Вайна2222

«Мы 20 гадоў рыхтавалі будучую эліту сілавых структур». Сяргей Бульба — пра Міраслава Лазоўскага і іх працу за кадрам

17 мая стала вядома, што пад Бахмутам загінулі пяцёра ваяроў палка Каліноўскага, у тым ліку камандзір групы. Адным з іх быў Міраслаў Лазоўскі — адзін з заснавальнікаў знакамітага «Белага легіёна», важная асоба ў гісторыі незалежнай Беларусі. Пра тое, што раней не было вядома, «Нашай Ніве» расказаў блізкі сябар Міраслава і кіраўнік колішняга «Белага легіёна» Сяргей Бульба (Чыслаў).

Міраслаў Лазоўскі. Фота: сацыяльныя сеткі

Сяргей Бульба з Міраславам Лазоўскім пазнаёміўся трыццаць гадоў таму, у 1990-я: «Калі былі дэманстрацыі за незалежнасць, мы з ім ішлі ў галаве калоны, мелі задачу расчышчаць дарогу. Мірык, як і я, быў з актыўных людзей. А потым мы прыгледзеліся, пабачылі, што чалавек добры арганізатар, мае здольнасці. І запрасілі яго ў кіраўніцтва «Белага легіёна».

Лазоўскі быў інтэлектуальным, начытаным чалавекам і пры гэтым фізічна развітым. «Белы легіён» быў ваенізаванай патрыятычнай арганізацыяй, мэтай якой была вайсковая падрыхтоўка патрыятычнай моладзі.

Падрыхтоўка была сур’ёзнай: інструктары са спецназа, абавязковыя медыцынскія курсы і атрыманне сертыфікатаў «Чырвонага крыжа», стральба са спартовай і паляўнічай зброі, заняткі адзінаборствамі.

Адпрацоўвалася таксама аўтаномнае жыццё ў партызанскіх умовах у фармаце палявых выхадаў, з начоўкамі і без.

Сяргей Бульба кажа: «У нас было мінімум піяру, замест гэтага мы ўвесь час паслядоўна працавалі».

«Калі мы пазбавіліся магчымасці рабіць гэта легальна, мы сталі рэгістраваць, дзе ўдавалася, спартовыя, краязнаўчыя клубы. За гэты час мы ўзгадавалі цэлую плеяду беларускіх афіцэраў, — кажа Сяргей Бульба. — Грамадства даведалася пра гэта толькі ў 2017 годзе, калі была крымінальная справа «Белага легіёна» і нас абвінавацілі ў тым, што мы нібыта рыхтавалі вайсковы пераварот.

У нас пыталіся, маўляў, у вас свае людзі і ў тых ведамствах, і ў гэтых, вы што, рыхтавалі пераварот? А мы проста рыхтавалі будучую эліту сілавых структур для сваёй краіны, паслядоўна, мэтанакіравана, без рэкламы, дваццаць гадоў запар».

Праз трэніроўкі былых «легіянераў» прайшлі сотні людзей.

Міраслаў Лазоўскі ўручае «сталёвыя берэты» ўдзельнікам «Белага легіёна», якія прайшлі прайшлі выпрабаванне на іх. Канец 1990-х

Сябры «Белага легіёна» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсцяў у 1996-1999 гадах. Арганізацыя сышла ў падполле на пачатку 2000-х.

«Я тады застаўся ўдзячны кадэбістам, што яны павялі сябе як сапраўдныя афіцэры»

Пасля выбуху 3 ліпеня 2008 года на канцэрце, дзе прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка (на думку пазнейшага следства, яго зладзіў Дзмітрый Канавалаў) Бульбу, Лазоўскага і яшчэ двух чалавек з «Легіёна» арыштавалі.

Іх як людзей з вайсковай падрыхтоўкай падазравалі ў падрыхтоўцы таго тэракта. Пратрымалі суткі ва ўпраўленні КДБ па Мінску і Мінскай вобласці на завулку Казлова, без сну, з пастаяннымі допытамі, а потым кінулі на Акрэсціна. Праз суткі спецслужбісты пабачылі, што легіянеры не маюць да выбухаў ніякага дачынення: «Я тады застаўся ўдзячны кадэбістам, што яны павялі сябе як сапраўдныя афіцэры, нічога нам не падкінулі, а сапраўды шукалі, хто вінаваты ў тым выбуху», — кажа Бульба.

Няясная справа 2017-га

У 2017 годзе Лазоўскі быў зняволены як адзін з падазраваных па справе «Белага легіёна».

Сяргей Бульба кажа, што ў той гісторыі так і засталося шмат няяснага: «З яго зняволеннем у 2017 годзе ўсё складана. Мірык да канца і не прызнаўся, што там з ім рабілі, але ведаем, што яго кідалі ў адзіночную камеру. Маем падазрэнні, што частцы з тых, хто тады быў арыштаваны і сядзеў у «амерыканцы», давалі псіхатропы. Адзін з тых вязняў, пра каго мы так думаем, падаў заяву, каб у яго ўзялі аналізы на хімічныя рэчывы, тады ўлады перапынілі з ім усе кантакты і не дапускалі да яго нават адваката цягам недзе пяцідзесяці пяці дзён. Як я ні спрабаваў дазнацца ў Мірыка, што там было, ён, на жаль, так і не расказаў. Ён жа спрабаваў тады ўзяць усю адказнасць на сябе, каб нікога не падставіць, паводзіў сябе з гонарам і па-мужчынску».

«Я прыехаў ваяваць, а не хернёй займацца»

Калі Расія напала на Украіну, сябры разумелі, што далейшы лёс Беларусі цяпер вызначаецца там. Відавочна, кажа Бульба, што Расія паставіла сабе задачу інкарпараваць Украіну і Беларусь: «Было ясна, што, калі прайграе Украіна, у Беларусі шансаў ужо не будзе, і трэба абавязкова ўсяляк дапамагаць Украіне».

Якім памятаюць Лазоўскага пабрацімы з палка?

«Мірык быў сапраўдным ваяром і камандзірам, не штабным пацуком. Ён ішоў у бой разам з байцамі, быў сапраўдным аўтарытэтам.

Запомніліся яго словы: «Хлопцы, я прыехаў ваяваць, а не хернёй займацца», — кажа Бульба.

«Гэта быў не балабон, і людзі гэта бачылі. Таму яму і паверылі хлопцы з батальёна «Волат», разлічвалі, што якраз ён павядзе іх вызваляць Беларусь, не спадзяваліся ні на каго іншага».

А якім быў Лазоўскі ў мірным жыцці?

«Многа чытаў, удзельнічаў у рэканструкцыях гістарычных баёў. Любіў вандраваць па Беларусі. Моладзь з «Легіёна» згадвае, як ён хадзіў з імі ў Налібоцкую пушчу, марш-кідкі». 

Летам легіянеры выязджалі на раскопкі з археолагамі. Паўдня дапамагалі капаць, а потым ішло гартаванне: спорт, тактыка і астатняе.

Кіраўніцтва «Легіёна» разумела, тлумачыць Бульба, што раскопы даюць хлопцам магчымасць не па кніжках ведаць сваю гісторыю, а дакрануцца да яе. Адна справа, калі ты чытаеш пра гэта, і іншая — калі ты сапраўды выцягнуў артэфакт з зямлі.

«Замчышча, і адкопваюць меч. Не ўяўляеце, шчасце! Хлопцы ўсе з гэтым мячом перафатаграфаваліся».

Захавалася відэа, як Міраслаў Лазоўскі разам з пабрацімамі спявае на вяселлі ў сяброў.

«Міраслаў быў для нас узорам рымскага інтэлігента, — успамінае Бульба. — Старажытныя рымляне лічылі інтэлігентам таго, хто і разумова, і фізічна развіты і не раз удзельнічаў у баях у складзе рымскага легіёна».

Пяць беларускіх добраахвотнікаў загінулі пад украінскім Бахмутам 16 мая. Міраславу Лазоўскаму было 49 гадоў. 

Пра тое, як гэта адбылося, «Белсату» расказаў пабрацім Лазоўскага Павел Шурмей.

«Нашы хлопцы далі добры бой, нанеслі страты расейцам. Яны адышлі і запрасілі артылерыйскую падмогу». Паводле ягоных словаў, пасля гэтага ў будынак [дзе знаходзіліся беларусы] патрапілі буйныя снарады, каля 200-мм [або авіябомба], у выніку ў будынку склаліся тры паверхі.

Падчас «прылёту» Лазоўскі знаходзіўся побач на КНП (камандна-назіральны пункт), апавядае Павел Шурмей. Калі параненыя змаглі па рацыі расказаць, што адбываецца, ён адразу пачаў фармаваць групу дапамогі і эвакуацыі з сумежнікаў — УСУ, з імі быў і парамедык палка. Яны рушылі на тое месца.

Лазоўскі кіраваў эвакуацыяй параненых, прыкрываў іх, выносіў зброю. Ён ішоў апошнім і зусім трохі не дайшоў да КНП».

Ён нарадзіўся ў Мінску, яго бацька паходзіць са Случчыны, а мама — з Магілёўшчыны. Скончыў ён Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

У 1995 годзе ён уступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёна».

У апошнія гады сябры камунікавалі дыстанцыйна: Бульба не ездзіў у Беларусь, а Міраслаў толькі зрэдку выязджаў з Беларусі.

Лазоўскі працаваў па спецыяльнасці, інжынерам, а пасля — у выдавецтве «Кнігазбор».

«Радзіме ён аддаваў сваю асноўную энергію», — кажа Бульба.

«Планы на будучыню: вызваленне Беларусі»

«Мірык быў вельмі матываваным, мэтанакіраваным. Так што гэта вельмі сур’ёзная страта не толькі для «Белага легіёна», але і для ўсёй Беларусі.

Разам мы будавалі планы на будучыню: вызваленне Беларусі, стварэнне новага падраздзялення, якое будзе займацца канкрэтнай працай. Мірык меў вельмі сур’ёзны ўзровень душы, быў глыбай, таму і планы меў адпаведныя», — расказвае Сяргей.

«Спадзяюся, што калісьці ў Мінску яго імем будзе названая вуліца і армейская навучальная ўстанова, — кажа Бульба. — Гэта сапраўды годны літвін, годны сын беларускага народа. Не ўсе яго заслугі магу пералічыць, але ж у свой час мы справіліся з задачай, з якой не спраўляліся беларускія спецслужбы: мы не далі ўсякім эрэнешнікам захапіць Беларусь знутры. Ужо толькі за тое Мірык заслугоўвае звання Героя Беларусі», — падсумоўвае заснавальнік «Белага легіёна».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Сярод пяці загінулых пад Бахмутам беларускіх добраахвотнікаў быў Міраслаў Лазоўскі, заснавальнік «Белага легіёна»

Міраслаў Лазоўскі: «А цяпер хацелася б паўдзельнічаць у выпраўленні дэмаграфічнай сітуацыі!»

«Можа ўскіпець толькі ў зацяжной спрэчцы пра гісторыю Беларусі», — знаёмыя расказваюць пра арыштаванага Міраслава Лазоўскага

Каментары22

  • **
    26.05.2023
    а праўда ў тым, што ад радыкальных нацыяналістаў пазбаўлялася найперш сама ўкраінская ўлада яшчэ ў 14-м годзе
  • Петя
    26.05.2023
    **, они сами мир от себя избавляют
  • Рэалбульба
    26.05.2023
    20 год рыхтавалі эліту... І дзе яна? Як сабе праявіла ў 2020, калі трэба было народ абараняць?
    Аднаго мяне раздражняе бясконцае балабольства самазакаханага псеўда-бульбы?

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак16

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Усе навіны →
Усе навіны

Урад зноў увёў ліцэнзаванне на вываз яблык, цыбулі і капусты2

Прынцэса Кэтрын упершыню пасля заканчэння курса хіміятэрапіі з’явілася на публіцы

Зяленскі абвергнуў, што падчас еўрапейскага турнэ ён абмяркоўваў пытанне перамір'я з Расіяй

15-гадовы кандытар з Мінска робіць торты на замову: прыгожа, але шалёна дорага13

Адбыўся новы выбух на нафтабазе ў Феадосіі, якая гарыць чацвёрты дзень4

Сталі вядомыя пераможцы штогадовай прэміі за найлепшыя ФОТЫ дзікай прыроды1

Ужо амаль палова расіян заявіла, што вайна прынесла Расіі больш шкоды, чым карысці11

У ЗША бушуе ўраган «Мілтан» ВІДЭА5

Па ўсёй Беларусі проста цяпер назіраюць паўночнае ззянне ФОТЫ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак16

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак

Галоўнае
Усе навіны →