Пандэмія скончылася, але «кавідны» збор на мяжы застаецца. Вось колькі дзяржава зарабляе на ім кожны месяц
Кіраўнік СААЗ 5 мая абвясціў аб заканчэнні пандэміі COVID-19. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў, што пандэмія каранавіруса ў Беларусі падышла да канца, яшчэ 11 студзеня.
Рэакцыя на пандэмію COVID-19 з боку ўлад, мякка кажучы, была не зусім такая, як у большасці іншых краін свету. Улады часам рабілі выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца, а там, дзе ім было выгадна, ставіліся да пандэміі на поўным сур'ёзе.
Адзін з яскравых прыкладаў — «кавідны» збор пры перасячэнні мяжы на транспартных сродках, максімальная дапушчальная вага якіх не перавышае 5 тон. Яго пачалі спаганяць з 1 мая 2021 года. Першапачаткова яго планавалі збіраць да 1 студзеня 2023 года. Афіцыйна дэкларавалася, што сабраныя сродкі пойдуць «на папярэджванне і барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй». Памер збору — 1 базавая велічыня.
Пачынаючы з 1 студзеня бягучага года выезд з Беларусі зноў стаў бясплатным, але ненадоўга. Ужо 12 студзеня стала вядома, што з лютага збор вяртаецца. Цікава, што рашэнне аднавіць «кавідны» збор за перасячэнне мяжы было агучана на наступны дзень пасля таго, як міністр аховы здароўя абвясціў, што пандэмія каранавіруса ў Беларусі падышла да канца. Аднак заявы міністра ніяк не паўплывалі на сітуацыю. Згодна з прынятым рашэннем, плаціць 1 базавую (37 рублёў) давядзецца ажно да 1 студзеня 2025 года.
Мы паспрабавалі падлічыць, колькі дзяржава зарабляе на пандэміі, якая скончылася не толькі паводле заяў Піневіча, але і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Дзякуючы таму, што Дзяржпагранкамітэт у сваім тэлеграм-канале рэгулярна публікуе даныя аб тым, колькі легкавых аўто праехала за суткі праз пункты пропуску з краінамі ЕС, можна даволі дакладна падлічыць, колькі грошай атрымлівае бюджэт дзякуючы гэтаму збору.
На падставе 10 апошніх публікацый аб колькасці легкавых аўто, якія праехалі праз дзяржаўную мяжу, можна прыйсці да высновы, што ў сярэднім за суткі праз мяжу праязджае 2 271 легкавы транспартны сродак, мінімум — 2039 (26.04.2023), а максімум — 2477 (04.05.2023).
Атрымліваецца, што ў сярэднім за суткі ад «кавіднага» збору ў бюджэт паступае каля 84 027 беларускіх рублёў, што ў пераводзе на даляры па бягучым курсе складае каля 29 705 «вечназялёных». У месяц атрымліваецца больш за 2,5 мільёна рублёў, або каля 891 тысячы даляраў.
Але хутчэй за ўсё рэальныя лічбы крыху большыя, бо хоць некаторыя катэгорыі грамадзян і маюць права выязджаць без аплаты збору, мы не можам вылічыць, колькі грузавікоў агульнай вагой да 5 тон перасякае мяжу, бо асобнай статыстыкі па такіх транспартных сродках няма. Але відавочна, што лік ідзе на дзясяткі такіх транспартных сродкаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
«Ад Брэста да Варшавы дабраліся за 5 гадзін». Колькі часу цяпер займае перасячэнне мяжы на аўтобусе?
Мінск хоча перастрахавацца: Беларусь увяла пагранічны кантроль на ўездзе з Расіі
Каментары