Культура1010

Ружанскі палац перафарбуюць. Але выпраўляць будуць зусім не тое, чаго ўсе чакалі

Ружанскі палац, розны колер карпусоў якога выклікаў здзіўленне і часам абурэнне ў наведвальнікаў і спецыялістаў, будзе перафарбаваны. Праўда, зусім не так, як многія чакалі. Пра гэта ў сваім артыкуле паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына», спасылаючыся на адказ, які аўтары атрымалі праз амаль год чакання.

Рэканструкцыя таго, як, на думку аўтараў артыкула, будзе выглядаць брама Ружанскага палаца, калі яе пафарбуюць у спрэчныя колеры тэатральнага корпуса. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

На зварот актывістаў, дасланы яшчэ мінулым летам, наконт таго, чаму брама, тэатральны корпус і аркада пафарбаваныя па абсалютна рознай схеме і ў розныя колеры, філіял «Брэстрэстаўрацыяпраект» адказаў толькі пасля скаргі ў пракуратуру.

Навуковы кіраўнік Уладзімір Нахімавіч Казакоў, дырэктар «РэстаўрацыяІнвест», прыклаў да адказу падрабязнае тлумачэнне прычын такой разнастайнасці на помніку архітэктуры і запэўніў, што

ўсё будзе падцягнута да адзінага выгляду, па прыкладзе таго, як цяпер пафарбаваны тэатральны корпус — у яркі смарагдавы колер.

Вось толькі аргументацыя гэтага «адзінага выгляду» падалася каналу, які займаецца аховай гісторыка-культурнай спадчыны, недастаткова абгрунтаванай і памылковай. Разам са спецыялістам-рэстаўратарам аўтары канала падрыхтавалі сваё бачанне таго, як магла выглядаць рэзідэнцыя Сапегаў.

Смарагдавы тэатральны корпус Ружанскага палаца ў жніўні 2022. Гэты варыянт будзе ўзяты за аснову для перафарбоўкі ўсяго комплексу. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Праект цэнтральнага корпуса (палаца) у Ружанах. Ян Самуэль Бекер, 1784. Фасады быццам бы пафарбаваныя ў цёпла-зялёны колер, а не ў халодны

Ружанскі палац пабудаваны на заказ канцлера Аляксандра Міхала Сапегі ў 1784—1786 гадах у пераходным ад барока да класіцызму стылі архітэктарам Янам Самуэлем Бекерам. Асновай былі муры папярэдняга палаца пачатку XVII стагоддзя, моцна пашкоджанага шматлікім войнамі. Бекер таксама па фундацыі Сапегаў стварыў вядомы нам сёння ансамбль цэнтральнай часткі мястэчка, пабудаваўшы дамініканскі касцёл і базыльянскую царкву з кляштарам, а таксама могілкавую капліцу і заезны двор. За сваю працу над палацам архітэктар атрымаў ад Сапегаў пажыццёвую пенсію памерам 2160, а пазней — 2520 злотых.

Праект тэатральнага (усходняга) корпуса ў Ружанах. Ян Самуэль Бекер, 1784

Комплекс складаўся з вялікага палаца, накрытага высокім мансардавым дахам, двух бакавых карпусоў (ва ўсходнім быў створаны тэатр), а таксама высокай брамы з арачным праездам, размешчаным паміж двухпавярховымі карпусамі. Па тагачаснай, ужо класіцыстычнай модзе карпусы былі злучаныя паўкруглымі аркадамі (параўнайце са Свяцкім палацам), утвараючы замкнёны курданёр.

На захаваных праектах Бекера ясна чытаецца выкарыстанне зялёнага колеру на фасадах. Як пакажуць далейшыя даследаванні — пры афарбоўцы фасадаў быў выкарыстаны аксід хрому, які дае цёплы зялёны колер і з’яўляецца надзвычай цвёрдым матэрыялам. 

Праект брамы і прылеглых карпусоў (паўднёвага корпуса) у Ружанах. Ян Самуэль Бекер, 1784. Зроблена варыятыўнаць па паверхні: выява другога паверха закладзена ўверх

Апошнім Сапегам, які валодаў палацам, стаў унук Аляксандра, Яўстах-Каятан, які далучыўся да ўзброенага паўстання 1830—1831 гадоў супраць царскай улады, за што быў пазбаўлены ўсіх сваіх уладанняў і быў вымушаны бегчы за мяжу. Праўда, Ружанскі палац ён прадбачліва прадаў яўрэям Пінесам, якія стварылі тут суконную мануфактуру. У часе Першай сусветнай вайны палац згарэў, а ў часы Польскай Рэспублікі ў яго вярнуліся Сапегі, якія паспрабавалі адбудаваць сваю рэзідэнцыю. Але пачатак Другой сусветнай вайны не даў здзейсніцца гэтым планам. Да нашага часу комплекс дайшоў у напаўразбураным выглядзе. 

Цяперашні выгляд брамы і прылеглых карпусоў. Фота: Wikimedia Commons

Толькі ў 2008 годзе пачаліся работы па аднаўленні брамы і прылеглых карпусоў. І ўжо адсюль пачаліся праблемы з каларыстыкай фасадаў. У адказе навуковага кіраўніка пішацца, што былі праведзены фізіка-хімічныя даследаванні, якія паказалі насычаны зялёны колер (Chromoxidgrün 28S1), але

калі справа дайшла да фарбавання, то і брама, і карпусы чамусьці сталі пастэльнага колеру. Як адзначаюць актывісты, гэта, відаць, не было памылкай, а свядомым рашэннем праекціроўшчыкаў, якія пабаяліся нязвыклага колеру і вырашылі за лепшае прытрымлівацца тых колераў, што бачылі на праектах Бекера.

Але такі падыход памылковы, калі аб’ект фізічна захаваўся і можа быць даследаваны.

Фрагмент фасада тэатральнага корпуса: 50 адценняў кіслотна-зялёнага і недарэчныя белыя элементы дэкору. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Ужо на наступным аб’екце комплексу, тэатральным корпусе, праекціроўшчыкі не пабаяліся выфарбаваць сцены ў яркія (нават лепш сказаць, кіслотныя) і халодныя адценні зялёнага колеру. Такія смарагдавыя колеры ў адказе абгрунтаваныя тым, што яго калісьці ўбачыў у другой палове XX стагоддзя іншы навуковец, мастацтвазнавец Валянцін Калнін. Але фізіка-хімічныя даследаванні з нейкай невядомай прычыны правесці не ўдалося, хоць, як пішуць актывісты, на фасадах заставалася аздабленне. То-бок атрымліваецца, што колер колішняга тэатра Сапегаў — гэта проста фантазія аўтара. 

Афарбоўка паўночна-ўсходняй аркады зроблена ў 2022 годзе. Паводле навуковага кіраўніка, тут дапушчана памылка, якая мусіць быць выпраўлена. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Можна было б падумаць, што тут быў узяты і прыменены колер, якія знайшлі на браме. Той зялёны колер (Chromoxidgrün 28S1) сапраўды насычаны зялёны, але пры параўнанні яго з праектнымі колерамі (Agave 150,140 і 100), выкарыстанымі на тэатры, цяжка знайсці нешта агульнае. Колер на браме насычаны, але натуральны, цёплы, яго можна было зафарбаваць прыроднымі пігментамі ў канцы XVIII стагоддзя, калі комплекс быў пабудаваны, а падабраныя праектныя колеры — штучныя і халодныя. У артыкуле прыводзіцца параўнанне гэтых колераў па палітрах колераў, а таксама кавалкаў аўтэнтычнага тынку на фоне «хімозных» сцен адноўленага корпуса.

Chromoxidgrün 28S1 (унізе) у параўнанні з колерамі Agave 150,140 і 100, якія былі прыменены на ўсходнім (тэатральным) корпусе, дзе фізіка-хімічныя даследаванні чамусьці не праводзіліся. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Адзначаюць таксама штучны белы колер, якім афарбаваны выпадкова выбраны дэкор. Па-першае, такога чыстага колеру не існавала раней, па-другое, такая афарбоўка нічым не пацверджана, акрамя аднаго радка агульных разважанняў пра каларыстыку барока ў кнізе Анатоля Кулагіна 1981 года. На ўсю Беларусь ёсць лічаныя аб’екты, чый барочны каларыт быў навукова адноўлены, а ў час напісання кнігі такіх аб’ектаў не было ўвогуле!

Кавалкі аздаблення фасадаў з захаванай афарбоўкай, блізкай да колеру Chromoxidgrün 28S1, які быў вызначаны фізіка-хімічнымі даследаваннямі, на фоне сцяны тэатральнага корпуса, афарбаванай згодна з праектам. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

На гэтым гісторыя афарбовак палаца не скончылася, летась пачалі рабіць аркаду, якую, здавалася б, будуць гнаць у тых жа колерах, што і тэатральны корпус, да якога яна прымыкае. А ў выніку атрымалася, што ў аркады свая ўласная колеравая схема, не падобная да суседняга корпуса. На думку Казакова, тут пры правядзенні паўторных даследаванняў дапушчана памылка. Цікава, як выкрылася «памылка», хіба не праз тое, што вынікі даследаванняў не адпавядаюць уласным уяўленням навуковага кіраўніка?

Аўтары артыкула падсумоўваюць:

«Рашэнні на Ружанскім палацы не выглядаюць навукова абгрунтаванымі, падобна, што вынікі фізіка-хімічных даследаванняў ігнаруюцца, колеры падбіраюцца згодна з нейкімі аўтарскімі ўяўленнямі пра тое, як мусіць выглядаць палац. Зараз пад гэтыя «фантазійныя» колеры будуць падганяцца іншыя карпусы, але каляровая цэласнасць не выправіць тых памылковых дапушчэнняў, што закладзены ў праекце».

Для тлумачэння сітуацыі на Ружанскім палацавым комплексе ў артыкуле прыводзіцца меркаванне іншага навуковага кіраўніка, Рамана Забелы з навукова-праектнага цэнтра «Рэстабіліс», які летась аднаўляў барочную каларыстыку на фасадзе касцёла Святога Іосіфа ў Мінску.

«Што я магу сказаць, прыведзеных у лісце вынікаў фізіка-хімічных даследаванняў недастаткова для прыняцця рашэнняў па афарбоўцы якога-кольвек з карпусоў палацавага комплексу. Рэшткі колеру выяўлены толькі на дзвюх пробах — і гэта два зусім розныя колеры. На сёння мы ведаем, што ў архітэктуры барока кожны кампазіцыйны, тэктанічны элемент мог мець іншы тон ці адценне. 

Пры вывучэнні такіх вялікіх аб'ектаў таксама варта весці паралельна даследаванні каларыту на розных яго частках, бо за час будовы з розных прычын маглі праводзіцца перафарбоўкі».

Паводле ягоных слоў, пігменты могуць змяняцца пад розным уздзеяннем, але ў гэтым выпадку аксід хрому мае канкрэтны цёпла-зялёны травяністы колер, і, «як яго ні змешвай з іншымі складнікамі, вельмі яркі колер не атрымаецца». 

«Сілікатныя і сіліконавыя сучасныя фарбы доўга трымаюць яркі колер і маюць роўную («глухую») афарбаваную паверхню. Гэта ўсё варта ўлічваць пры вызначэнні каларыту будынка», — заўважае Забела.

На просьбу канала «Спадчына» спецыяліст распрацаваў дзве візуальныя рэканструкцыі таго, як магла выглядаць парадная частка комплексу — брама з прылеглымі карпусамі, калі б не ігнараваліся вынікі навуковых даследаванняў. Сцены выкананы ў цёпла-зялёных адценнях, блізкіх да таго, што паказала хімія, архітэктурны дэкор — у светлай вохры. Як адзначаюць аўтары, чысты белы колер, які цяпер выкарыстаны на палацы, з’явіўся на фасадах толькі ў наш час. Адрозненне варыянтаў толькі ў колеры карніза: у першым варыянце ён «па-барочнаму» цёмны, а ў другім, як на праектах Бекера, светлы.

Колерная рэканструкцыя брамы і прылеглых карпусоў з «па-барочнаму» цёмным карнізам. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Другі варыянт рэканструкцыі са светлым дэкорам і карнізамі, як яны адлюстраваны на праектах Бекера. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Здавалася б дробязь, але нават яна істотна змяняе ўспрыманне помніка архітэктуры. 

Аўтары артыкула заклікаюць правесці яшчэ адно незалежнае фізіка-хімічнае даследаванне ўсіх частак ансамбля і на падставе гэтага ўжо карэктаваць выніковае каляровае рашэнне. Вось што кажа ў завяршэнне рэстаўратар Раман Забела:

«Зараз трэба даследаваць падрабязна ў першую чаргу тыя аўтэнтычныя часткі, якія не закранутыя рэстаўрацыяй, каб сабраць вычарпальныя звесткі для прыняцця рашэнняў без гіпотэз. Магчыма, варта параўнаць вынікі даследавання ў розных лабараторыях, а фінальнае рашэнне прымаць калегіяльна, каб выключыць магчымасць памылкі».

Каментары10

  • Грынч
    05.06.2023
    Госпадзі, Казакова ў дзяцінстве ў чан з зялёнкай кульнулі? 
  • Ёсік
    05.06.2023
    Не, так жа лукашэнку больш спадабаецца. Я мяркую, што была думка пафарбаваць дах ў чырвоны колер. Нічога смешнага, бо ўсе хочуць паказаць сваю любоў да лукашэнкі, гэты невуч таксама.
  • Жвір
    05.06.2023
    Чырвоненькіх фарбікаў не хапае,.. там, і там.

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне12

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Усе навіны →
Усе навіны

У Магілёве пасажырскі аўтобус урэзаўся ў слуп ВІДЭА1

Захворванні на кавід у Мінску за месяц знізіліся на 17 працэнтаў6

Чэргі з фур на выезд з Беларусі прыкметна скараціліся. Чаму так адбываецца?2

Мікрааўтобус жорстка сутыкнуўся з легкавіком у Брэсце, магчыма, ёсць пацярпелыя

Куды падзець яблыкі, альбо Яблычны кекс з сырам4

Беларус закінуў беларусу шайбу ў Канадзе ВІДЭА3

Элітная 155-я брыгада Ціхаакіянскага флоту Расіі страціла 80% складу пад Вуглядарам6

На Эверэсце знайшлі парэшткі альпініста, які знік 100 гадоў таму2

18 чалавекам стала млосна ад сцэн жорсткага сэксу падчас оперы ў Германіі19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне12

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Галоўнае
Усе навіны →