Паглыбіліся ў гісторыю аднаго з палацаў Беларусі, які найлепш захаваўся і які нядаўна адчынілі пасля рэканструкцыі.
15 мая 2023 года старшыня праўлення Нацбанка і кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама сімвалічна адкрылі першую чаргу рэканструкцыі палацава-паркавага комплексу Валовічаў у Свяцку, паведамляла БелТА.
У часе рэканструкцыі цалкам адноўлены вонкавы выгляд, праведзены работы ў інтэр'ерах флігеляў і галерэй палаца. Акрамя таго, раней былі вычышчаны сажалкі ад глею, праведзена санітарная ўборка вакол вадаёмаў, завершаны працы па рэканструкцыі водапрапускных збудаванняў, шлюза, па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол сажалак.
У палацы адкрылі гасцініцу на 58 чалавек, SPA-цэнтр, рэстаран, бровар, залы для правядзення выставак, канферэнцый і прэзентацый. Першых гасцей комплекс планаваў прыняць у канцы мая.
Рэстаўрацыя комплексу вядзецца з 2017 года. Праект рэканструкцыі суправаджаўся сур'ёзнымі навуковымі вышуканнямі, каб максімальна ўзнавіць палац у яго першапачатковым выглядзе. Рэстаўратары плануюць працягнуць працу над інтэр'ерамі цэнтральнай часткі палаца. Тут ужо былі праведзены першыя даследаванні жывапісу, выяўленага ў памяшканні, у якіх ён захаваўся. У найбліжэйшы час мусіць з’явіцца канцэпцыя рэстаўрацыі інтэр'ераў палаца з аднаўленнем роспісаў сцен і ляпніны.
На жаль, сапраўдных рэчаў з інтэр’ераў часоў Валовічаў практычна не засталося.
Род Валовічаў належаў да адной з найбольш старых магнацкіх сем’яў на Беларусі. Родапачынальнікам яго лічыцца Ходка (Ходзька), які ў першай палове XV стагоддзя жыў у Гарадзенскім павеце. Прадстаўнікі роду займалі ў XV—XVIII стагоддзях высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сярод іх вылучаецца постаць канцлера Астафія Валовіча (1520—1587), які падрыхтаваў другое выданне Статута ВКЛ, выдадзенага ў 1566 годзе. Для абароны інтарэсаў беларускай шляхты Валовіч дамогся ўключэння артыкула аб забароне замежнікам, якімі тады лічыліся і палякі, набываць зямлю ў княстве.
Свяцк жа да Валовічаў патрапіў толькі ў другой палове XVIII стагоддзя, калі ягоная частка ў якасці пасагу стала ўладаннем маршалка гарадзенскага Юзафа Валовіча, які затым выкупіў землі ў іншых уладальнікаў. Валовіч пачаў ствараць тут радавую рэзідэнцыю. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Свяцк апынуўся ў складзе Прускага Каралеўства. Юзаф у хуткім часе памёр (у 1779-м), але ягоны сын Антоній, кашталян мерацкі, працягнуў справу бацькі. Яшчэ ў 1779 годзе ён пашырыў маёнтак Свяцк Валовічаў, дадаўшы да яго два фальваркі, і пачаў будаўніцтва палаца. У 1798 годзе Антоній атрымаў ад свайго новага манарха, прускага караля, графскую годнасць.
Палац у стылі барока, але ўжо пад відавочным уплывам ідэй класіцызму, быў вымураваны да 1780 года, але працы па аздабленні працягваліся яшчэ шмат гадоў. Ягоным аўтарам быў прыдворны каралеўскі архітэктар, італьянец Джузэпэ дэ Сака. Ён назіраў за будаўніцтвам да самай сваёй смерці ў 1798 годзе. Сака між іншага пабудаваў палацы Храптовічаў у Шчорсах, Тызенгаўза ў Гародні і загарадную рэзідэнцыю Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Станіслававе (цяпер у межах Гродна). Свяцкі палац атрымаўся двухпавярховым на высокім цокалі, накрыты высокім ламаным дахам. Аформлены ў формах ранняга класіцызму палацавых інтэр’ераў.
Асаблівай вытанчанасцю вылучаліся парадныя памяшканні другога паверха, размешчаныя вакол акруглай бальнай залы. Роспісы сцен звярталі да матываў рамантычных руін і антычных старажытнасцей. Найбольш верагоднымі аўтарамі фрэсак, на думку гісторыкаў, былі вядомыя ў тыя часы мастакі Антоній Смуглевіч і італьянец Тамбары.
У выніку напалеонаўскіх войнаў большая частка былой Рэчы Паспалітай канчаткова адышла да Расійскай Імперыі, на новадалучаных землях было ўтворана Царства Польскае, у якое патрапіў і Свяцк. Антоній свайго ўплыву не страціў ад чарговай змены манарха, цяпер з прускага на расійскага, і стаў сенатарам-кашталянам царства.
Пасля смерці Антонія ў 1822 годзе маёнтак атрымаў у спадчыну ягоны старэйшы сын Іаахім Юзаф (1783—1842), які тады ўжо займаў пасаду губернатара Беластоцкай вобласці (так, вобласць з такой назвай існавала не толькі ў БССР). Цікава, што вобласць была скасавана і далучана да Гродзенскай губерні ў адзін год са смерцю губернатара Валовіча.
Якраз у пачатку XIX стагоддзя склаўся канчатковы выгляд палацавага комплексу. Новым архітэктарам былі пабудаваны дзве аднапавярховыя афіцыны ў стылі класіцызму, дзе размясціліся кухня і манеж. Вынесеныя наперад афіцыны злучаліся з самім палацам зашклёнымі паўцыркульнымі галерэямі-каланадамі. Быў закладзены парк і ўзведзеныя каменныя гаспадарчыя пабудовы, адна з якіх нават захавала на фасадзе дату пабудовы — 1841.
Апошнім Валовічам, які валодаў Свяцкам, стаў Міхал (1812—1882), сын Іаахіма. У шлюбе з графіняй Тэрэзай Ронікер, ён не меў нашчадкаў мужчынскага полу, таму Свяцк перайшоў да малодшай дачкі Ядвігі-Марыі, якая праз шлюб перадала маёнтак свайму мужу графу Юзафу Мянчынскаму.
Граф у сваіх руках маёнтак жонкі чамусьці доўга трымаць не стаў і прадаў у канцы XIX стагоддзя купцам з Мерачы. У пачатку XX стагоддзя маёнтак адышоў да нейкага роду Гумніцкіх, якія неўзабаве яго распарцалявалі (раздрабнілі на часткі). Палац прыйшоў у поўны заняпад, усё, што можна было, з яго вынеслі і прадалі новыя ўладальнікі.
Пасля Першай сусветнай вайны, развалу імперыі і савецка-польскай вайны, Свяцк па Рыжскім міры ў 1921 годзе адышоў да Польскай Рэспублікі. Частку маёнтка з руінамі палаца прыдбала Міністэрства аховы здароўя, якое ў 1930—1933 гадах правяло рэстаўрацыю пад кіраўніцтвам прафесара Оскара Сасноўскага. У 1939 годзе ў палацы размясціўся санаторый для лячэння нарказалежных. У час вайны тут быў нямецкі шпіталь, а пасля вайны — зноў санаторый.
Некаторыя рэстаўрацыйныя працы праводзіліся яшчэ ў 1960—1980-я гады. З 2005 года палац стаяў закінутым, што прывяло да хуткага разбурэння помніка. Палац быў перададзены санаторыю «Азёрны».
Рэканструкцыя палаца пачалася толькі ў 2017 годзе і будзе працягвацца яшчэ не адзін год. Зараз паралельна на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу вядуцца работы па ўзнаўленні капліцы ў гатычным стылі, якая пацярпела ад пажару ў 2020 годзе.
Другая чарга прадугледжвае аднаўленне прылеглай тэрыторыі, а трэцяя — добраўпарадкаванне лесапаркавай зоны адпачынку. Дакладныя тэрміны іх завяршэння пакуль невядомыя.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары