Хваля эміграцыі ў 2021—2023 гадах — самая вялікая ў гісторыі Беларусі. Лічбы
Кірункамі для эміграцыі становяцца не толькі Польшча і Літва — некалькі тысяч чалавек пераехала ў Ізраіль і нават Цэнтральную Азію. «Наша Ніва» сабрала статыстыку з розных краін.
Дзве хвалі эміграцыі
Ужо амаль тры гады, як сучасная Беларусь перажывае самую вялікую хвалю эміграцыі насельніцтва ў сваёй гісторыі. У адказ на беспрэцэдэнтныя па сваіх маштабах пратэсты супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе ўлада распачала масавыя рэпрэсіі.
З пачаткам вайны ва Украіне ў Беларусі стартавала наступная, яшчэ больш маштабная хваля міграцыі, якая ў тым ліку суправаджалася арганізаваным масавым рэлакейтам ІТ-кампаній. І хоць пікавыя моманты ўжо прайшлі, людзі дагэтуль працягваюць з'язджаць з краіны праз рэпрэсіі і вайну.
Апроч гэтага, цяпер, як і да падзей 2020 і 2022 гадоў, шмат хто з'язджае з Беларусі з прычын эканамічных.
Колькі ўсяго людзей выехала? «Наша Ніва» сабрала звесткі з розных краін.
Найбольш папулярнай краінай для беларусаў стала Польшча
Па стане на сакавік 2023 года ў Польшчы афіцыйна працуе каля 116 тысяч грамадзян Беларусі. Такія даныя прыводзіць польскі ZUS (аналаг беларускага ФСАН). Заўважна, што за апошнія паўтара года гэтая лічба вырасла амаль у 2 разы. Па стане на канец 2021 года ў Польшчы працавала 67,7 тысячы беларусаў, у 2020 такіх было каля 50 тысяч. Для параўнання: у 2016 у Польшчы працавала ўсяго 14,3 тысячы беларусаў. Такім чынам, лічба вырасла больш як на 100 тысяч чалавек.
Аднак колькі з іх выехала на нейкія сезонныя працы ці працуе дальнабойшчыкамі, а іх сем'і засталіся ў Беларусі, — невядома.
З другога боку, трэба ўлічваць, што не ўсе беларусы працуюць легальна, а частка з тых, хто працуе, там жыве сем'ямі. Дзеці і непрацуючыя партнёры ў гэтую статыстыку не трапілі.
Па стане на красавік 2023 года колькасць беларусаў у Польшчы з дзейнымі ВНЖ або ПМЖ склала 75,7 тысячы чалавек.
Істотная розніца паміж колькасцю працуючых у Польшчы беларусаў і ўладальнікамі дзейных ВНЖ тлумачыцца даволі проста. Па-першае, тыя, хто з'ехаў нядаўна, жывуць па візе. Па-другое, у Польшчы праз пандэмію, а потым і наплыў уцекачоў з Украіны і Беларусі працэс атрымання дазволаў на жыхарства стаў займаць вельмі шмат часу (каля 6 месяцаў і болей). Таму частка мігрантаў жыве і працуе там без дзейнай візы або ВНЖ. Яны знаходзяцца ў краіне на падставе штампа ў пашпарце, дзе пазначана, што яны падалі дакументы на атрыманне ВНЖ/ПМЖ.
Па-трэцяе, уладальнікі карты паляка робяць нацыянальныя візы на 365 дзён знаходжання, з якімі могуць без праблем жыць і працаваць у Польшы.
І яшчэ адно: шматлікія беларусы ўжо зняверыліся ў радзіме і атрымалі польскае грамадзянства. Толькі летась 2985 грамадзян Беларусі атрымалі польскія пашпарты. І хоць амаль усе яны з'ехалі раней за 2020 год, бо нават уладальнікі карты паляка могуць атрымаць грамадзянства не раней за 1,5—2 гады, такія лічбы таксама сведчаць пра тое, што людзі з Беларусі з'язджаюць тысячамі. Адбывалася гэта і раней, але, як паказвае розная статыстыка, за апошнія гады працэс паскорыўся ў некалькі разоў.
Студэнты таксама арыентуюцца на Захад
Апроч гэтага, у даных спісах не адлюстроўваюцца студэнты, якія жывуць у краіне на падставе студэнцкай візы або візы па карце паляка. Па даных за 2021 год, у польскіх ВНУ вучылася 11 076 беларусаў. Прыкметна, што іх колькасць штогод таксама расце. Напрыклад, у 2012 годзе ў Польшчы вучылася толькі 2344 студэнты з Беларусі, у 2020 — 9736.
Аб тым, што ўсё больш беларусаў застаецца ў Польшчы на ПМЖ, сведчыць і шэраг іншых фактараў. Напрыклад, летась нашы суграмадзяне ўвайшлі ў топ-3 купцоў нерухомасці ў гэтай краіне сярод замежнікаў.
З 2021 года назіраецца імклівы рост беларускага бізнэсу ў Польшчы.
Што ў Літве?
Другое месца па папулярнасці сярод беларускіх эмігрантаў займае Літва. У гэтай краіне па даных на пачатак 2023 года стала пражывае амаль 50 тысяч беларусаў. Тры гады таму іх было 17 769. Заўважым, што названыя 50 тысяч — гэта без уліку тых, хто жыве ў Літве па візе і яшчэ не мае дазволу на жыхарства. Такім чынам, толькі лічба атрымальнікаў літоўскага ВНЖ вырасла на 33 тысячы за 3 гады.
Сярод іншых фактараў, якія сведчаць аб тым, што ўсё больш беларусаў з'язджае ў Літву на пастаяннае месца жыхарства, той, што за мінулы год у 1,8 разу павялічылася колькасць нерухомасці, якой валодаюць беларусы.
З улікам гэтых лічбаў можна меркаваць, што толькі ў Польшчу і Літву цягам апошніх гадоў з Беларусі выехала болей за 150 тысяч чалавек.
Вырасла колькасць беларускіх эмігрантаў нават у Ізраілі
Дакладных звестак па іншых краінах ЕС няма, але можна меркаваць, што гэта яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, бо толькі ў адной Чэхіі па даных на пачатак года пражывае 8064 грамадзяніна Беларусі.
У Грузіі, па даных Нацыянальнай службы статыстыкі гэтай краіны, на 1 студзеня 2023 года пражываў 13 361 грамадзянін Беларусі.
Але зʼязджаюць беларусы не толькі ў Еўропу. Так, напрыклад, у Ізраіль па даных за 2021 год з'ехала амаль 1300 нашых грамадзян. Тады адзначалася, што пасля падзей 2020 года інтарэс да пераезду ў Ізраіль з боку беларусаў павялічыўся. Пасля пачатку вайны гэта колькасць зноў павялічылася. У перыяд з 24 лютага 2022 года па 23 лютага 2023 года, згодна з данымі Упраўлення рэгістрацыі насельніцтва і міграцыі пры МУС Ізраіля, у краіну прыехала 2300 рэпатрыянтаў з Беларусі.
Вынікае, што толькі ў Ізраіль за апошнія два з паловай гады з'ехала як мінімум 3600 грамадзян Беларусі.
Апроч краін Еўропы і таго ж Ізраіля, беларусы эмігруюць і за акіян, але падлічыць колькасць тых, хто з'ехаў у ЗША ці Канаду, яшчэ складаней, у тым ліку праз тое, што ў тыя ж Штаты шмат людзей трапляе нелегальным шляхам праз Мексіку.
Кірункамі для эміграцыі, хоць і не такімі шматлікімі, сталі нават Узбекістан, Кыргызстан, Казахстан і Арменія. Туды перабралася, у прыватнасці, заўважная колькасць айцішнікаў і медыкаў.
Ну і нарэшце — Расія. Натуральна, што гэтую краіну нельга назваць тым месцам, куды беларусы ўцякаюць ад рэпрэсій і вайны, але не трэба забывацца, што істотная колькасць беларусаў, прынамсі, раней, пераязджала ў РФ з эканамічных прычын. Свежых звестак, колькі грамадзян Беларусі цяпер пражывае на тэрыторыі РФ, няма.
Але варта адзначыць, што выезд на заробкі ў Расію губляе папулярнасць. І гэтыя тэндэнцыі пачалі фармавацца за некалькі год да падзей 2020 года.
Падзенне цікавасці да працы ў РФ адбылося за кошт таго, што пасля анексіі Крыма і далейшых санкцый у РФ абрынуўся курс расійскага рубля. Тады гэта падштурхнула беларусаў да пошуку іншай краіны для выезду на заробкі. Перш за ўсё працоўныя мігранты пераключаліся на Польшчу і Літву.
Што да беларускіх студэнтаў у РФ, то па даных на пачатак 2023 года ў Расіі вучыцца больш за 12,5 тысячы беларускіх грамадзян. Згодна з заявамі чыноўніцы Мінадукацыі РФ, іх колькасць апошнія пяць год застаецца стабільнай і з году ў год вагаецца ў межах 200—500 чалавек. Для параўнання: колькасць студэнтаў з Беларусі ў Польшчы за гэты перыяд павялічылася амаль у 2 разы.
Якія яшчэ фактары ўказваюць на тое, што з Беларусі з'язджае шмат людзей?
Трэць кватэр у Мінску прадаецца па даверанасці, хоць раней доля такіх здзелак складала каля 3—5%.
Пра рост колькасці здзелак з выкарыстаннем даверанасцей кажуць і прадаўцы патрыманых аўто.
Упершыню за многія дзесяцігоддзі ў 2021—2022 гадах пачала зніжацца колькасць насельніцтва ў Мінску.
Пералічаныя вышэй фактары пацвярджаюць, што эміграцыйная плынь апошніх гадоў настолькі моцная, што пакідае заўважны адбітак на розных галінах.
Нягледзячы на гэта, улады працягваюць трымаць курс на выцісканне з краіны ўсіх нязгодных з палітыкай Лукашэнкі, а з пачаткам вайны — яшчэ і Пуціна.
Колькі ўсяго людзей выехала з Беларусі, ратуючыся ад рэпрэсій, за 2020—2023 гады? У пачатку 2023 года спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы агучыў лічбу 200—500 тысяч. Мяркуючы па тых лічбах, якія сабралі мы, гэтая колькасць складае, хутчэй, 200—250 тысяч чалавек. У кожным разе, гэта самая вялікая хваля эміграцыі ў гісторыі Беларусі.
Яна большая і за хвалі эканамічнай эміграцыі ў Сібір, ЗША і Лацінскую Амерыку ў пачатку і першай палове ХХ стагоддзя і за хвалю эміграцыі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары