29-гадовы Яўген Макарчук, які нарадзіўся ды выгадаваўся ў Лідзе і раней уваходзіў нават у зборную Беларусі па боксе, цяпер жыве ў Польшчы і 19 мая стаў чэмпіёнам гэтай краіны сярод прафесіяналаў.
Яўген Макарчук выступае ў суперпаўсярэдняй катэгорыі (да 154 фунтаў, ці да 69,853 кг), і супрацьстаяў яму ў баі за званне чэмпіёна, што прайшоў у Злотаве Велькапольскага ваяводства, дасведчаны і вядомы ў Польшчы спартсмен Лукаш Мацец. «Я відавочны фаварыт, і я чакаў амаль 10 гадоў, каб выйграць нацыянальны чэмпіёнскі пояс», — казаў Мацец перад гэтым боем.
Ягоны паслужны спіс на прафесійным рынгу сапраўды быў уражлівым — 28 перамог (з іх пяць накаўтам), сем паражэнняў і адна нічыя. У Макарчука дагэтуль было толькі восем баёў, але ва ўсіх ён перамог, у тым ліку ў трох накаўтам. Пераможная серыя не перарвалася і гэтым разам.
Цяпер баксёр з Ліды абараняе на прафесійным рынгу колеры баксёрскага спартыўнага клуба «Скарпіён» са Шчэціна.
Каментары