Гісторыя22

Вітаўтава вежа — невядомы помнік часоў Вялікага Княства Літоўскага над Кахоўскай ГЭС

Побач з падарванай расійскай арміяй плацінай Кахоўскай ГЭС, на высокім беразе вадасховішча ўзвышаецца Вітаўтава вежа. Але якое дачыненне вежа ў далёкіх нізоўях Дняпра можа мець да вялікага князя літоўскага?

«Вежа Вітаўта» на фоне Кахоўскага вадасховішча. Фота: Wikimedia Commons

Круглая вежа знаходзіцца ў вёсцы Вясёлае Берыслаўскага раёна. Зараз яна закінутая, але яшчэ за савецкім часам была прыстасаваная пад воданапорную вежу. У ХІХ стагоддзі яна ўваходзіла ў маёнтак князёў Трубяцкіх, але яе гісторыя сягае значна глыбей. 

Падрабязнасці гісторыі найбольш грунтоўна раскрытыя ў манаграфіі «На розі двох світів. Історична спадщина України та Литви на території Херсонської області», выдадзенай Інстытутам гісторыі НАН Украіны ў 2018 годзе.

У другой палове XIV стагоддзя Залатая Арда, якая кантралявала ўсё Паўночнае Прычарнамор’е (цяперашні поўдзень Украіны), перажыла глыбокі палітычны крызіс, вядомы з летапісаў як «Вялікая замятня», калі за 20 гадоў у ёй змянілася 25 кіраўнікоў. Неўзабаве Тамерлан разбіў залатаардынскае войска і разбурыў ардынскую сталіцу Сарай і іншыя гарады. Ход падзей у Залатой Ардзе ў 1350-я гады садзейнічаў наступленню Вялікага Княства Літоўскага на Падняпроўе.

Бітва на Сініх Водах у 1362 годзе. Мастак Артур Арлёнаў

Пасля перамогі ў 1362 годзе вялікага князя літоўскага Альгерда ў бітве на Сініх Водах супраць трох татарскіх ханаў у ягоных руках аказаўся поўны кантроль над бязмежнымі прасторамі — над усім левым берагам Днястра, ад вусця ракі Сэрэт да Чорнага мора, над дняпроўскімі ліманамі і землямі ўверх па Дняпры да ўпадзення ў яго ракі Росі.

Ужо за часамі княжання Вітаўта паўднёвыя стэпы (так званы Дзікі стэп) хутка распрацоўваліся ды засяляліся. Менавіта пры Вітаўце нізоўе Дняпра стала мяжой паміж літоўскай дзяржавай і Залатой Ардой. Для ўмацавання межаў вялікі князь будаваў замкі ды крэпасці, а для падтрымання гандлю — мытні і новыя гарады.

Самалюбна многія з іх атрымлівалі імя князя. Да прыкладу, у Бугскім лімане ім быў заснаваны горад Вітаўка (цяпер горад Мікалаеў), мытня каля збудаванага мураванага моста стала называцца Вітаўтавым Мостам (цяпер горад Першамайск),

на месцы пераправы праз Буг з’явілася памежная застава Вітутаў (цяпер сяло Двор Першамайскага раёна), нарэшце на Таванскай пераправе цераз Дняпро была пабудаваная Вітаўтава мытніца — сёння гэта горад Берыслаў на правым беразе Дняпра, на Кахоўскім вадасховішчы.

Максімальнае пашырэнне Вялікага княства Літоўскага ў часы Вітаўта. 1392—1430 гг. Карта з Вялікага гістарычнага атласа Беларусі
Паселішча на востраве Тавань на карце максімальнага пашырэння Вялікага княства Літоўскага ў часы Вітаўта. Карта з Вялікага гістарычнага атласа Беларусі

Менавіта гэтая пераправа і звязаная са з’яўленнем Вітаўтавай вежы. Таванская пераправа вядомая з часоў, калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Залатой Арды, і знаходзілася каля пабудаванай у XIV стагоддзі рэзідэнцыі хана Тахтамыша, якая мела назву Даган-Гечыт (Сакаліная пераправа). Паселішча было зруйнавана ў час вайны Тахтамыша з Тамерланам.

Пасля пераходу зямель пад уладу вялікага князя літоўскага на гэтым стратэгічным пункце была пабудаваная Вітаўтава мытніца. Варта адзначыць, што цюркскае слова «даган» («сокал») сугучнае з італьянскім «дагана» («мытніца»), якое магло быць вядомае ад генуэзскіх купцоў, які вялі актыўны гандаль і каланізавалі чарнаморскае ўзбярэжжа — так што тут можа быць этымалагічная блытаніна. 

Партрэт Вітаўта з берасцейскага кляштара аўгусцінцаў. Невядомы мастак, XVII стагоддзе

Але бясспрэчна, што Вітаўтава мытніца, размешчаная на важнай пераправе на паўднёва-ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага, усё ж была менавіта мытняй. Нізоўе Дняпра мела выключнае значэнне, бо дазваляла кантраляваць гандаль Вялікага Княства Літоўскага, Польшчы і Малдаўскага княства з генуэзскімі калоніямі Крыма. Вітаўт на некалькіх пераправах цераз Дняпро меў свае мытні і крэпасці. Адна з такіх размяшчалася на рачным востраве Цягін недалёка ад сучаснага сяла Цягінка Берыслаўскага раёна. 

У 1484 годзе туркі захапілі ўсе дняпроўскія ўмацаванні Вялікага Княства Літоўскага. Менглі-Гірэй хацеў аднавіць замак і горад Цягін, але пабудаваў крэпасць на высокім беразе ракі Цягінкі. Старое ўмацаванне не аднаўлялася, больш зручнымі для пераправы сталі астравы за 15 км ніжэй па цячэнні Дняпра, дзе была пабудаваная крэпасць Іслам-Кермен. Такім чынам, час існавання мытні і крэпасці Цягін можна абмежаваць перыядам з сярэдзіны XIV да другой паловы XV стагоддзя.

Узяцце Казы-Кермена 30 ліпеня 1695 года. Алегарычная гравюра, на якой адлюстраваны ланцуг з чатырох крэпасцей у нізоўях Дняпра. Фота: Wikimedia Commons

Магчыма, аналагічным мытным і памежным пунктам была Вітаўтава вежа каля сучаснай вёскі Вясёлае. Яна магла быць часткай сістэмы крэпасцей — Цягін, магчыма, Бургунка і Мікалаеўка, — звязаных з Таванскай пераправай. Дакладна вядома толькі, што ў 1396 годзе Вітаўт загадаў пабудаваць на Таванскім бродзе замкі і вежы (усяго тры).

Таванская пераправа, якую французскі картограф XVII стагоддзя Гіём Левасёр дэ Баплан, які быў на службе ў Рэчы Паспалітай, называе «галоўнай татарскай пераправай», праходзіла, паводле апісання Баплана, «уздоўж рукава Тавань, праз востраў Тавань каля Ісламава гарадка».

Праз Таванскі перавоз існавалі тры канкурэнтныя гандлёвыя шляхі: Малдаўскі, Татарскі (Цягін — Вітаўтаў мост — Камянец — Кіеў — Масква), Польскі (Цягін — Вітаўтаў мост — Крамянец — Львоў). Таму кантроль над Таванскай пераправай дазваляў уплываць на эканоміку краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Вялікага Княства Маскоўскага і Крыма.

Фрагмент «Оксфардскай» карты, на якім адлюстравана нізоўе Дняпра. 1680 г.

Месцазнаходжанне вострава Тавань, які цяпер затоплены Кахоўскім вадасховішчам, пазначанае на многіх старых і больш сучасных картах. На польскай карце ніжняга Дняпра Tractus Borysthenis, выдадзенай у Оксфардзе ў 1680 годзе, побач з выявай вялікага вострава насупраць Іслам-Кермена (на карце Аслан-Кермена) ёсць надпіс на польскай мове «Тавань востраў і вялікая пераправа татарская».

Востраў Тавань на атласе Дняпра 1855 года

Гэтаму даволі схематычнаму малюнку ў тапаграфічным атласе басейна Дняпра 1855 года адпавядае востраў паміж Кахоўкай і Берыславам, ва ўсходняй частцы якога пазначаныя дарога і пераправа. Верагодна, раней пераправа існавала на гэтым самым месцы. Большая частка вострава была пакрытая плаўнямі, пратокамі і азёрамі, і толькі на ўсходзе быў пясчаны сухадол, па якім праходзіла дарога для пераправы з левага берага Дняпра на правы.

Balneu Vitoldi на «Радзівілаўскай карце» 1613 года. 

На так званай «Радзівілаўскай карце» 1613 года, створанай на замову першага нясвіжскага ардыната Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі» і выдадзенай у Амстэрдаме ў 1643 годзе, адразу пад вялікім востравам (верагодна, Таванню), амаль насупраць Іслам-Кермена, на маленькім востраве пазначана Balneu Vitoldi.

Як сведчаць картографы, гэтая карта была складзена падчас падарожжа аўстрыйскага дыпламата Эрыха Лясоты ў 1594 годзе. На польскай карце, выдадзенай у Амстэрдаме ў 1662 годзе, ёсць два пункты з назвай Balneum vitoldi — каардынаты аднаго ў цэлым супадаюць з «Радзівілаўскай картай», але іншы размешчаны пры ўпадзенні ракі Інгул у раку Паўднёвы Буг, амаль на месцы сучаснага Мікалаева (нагадаем, што раней тут існаваў горад Вітаўка). 

«Balneum vitoldi» на карце 1662 года.

У сярэдзіне XVI стагоддзя аўтар пад псеўданімам Міхалон Літвін, стваральнік знакамітага лацінамоўнага трактата «Пра норавы татар, ліцвінаў і маскавітаў», пісаў каралю Жыгімонту Аўгусту: «Яны здаўна сплачвалі за знак на мытні продкам Свяцейшай Вялікасці Вашай, пры пераправе цераз Барысфен каля Тавані. Там дагэтуль існуе пабудова са скляпенням з суцэльнага каменю, якое і мы, і жыхары Таўрыкі (Tavricani), і грэкі называюць Вітардзінскай лазняй (balneum Vitordinum). І кажуць, што тут спыняўся зборшчык падаткаў (publicanus) вялікага князя літоўскага, які збіраў мыта».

Магчыма, што гэта першая дакументальная згадка пра вежу Вітаўта. Але як «вежа» раптам стала «лазняй»? Прычына ў памылковым перакладзе на лацінскую мову. Відаць, польскае слова bania (купал, скляпенне) складальнік карты пераклаў на лацінскую мову як balneum (лазня, памяшканне для мыцця). Зыходзячы з гэтага Вітаўтава «баня» магла быць вежай са скляпеннем.

Вежа знутры. Захаваліся рэшткі металічных сходаў з часоў, калі яна служыла воданапорнай вежай. Фота: Wikimedia Commons

Нягледзячы на ​​сваю адметнасць, Вітаўтава вежа амаль не згадваецца ў навуковай літаратуры. Няма пра яе згадак і ў крыніцах да ХІХ стагоддзя, адсутнічае яна і на старых картах. Археолаг Віктар Гашкевіч (дарэчы, пляменнік беларускага арыенталіста Іосіфа Гашкевіча) лічыў, што Balneum vitoldi на польскіх картах адпавядае вывучанаму ім замку на востраве Цягін.

У 1880-я гады вежа была пераабсталяваная князем Пятром Трубяцкім у воданапорную вежу, на ёй быў дабудаваны чацвёрты ярус са спічастымі вокнамі ў псеўдагатычным стылі. Трубяцкі наладзіў у XIX стагоддзі ў сваім маёнтку шырокую вытворчасць якаснага віна, вядомага нам як «Аксаміт Украіны» і «Перліна стэпу». Хутчэй за ўсё воданапорная вежа праіснавала да 1950-х гадоў, калі была пабудаваная Кахоўская ГЭС, пасля чаго з яе быў дэмантаваны бак для вады.

Верхні ярус вежы са спічастым акном, як мяркуюць, дабудавалі толькі ў XIX стагоддзі. Фота: Wikimedia Commons

Упершыню вежа была даследаваная толькі ў 2016 годзе архітэктаркай Таццянай Яўсеевай, якая зрабіла аналіз вапняковых рошчын вежы. Іх параўналі з рошчынамі з самых старажытных пабудоў Меджыбажскай крэпасці (Хмяльніцкая вобласць) — Круглай вежы і паўднёвай абарончай сцяны. Паводле вынікаў петраграфічнага аналізу, склад рошчыны і структура муроўкі Вітаўтавай вежы маюць тэхналагічныя асаблівасці, падобныя да тых, што маюцца ў сцен літоўскага перыяду. Вітаўтаву вежу можна ахарактарызаваць як вежу «валынскага тыпу» — умацаваную мураваную вежу, размешчаную ў сістэме дрэва-земляных умацаванняў.

Сярэднявечныя вежы ў беларускім Каменцы, французскім Лільбоне і ўкраінскім Лятычаве. Фота: Wikimedia Commons

Вымярэнні бачных частак вежы былі праведзеныя ў 2017 годзе. Паводле высноў аўтараў даследавання, аналагамі вежы Вітаўта з'яўляюцца пабудовы XII стагоддзя — Камянецкая вежа ў Беларусі і данжон у Лільбоне ў Францыі. Вежы «валынскага тыпу» на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавалі таксама ў старажытным Берасці, Тураве, і, відаць, Горадні.

Але ўсё ж прамежак у некалькі стагоддзяў не дазваляе атаясамляць «валынскія вежы» з вежай на Дняпры. Па сваіх архітэктурных асаблівасцях Вітаўтава вежа, як адзначаюць украінскія даследчыкі, падобная да круглай вежы Лятычаўскага замка ў Хмяльніцкай вобласці, які быў пабудаваны ў сярэдзіне XIV стагоддзя.

План ніжняга яруса Вітаўтавай вежы. З манаграфіі «На розі двох світів…»

Упершыню археалагічныя даследаванні вежы былі праведзеныя ў жніўні 2018 года Херсонскай археалагічнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Аляксандра Сіманенкі ў рамках міжнароднага культурнага праекта «Украіна-Літва». Асноўнай задачай праекта было даследаванне ніжняга пласта да ўзроўню мацерыка.

Шурф ля падножжа вежы. З манаграфіі «На розі двох світів…»

Унутры вежы на ўзроўні сучаснай падлогі былі выяўленыя тры радыяльна размешчаныя арачныя акны. Даследчыкі лічаць, што яны з'яўляліся зліўнымі адтулінамі вежы. Але ніякіх археалагічных пацвярджэнняў 500-гадовай гісторыі вежы адшукана тады не было. З найбольш старых знаходак — фрагменты керамічнай дахоўкі XVIII стагоддзя, падобнай да той, якой быў пакрыты ханскі палац у Бахчысараі.

Раскапанае арачнае акенца. З манаграфіі «На розі двох світів…»

Дакладная ідэнтыфікацыя гэтай пабудовы з’яўляецца дыскусійнай, а шэраг пытанняў — час пабудовы, яе першапачатковы выгляд, сувязь з вядомымі навуцы вялікалітоўскімі паселішчамі ў гэтым рэгіёне патрабуе далейшых даследаванняў. Калі сувязь з часамі Вялікага Княства Літоўскага ўсё ж пацвердзіцца, то гэта будзе выдатны помнік нашай агульнай спадчыны.

Дзяржаўны гістарычны сцяг Літвы і сцяг Украіны на Вітаўтавай вежы. Фота: Wikimedia Commons

Разбурэнне Кахоўскай ГЭС не паўплывала на захаванасць гэтага помніка, бо ён размешчаны вышэй плаціны, на беразе вадасховішча, а вось маладаследаванай крэпасці Цягін каля вёскі Цягінка пашчасціла менш — яна апынулася ў зоне падтаплення і невядома, як гэта адаб'ецца на захаванасці археалагічнага помніка. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Valadzimir
    09.06.2023
    Якая ў літвінаў слаўная гісторыя!... была некаторы час.... 
    Жыве Вялікая Літва!
  • Літвін
    11.06.2023
    .... А беларусаў як і не было! 

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава15

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Усе навіны →
Усе навіны

Новая небяспечная тактыка Расіі: разам са смяротнымі дронамі яна адначасова запускае беспілотнікі-прынады4

У Мінску адкрыўся антуражны рэстаран. Выклікаць афіцыянтаў там трэба асаблівым спосабам2

Лёва Бі-2: З мяне жартавалі, што маім дзедам з'яўляецца Аркадзь Куляшоў7

«Адгадай краіну». Найлепшыя твіты тыдня2

«Месца беларусаў, якія працуюць у таксі нелегальна, занялі замежнікі. Пасажыры скардзяцца»12

На наступным тыдні прагназуюць моцны вецер і мокры снег. А ў выходныя надвор'е яшчэ пагоршае1

У Кітаі студэнт зарэзаў у каледжы васьмярых чалавек, яшчэ 17 параненыя1

Адвакат родам з Расіі прапанаваў Трампу стаць яго пасланнікам па Украіне3

Загінуў адміністратар Z-канала з мільёнам падпісчыкаў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава15

Як мучылі Ціля Швайгера і цэнтры гарадоў, каб стварыць карцінку для судзімага за махлярства пратэжэ Дзмітрыя Баскава

Галоўнае
Усе навіны →