыхтаваць справу.

Яшчэ адна «засада» — візітоўкі вядомых людзей, большасць з якіх ужо не ў Беларусі. Іх наяўнасць у шуфлядах сталоў выклікала сапраўднае ўзбуджэнне сілавікоў. Усе візітныя карткі былі сфатаграфаваныя. БАЖаўскія паштоўкі і лагатыпы таксама. Здавалася, усё «лішняе» стараліся падчысціць, выдаліць ці вынесці з рэдакцыі. Аднак усё адно нешта знайшлося…

Фота: pexels.com

Мабільнікі… Пра артыкул аб абароне персанальнай інфармацыі можна забыцца ў цяперашняй Беларусі. Паролі? Ніхто вашы пальцы не будзе заціскаць у дзверы, каб разблакаваць тэлефон.

Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыладай на раз-два. Яшчэ і пасмяяліся.

У тэлефонах таксама шмат небяспекі. Падпіскі на розныя крыніцы і чаты актуальнымі ў нашым выпадку не былі. Кэдэбэшнікаў цікавілі кантакты, нумары, падпісаныя сапраўднымі прозвішчамі вядомых калег са спіса «экстрэмістаў». Па кожным былі пытанні: што звязвае, якія агульныя справы, калі бачыліся, размаўлялі і г. д.

Як адкрыта сказаў адзін з кадэбэшнікаў на допыце калегі: «Мы вас ужо тры месяцы распрацоўвалі». Гэта значыць усё, да чаго ў іх быў доступ, чыталася, праглядалася, праслухоўвалася, аналізавалася. Атрымліваецца, што гісторыя пра тое, што ўварваліся, абшукалі і знайшлі «экстрэмізм», сёння ўжо неактуальная.

Яшчэ адна парада з досведу: як толькі з'явілася падазрэнне, што ў рэдакцыю наляцелі, тут жа выдаляйце агульны працоўны чат у сацсетках і месенджарах!

Стварыце іншы і дзяліцеся там сваімі хваляваннямі наконт сітуацыі — не дайце ім атрымліваць асалоду ад вашага страху і адчаю!

«Дойдзем да прэзідэнта». Як чытачы змагаліся за газету

Прыемна здзівілі чытачы і рэкламадаўцы. З пытаннямі пра вяртанне грошай за падпіску і рэкламу звярнуліся ад сілы чалавекі тры. Ці гэта не падтрымка і павага газеце! Людзі разумелі, што па сваёй волі мы ніколі б не пакінулі іх. Таму, мяркую, і не хацелі ў гэты складаны час абцяжарваць рэдакцыю фінансавымі прэтэнзіямі.

Былі званкі ад партнёраў і чытачоў з прапановамі дапамогі. Прапаноўвалі, хто што мог — ад грошай да прадуктаў. Такое стаўленне надавала сіл, але, вядома, нічога не змяняла ў корані.

Фота: pexels.com

Былі і наіўныя спробы «аднавіць справядлівасць».

Група падпісчыкаў тэлефанавала ў мясцовы райвыканкам і ў жорсткай форме патрабавала зноў адкрыць газету, інакш пагражалася «дайсці да прэзідэнта». Смех скрозь слёзы…

Наогул, паводле слоў калег і па сваім уласным досведзе, мноства знаёмых, чытачоў, партнёраў падтрымалі рэдакцыю ў месенджарах, у асабістых паведамленнях і званках, у каментарах.

Флэшбэкі пасля ператрусаў і «сутак»

Я з'ехала з Беларусі яшчэ да разгрому маёй рэдакцыі. Свае функцыі выконвала праз інтэрнэт. Таму, калі ўсё здарылася, мне ў плане бяспекі было лягчэй, чым іншым.

І ў хуткім часе сапраўдным шчасцем стала сустрэча калег у аэрапорце. Канешне, з'ехаць змаглі не ўсе. Але тыя, для каго былі актуальныя пытанні бяспекі, абралі для сябе міграцыю. Ночы і дні за размовамі і апавяданнямі «як гэта было»: пра ператрусы ў рэдакцыі і па месцы жыхарства, мардаванне допытамі ў КДБ, ціск, прыніжэнне, насмешкі…

Фота: pexels.com

Першы час па прыездзе былі вельмі прыкметныя пэўныя асаблівасці ў паводзінах калег: рэакцыя на стук, гучны гук, на мікрааўтобус з таніраваным шклом. Ці вось хаця б адзін з прыкладаў.

Зайшлі ў супермаркет, там прайгравалася нейкая англамоўная песня. Калега аж збялеў і выбег з залы на вуліцу. Аказалася, што ўсе 15 сутак, якія ён адбываў «за супраціў», з раніцы да ночы круцілі менавіта гэтую песню…

Спатрэбіўся не адзін тыдзень, каб такія рэакцыі на пэўныя фактары згладзіліся.

За сабой заўважаю таксама некаторыя змены ў паводзінах: мозг адмаўляецца чытаць навіны з Беларусі, са свайго мястэчка. Выключэнне — тэлеграм-каналы «Зеркала», «Салідарнасць», «Наша Ніва». Спадзяюся, што гэта не назаўсёды.

Замест эпілога

Ці былі мы гатовыя да такога фіналу? Вядома, мы разумелі, у якой краіне жывём і якія «законы» там працуюць.

Але псіхічна здароваму чалавеку немагчыма быць гатовым да таго, што ў адзін дзень будзе нахабна растаптана ўсё, што стваралася амаль чвэрць стагоддзя.

Што ўсю тваю працу нехта, надзелены ўладай, палічыць «экстрэмісцкай», шкоднай для дзяржавы. Што калег будуць судзіць за супраціў васьмі амапаўцам. Дзіўна, як гэтыя прафесійна падрыхтаваныя хлопцы, «змардаваныя» двума медыйшчыкамі, яшчэ маральную кампенсацыю не запатрабавалі ў судзе?

Падрыхтавацца да гвалту і беззаконня ў прынцыпе немагчыма. Мне здаецца, што ўсе мы ў душы ідэалісты, пакуль да нас не прыйшлі і не растапталі…

Каментары6

  • Янка
    16.06.2023
    Паролі? Ніхто вашы пальцы не будзе заціскаць у дзверы, каб разблакаваць тэлефон.

    Да ну?! Калі адпаведнай прылады няма або лянота яе падбіраць - для палітычных ў гестапа будзе амаль поўны склад "інструментаў", падпадаючы пад артыкул 128 КК: і збіцце, і электрычны ток, i выломліванне суставаў, і кіпень. Вось толькі "першыя вучні" сярод гестапаўцаў не асэнсоўваюць, што артыкул 128 КК - гэта ад 7 год і да смяротнага пакарання, і без тэрміна пазыўной даўніны.
  • jjjj
    16.06.2023
    Ня ведаю, як айфон, але мой немалады андроід ускрыць ня здолелі ніякімі прыладамі.
  • AlesGut
    17.06.2023
    даведка, андроіда не ўскрывалі ў любой мадэлі

Лукашэнка стаў прадзедам17

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?5

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам17

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →