Грамадства2525

Раман Галоўчанка: што вядома аб прэм'ер-міністру

Адны лічаць прэм’ер-міністра патэнцыйным «Мядзведзевым сям’і Лукашэнкаў». Іншыя ўказваюць, што ён усё ж беларус і тэхнакрат з досведам працы ў прамысловасці і дыпламатыі. Прэм’ер-міністра звязваюць з Віктарам Лукашэнкам і Віктарам Шэйманам, які і паспрыяў яго кар’еры. Ці здольны Галоўчанка стаць самастойным?

Галоўчанка 14 мая зачытаў зварот «з нагоды святкавання Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь». Фота: БелТА

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ад імя Аляксандра Лукашэнкі сёння зачытаў зварот «з нагоды святкавання Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь». Тое, што прамову на ўрачыстасці даручылі агучыць Раману Галоўчанку, а не Наталлі Качанавай, Віктару ці Мікалаю Лукашэнкам, можа быць індыкатарам, каму перайшоў бы рэй кіравання ў выпадку адыходу Аляксандра Лукашэнкі сёння. Тэма, пра якую многія задумаліся ва ўмовах, калі здароўе Аляксандра Лукашэнкі пахіснулася настолькі, што ён не выступаў на дзвюх дзяржаўных урачыстасцях запар.

Мы прыгадалі, што вядома пра жыццё і кар’еру прэм’ер-міністра Беларусі. 

Раман Галоўчанка нарадзіўся ў Жодзіне ў 1973 годзе. У гэтым жніўні яму споўніцца 50 гадоў. Яго бацька спачатку працаваў на БелАЗе, а пасля ў Мінску, куды перабралася сям’я, на трактарным заводзе.

Раман Галоўчанка. Фота: БелТА

Раман Галоўчанка рана выбраў шлях дыпламатычнай службы і ўжо школьнікам паказаў немалыя здольнасці, бо здолеў паступіць у элітны МГІМО — Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. Скончыў яго ў 1996 годзе — тым самым, у якім Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў канстытуцыйны пераварот, скончыўшы кароткі перыяд няспелай беларускай дэмакратыі.

Маладога кадра заўважыў Віктар Шэйман — шэры кардынал рэжыму. Гэта пра Шэймана пісаў Аляксандр Фядута, што ўплыў і вага пераходзіць на тую пасаду, якую займае гэты чалавек.

А працаваў ён дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі, Генеральным пракурорам і кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі. І Галоўчанка вандраваў па ўстановах за ім. Да 2002 года ён працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце Рады бяспекі Беларусі галоўным спецыялістам, далей — намеснікам начальніка аддзела ў Генеральнай пракуратуры. У гэты перыяд ён скончыў Акадэмію кіравання пры Лукашэнку па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю». 

Пасля была ўплывовая пасада галоўнага дарадцы ва ўпраўленні замежнай палітыкі Адміністрацыі Лукашэнкі, з якой Галоўчанка вярнуўся ў Дзяржсакратарыят Рады бяспекі ў аддзел супрацоўніцтва ў сферы міжнароднай бяспекі. Потым спецслужбіст па працоўнай кніжцы паехаў дыпламатам у Польшчу — ключавую для Беларусі краіну — і працаваў у МЗС. 

Імаверна, Шэйман і пазнаёміў свайго перспектыўнага пратэжэ з сынам Лукашэнкі Віктарам, які ўзяў таго ў сваю абойму. Так Галоўчанка аказаўся ўцягнутым у рэалізацыю важных эканамічных схем — пад «дыпламатыяй» у аўтарытарных рэжымах, дый не толькі ў іх, часам разумеюцца вельмі пікантныя рэчы. 

Пасля Раман Галоўчанка быў першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі, курыруючы збыццё тавараў ВПК — ізноў тонкая сфера, якая патрабуе далікатнасці і цішыні. З 22 красавіка 2013-га яго, нарэшце, афіцыйна паслалі паслом туды, дзе яго і так добра ведалі як прадаўца зброі, — у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (і па сумяшчальніцтве ў Катары, Кувейце і Саудаўскай Аравіі). Гэта адбылося адразу пасля візіту ў сакавіку дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Пры ім у Дубаі прайшоў першы беларуска-эмірацкі бізнэс-форум і значна паглыбілася эканамічнае супрацоўніцтва.

Старшыня ЕЭК Міхаіл Мясніковіч, сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч, прэм'ер Раман Галоўчанка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Максім Ермаловіч на выставе TIBO-2023. Фота: БелТА

У 2018 годзе, калі скончылася пасольская кадэнцыя і Галоўчанку трэба было знайсці работу ў Мінску, яго вярнулі ўжо начальнікам Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта, дзе акурат нядаўна з пасады з залётам быў зняты папярэднік. Але доўга Галоўчанка там не прабыў. 

У часы кіравання Дзяржкамваенпрамам Галоўчанка шчыльна працаваў з Расіяй, бо беларуская «ваенка» шчыльна звязана з расійскай. Расіяне тады хацелі купіць МЗКТ і «Пеленг». Галоўчанка фактычна адначасова з імі супрацоўнічаў і ад іх адбіваўся, што тыпова для кіраўнікоў буйных дзяржканцэрнаў.

У пачатку чэрвеня 2020 года, калі ўжо быў ясны маштаб народнай незадаволенасці дыктатарам і пачалася беспрэцэдэнтная і лёсавызначальная для беларускага грамадства перадвыбарная кампанія, Галоўчанку прызначаюць прэм’ер-міністрам Беларусі замест Сяргея Румаса, які меў рэпутацыю ліберала і дэмакрата і Лукашэнку падаваўся недастаткова лаяльным.

Калі пасля выбараў пачаліся пратэсты, Галоўчанка ездзіў на МТЗ гаварыць з рабочымі. Гэта было 14 жніўня 2020-га. Аднак завадчане адмовіліся з ім размаўляць, бо на тэрыторыю МТЗ не пусцілі прэсу.

Цікавы і зусім іншы бок асобы Галоўчанкі, звязаны з яго ўласнымі зацікаўленасцямі. Наведваючы ў 2021 годзе адноўлены Косаўскі палац, ён выказаўся, што «трэба ўкладваць у інфраструктуру турызму, у тым ліку ў аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны. На жаль, практычна ўсё, што было створана ў Беларусі за шматлікія стагоддзі і пакаленні, аказалася разбураным у сілу розных гістарычных падзей, галоўным чынам ваенных». 

У верасні 2022 года прэм’ер-міністр асабіста анансаваў маштабныя раскопкі на гарадзішчы на Менцы, якія мусяць адбыцца ўжо сёлета, і заявіў, што па выніку работ неабходна будзе падвышаць статус помніка археалогіі да рэспубліканскага ўзроўню.

«У гісторыкаў існуе кансэнсус, што гэтае гарадское паселішча больш старажытнае, чым тое, што з'явілася на Нямізе. Таксама ёсць гіпотэзы, што яны існавалі паралельна. Насамрэч, гэта не так істотна, таму што без уліку таго, ці было гэтае гарадзішча папярэднікам сучаснага Мінска, ці не, гэта, безумоўна, значны помнік. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што беларуская дзяржаўнасць не прыдумана, не кімсьці прыўнесена, а спрадвечна наша», — казаў прэм'ер.

Такая абазнанасць у гісторыі ў Галоўчанкі невыпадковая. Ëн даўно захапляецца гэтым. Нават доўгі час прысутнічаў на форуме капачоў-аматараў, дзе яны дзеляцца інфармацыяй пра свае знаходкі. Напэўна, Галоўчанку гэта цікавіла як збіральніка старажытнасцей.

У 2008 годзе ў кнізе «Калекцыйная спадчына Вялікага Княства: мапы, гравюры, манеты, пячаткі» Раман Галоўчанка нават надрукаваў уласны артыкул «Асабістыя пячаткі як частка сфрагістычнай спадчыны ВКЛ». Мінскія старажылы ведаюць, што Галоўчанка раней перыядычна асабіста наведваў і Галоўпаштамт, купляючы паштовыя маркі для сваёй калекцыі.

Але гэта ўсё хобі. Праца прэм’ера не пакідае часу ні на што іншае. Тым больш што, як кажуць крыніцы «Нашай Нівы»,

ён працягвае курыраваць добра знаёмую яму вайскова-прамысловую галіну, якая набыла новае значэнне пасля пачатку вайны ва Украіне. Прэм’ер-міністр бярэ пад свой уласны кантроль і адказнасць пашырэнне высокатэхналагічных прадпрыемстваў, звязаных з абароннай прамысловасцю.

Бо вайна выявіла, што многа прадукцыі беларускага ВПК, які Галоўчанка курыраваў, аказалася абсалютна бесталковай ва ўмовах сучаснай вайны, у прыватнасці, сродкі вайсковай сувязі. 

У цэлым уся дзейнасць Галоўчанкі на пасадзе прэм’ер-міністра была скіравана на тое, каб беларуская эканоміка пад уздзеяннем унутры— і замежнапалітычных фактараў, пад цяжарам заходніх санкцый не абрынулася. І, відаць, у пэўнай ступені ў яго атрымалася. Сам ён у пачатку 2023 года з аптымізмам адзначаў, што «эканоміка ў цэлым спраўлялася з тымі выклікамі, якія ёй былі падкінутыя летась». 

Лукашэнкаўская наменклатура, 14 мая 2023 года. Фота: БелТА

Хаця нядаўна Галоўчанка больш запомніўся іншай цытатай. Прэм'ер заявіў, што яго выступ мог быць згенераваны нейрасеткай, і ніхто б гэтага не заўважыў.

Раман Галоўчанка жанаты другім шлюбам. Паводле звестак у сеціве, сын ад першага шлюбу вучыцца ў Маскве ў Баўманскім вучылішчы. У другім шлюбе ў яго дзве дачкі.

Маючы дыпламатычную адукацыю, Галоўчанка дэкларуе валоданне некалькімі замежнымі мовамі (англійскай, арабскай, нямецкай і польскай), добра знаёмы з сістэмай кіравання, дзяржаўнай бяспекай і вайсковым забеспячэннем краіны.

Галоўчанка не праяўляў публічнай прыхільнасці да беларушчыны, як тое рабіў ягоны папярэднік Румас, але і рускашавіністычных, рускамірскіх заяў не рабіў. 

Хаця, як і многія высокія чыноўнікі, агучваў лукашысцкія тэзісы пра фашыстаў на Захадзе і перапісванне гісторыі.

«Праўда часта сведчыць далёка не на карысць многіх краін сучаснай Еўропы. Адначасова праслаўляецца нацысцкі рух. Нават у нашых суседзяў, з якімі мы ў складзе агульнай краіны змагаліся супраць фашызму, сёння праводзяцца публічныя дэманстрацыі неанацыстаў. Ушаноўваюцца былыя легіянеры СС і гераізуюцца нацысцкія злачынцы і іх прыхвасні, у гонар якіх пераймяноўваюцца вуліцы», — заяўляў ён.

Магчыма, што ў палітычным вакууме, які можа ўзнікнуць пасля смерці Лукашэнкі, фігура тэхнакрата была б кампрамісам для захавання беларускага суверэнітэту, каб не было катастрафічных узрушэнняў у працэсе пераходу да новай сістэмы кіравання. Прынамсі, прыход да ўлады Галоўчанкі выглядае менш рызыкоўным для дзяржавы, чым знаходжанне ля стырна кар’ерысткі і генератаркі банальнасцей Наталлі Качанавай, і больш цывілізаваным, чым сцэнар перадачы ўлады дзецям Аляксандра Лукашэнкі па прыкладзе ўсходніх дэспатый.

Каментары25

  • Анна
    14.05.2023
    Почему-то все выходцы из рабочих семей мучают рабочий люд.
  • Фома Неверующий
    14.05.2023
    Так что, Шурик уже все, что вы про этого пишите?
  • Вясна. Журналісты вар’яцеюць
    14.05.2023
    "Прынамсі, прыход да ўлады Галоўчанкі выглядае менш рызыкоўным для дзяржавы"

    Цудоўнае меркаванне. Гэта як казаць: прыход Гітлера выглядае менш рызыкоўным, чым прыход Сталіна. Альбо: прыход Сталіна выглядае менш рызыкоўным, чым прыход Гітлера. А па факце, для людзей і тая, і тая херня небяспечна.

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь170

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа пастрыг Андрэя Хадановіча проста на сцэне ФОТАФАКТ2

У Жодзіне мужчына памёр у паліклініцы ў чарзе па талоны18

У Расіі жорстка затрымалі ваеннага блогера «Трынаццатага»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →